Навіны 26 ліпеня 2000 г.

Віталь Цыганкоў, Менск

У Беларусі з афіцыйным трохдзённым візытам знаходзіцца намесьнік старшыні КНР Ху Цзіньтао. Сёньня кітайскі госьць спаткаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, бакі знайшлі поўнае паразуменьне ва ўсіх пытаньнях.

«Я не прыгадаю выпадку, каб Кітай на міжнароднай арэне не падтрымаў Беларусь», – адзначыў пасьля сустрэчы з Ху Цзіньтао Аляксандар Лукашэнка. Намесьнік старшыні КНР у сваю чаргу назваў атмасфэру перамоваў «вельмі цёплай» і заявіў, што ўмяшаньне іншых дзяржаваў ва ўнутраныя справы Беларусі недапушчальна. Кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што ў бакоў «няма ніякіх разыходжаньняў у поглядах у пытаньнях раззбраеньня, ацэнкі гонкі ўзбраеньня, праблемы адзінага Кітаю, а таксама ўсіх іншых, што абмяркоўваліся сам-насам».

Падыходы абодвух бакоў да многіх праблемаў сапраўды вельмі падобныя, напрыклад, да тэмы правоў чалавека. Нядзіва, што Беларусь і Кітай выяўляюць тут кранальную салідарнасьць. У прыватнасьці, Беларусь неаднаразова аказывала дапамогу Кітаю на паседжаньнях Камісіі ААН у справах правоў чалавека, калі заходнія краіны ініцыявалі пытаньне пра парушэньні гэтых правоў у Кітаі. У сваю чаргу, Кітай падтрымаў Беларусь на асамблеях Міжпарлямэнцкага саюзу і паспрыяў аднаўленьню сяброўства гэтак званае «Палаты прадстаўнікоў» у гэтай арганізацыі.

За апошнія пяць гадоў гэта першы візыт кітайскае дэлегацыі такога высокага ўзроўню – Ху Цзіньтао фактычна можна назваць другім чалавекам у гіерархіі кітайскае дзяржавы. Аляксандар Лукашэнка двойчы пабываў у Пекіне зь візытамі, у 1995-м у Менск прыяжджаў прэм'ер Дзяржаўнае Рады Кітаю Лі Пэн.

Сёньня кітайскага госьця сустракалі на самым высокім і пачэсным узроўні. На пляцоўцы перад будынкам адміністрацыі прэзыдэнта расклалі дывановыя дарожкі, выставілі роту ганаровае варты й вайсковы аркэстар. Намесьнік старшыні КНР нават вітаў ганаровую варту на расейскай мове: «Здараваствуйте, товарищи".

Пасьля таго як у сярэдзіне 90-х у Беларусі быў аб'яўлены курс на захоп азіяцкіх рынкаў, беларуская замежная палітыка зьвярнула асаблівую ўвагу на самы вялікі рынак рэгіёну – кітайскі. І пэўныя посьпехі былі тут дасягнутыя. Прынамсі, аб'ём гандлю за апошнія 5 гадоў вырас больш як удвая, і паводле аб'ёму беларускага экспарту – амаль 170 мільёнаў даляраў – Кітай зараз займае 5-е месца сярод краінаў гэтак званага «далёкага замежжа».

Аднак, на думку спэцыялістаў, асноўнымі чыньнікамі ў беларуска-кітайскіх дачыненьнях зьяўляюцца ваенныя аспэкты.

Вось ужо ня першы год кітайцы закупляюць у Беларусі машынныя комплексы, якія выпускае Менскі завод колавых цягачоў. Галоўнае іхнае прызначэньне – ваенная сфэра, у прыватнасьці, сыстэма супрацьпаветранай абароны, супрацькарабельных ракетаў.

Але зараз, як лічыць аналітык Аляксандар Алесін, кітайцы маюць патрэбу ўжо у больш моцных паводле пад'ёмнасьці комплексах. Паводле адкрытых амэрыканскіх вайсковых крыніцаў, Пекін зараз плянуе істотнае нарошчваньне ядравага патэнцыялу, асабліва ў сувязі з намерамі ЗША стварыць новую сыстэму супрацьракетнай абароны. У прыватнасьці, Кітай распрацоўвае ўласную міжкантынэнтальную ракету вялікае дальнасьці, якую зьбіраецца разьмяшчаць на цягачох.

Невыпадкова, лічыць Аляксандар Алесін, Ху Цзіньтао прыляцеў у Менск пасьля сустрэчы кітайскага кіраўніцтва з Пуціным. Менавіта абмеркаваньне новых патрэбаў кітайскае ваеннае прамысловасьці відавочна, і стала галоўнай мэтаю візыту. А традыцыйным тлом застаюцца словы пра поўную згоду і падтрымку ва ўсіх пытаньнях.