Навіны 25 ліпеня 2000 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Кіраўнік менскае міліцыі Барыс Тарлецкі сьцьвярджае, што месцам зьнікненьня апэратара расейскае тэлевізіі Зьмітра Завадзкага зьяўляецца менавіта Нацыянальны аэрапорт "Менск". Сёньня Тарлецкі на прэсавай канфэрэнцыі распавядаў пра тое, як гарадзкая міліцыя вядзе пошукі зьніклых, а таксама як змагаецца з фальшываманетчыкамі й наркаманамі.

Апярэджваючы пытаньні журналістаў, кіраўнік менскае міліцыі генэрал Барыс Тарлецкі сам закрануў тэму зьнікненьня ў Беларусі вядомых асобаў. "Кожны тыдзень я падпісваю справаздачы ў Раду Бясьпекі пра тое, што намі зроблена для пошукаў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага", – сьцьвярджаў генэрал міліцыі.

Асобна ён спыніўся на зьнікненьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага:

(Тарлецкі: ) "Асноўны цяжар у пошуках Завадзкага прыйшоўся на ўправу транспартнае міліцыі ды на адмысловыя структуры Міністэрства ўнутраных справаў, але й гарадзкая міліцыя накіравала ў гэтую групу сваіх людзей. Вядзецца ўсебаковае расьсьледваньне, але пакуль больш-менш толькі вядома, што апошняе месца, дзе ён зьнік, гэта аэрапорт Менск-2…"

Сёньня шэфа менскае міліцыі ў большай ступені хвалююць іншыя праблемы – гэта пашырэньне ў Менску наркаманіі і сапраўдны выбух фальшываманетніцтва.

Пра наркаманію Тарлеці заявіў, што за два апошнія гады ў сталіцы Беларусі колькасьць наркаманаў падвоілася, іх цяпер паўтары тысячы, і гэтая тэндэнцыя захоўваецца. Генэрал міліцыі прызнаў, што ў падначаленай яму структуры не хапае сілаў і сродкаў для барацьбы з гэтай зьяваю:

(Тарлецкі: ) "Тым больш, што не ўдалося перакрыць каналы паступленьня да нас наркотыкаў з Расеі, Украіны і краінаў Сярэдняй Азіі. У хуткім часе нас чакаюць тыя ж праблемы, зь якімі цяпер сутыкнулася Масква, у якой наркаманія, асабліва сярод моладзі, стала праблемаю №1", – папярэдзіў Барыс Тарлецкі.

Яшчэ адна праблема – бум фальшываманетніцтва. Усё часьцей падрабляць сталі не амэрыканскія даляры ці маркі Нямеччыны, а беларускія рублі. Асабліва пяцімільённыя купюры старога ўзору, якія яшчэ ня выведзеныя з абароту. На працягу апошняга месяца ў сталіцы зафіксавана ўжо сорак такіх выпадкаў.

Я зьвярнуўся да кіраўніка менскае міліцыі з просьбаю пракамэнтаваць крымінальную справу супраць Юліі Чыгір, якая абвінавачваецца ў тым, што ўкусіла за вуха супрацоўніка гарадзкой міліцыі. Генэрал вельмі абураўся такімі паводзінамі жонкі экс-прэм'ера. Ён заявіў:

(Тарлецкі: ) "Я не настойваю на тым, каб яе саджалі. Хай суд вырашае, што зь ёй рабіць – саджаць ці не саджаць, вызваляць ці не вызваляць. Гэта не кампэтэнцыя міліцыі", – заявіў кіраўнік менскае міліцыі Барыс Тарлецкі адносна справы супраць Юліі Чыгір.