Закон пра выбары расейскіх дэпутатаў ніжняе палаты саюзнага парлямэнту можа стаць сродкам пераўтварэньня расейскай Дзяржаўнай Думы. Такую вэрсію ў артыкуле "Моц Крамля будзе прырастаць Беларусьсю" выказвае расейская газэта "Известия". Паводле меркаваньня аўтара артыкулу Андрэя Сьцяпанава, рэформа Дзярждумы будзе праведзеная шляхам хітрае камбінацыі – праз узгадненьне расейскага заканадаўства з нормамі беларуска-расейскага саюзу. Напярэдадні сыходу Дзяржаўнае Думы на канікулы прэзыдэнт накіраваў у Думу праект закону пра выбары расейскіх дэпутатаў ніжняе палаты саюзнага парлямэнту. У суправаджальнай нататцы адзначаецца, што законапраект мае адрозьненьні ад расейскага выбарчага закону, паколькі ёсьць "неабходнасьць фармаваньня агульных з Беларусьсю праўных падыходаў да арганізацыі і правядзеньня выбараў". Аўтар "Известий" адзначае, што шмат гэтых адрозьненьняў – гэта менавіта тыя палажэньні, якія раней навязваліся Крамлём Думе ў якасьці зьменаў у расейскія законы, але былі адхіленыя парлямэнтарамі. І, дадамо ад сябе, гэта тыя палажэньні, што замацаваныя ў беларускім выбарчым кодэксе, прынятам лукашэнкавай палатай прадстаўнікоў. Напрыклад, выбары саюзных дэпутатаў прапануецца праводзіць выключна па мажарытарнай сыстэме, скасаваць выбары ў Расеі па партыйных сьпісах – даўняя мара Крамля. Выбарчыя камісіі па выбарах ў саюзны парлямэнт будуць паводле законапраекту фармавацца камісіямі вышэйшага ўзроўню, а не мясцовымі ўладамі. Партыіі атрымаюць права накіроўваць у камісіі толькі па адным сваім прадстаўніку. На думку аўтара "Известий" Крэмль зьбіраецца спачатку правесьці праз Думу такі саюзны закон, а потым пачаць ціснуць на яе, выкарыстаўваючы супраць расейскіх дэпутатаў іх уласнае галасаваньне: маўляў у краіне ня можа быць два розных выбарчых закона, а што добра для саюзу Беларусі і Расеі, тое будзе няблага і для Расеі. Зразумела, меркаваньні, выкладзеныя ў артыкуле у "Известиях" – пакуль ня больш, чым вэрсія. Сам аўтар артыкулу прыгадвае, што яшчэ пры Ельцыне шырока абмяркоўваліся пляны выкарыстаць аб'яднаньне з Беларусьсю дзяля працяягу палітычнага доўгалецьця крамлёўскага патрыярха: у новай дзяржаве Ельцын мог па-іншаму адлічваць колькасьць канстытуцыйных тэрмінаў свайго прэзыдэнцтва. Але тады гэтыя пляны так і не былі зрэалізаваныя. У Пуціна, – піша Андрэй Сьцяпанаў, – пакуль няма праблемы з тэрмінам знаходжаньня ва ўладзе, але ёсьць праблема супраціву рэформам дзяржаўнага кіраваньня. У вэрсіі, прапанаванай "Известиями", пры ўсёй яе гіпатэтычнасьці, можна убачыць важную агульную асаблівасьць інтэграцыйных працэсаў. Да рэальнага паглынаньня Беларусі Расеяй яны не прыводзяць, але з гэтага не вынікае, што яны ня маюць аніякіх наступстваў. Наступствы гэтыя вельмі сур'ёзныя, але ў першую чаргу ўнутрыпалітычныя. Дзякуючы інтэграцыйнаму рэфэрэндуму Лукашэнка у 1995 годзе нанес паразу апазыцыі, у 1996 годзе падчас канстытуцыйнага рэфэрэндуму на дапамогу яму прыйшлі расейскія інтэгратары, амаль кожная аб'яднаўчая ініцыятыва суправаджалася ў Беларусі наступам на апазыцыю і вольны друк. У Расеі інтэграцыйныя кампаніі заўсёды спараджалі ўздым шавіністычных настрояў. Схема, выкладзеная ў "Известиях", паказвае, як пры дапамозе інтэграцыі можа быць абмежаваная і так ня надта шырокая расейская палітычная свабода. У свой час расейскія дэмакраты-інтэгратары казалі, што аб'яднаньне з Расеяй можа спрыяць дэмакратызацыі Беларусі. Але як бы не наадварот, як бы аб'яднаўчыя гульні не наблізілі дзяржаўную пабудову Расеі да "лукашэнкаўскай мадэлі". Адзінае, што сам беларускі кіраўнік для гэтага пераўтварэньня непатрэбны – у Расеі сваіх "будаўнікоў" такога кшталту хапае.