Навіны 19 ліпеня 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

Сёньня мы атрымалі пакуль непацьверджаную афіцыйнымі крыніцамі інфармацыю пра тое, што ў Варшаве зьнік Алег Батурын – беларускі міліцыянт, які набыў вядомасьць тым, што выкрыў правакацыі з боку ўладаў пад час Маршу Свабоды-1. Зьвесткі, якія ўдалося сабраць на гэты момант, падае Любоў Лунёва.

Паводле інфармацыі, якую мы атрымалі з розных неафіцыйных крыніцаў, Алег Батурын зьнік у Польшчы ў нядзелю ўвечары, калі адыйшоў у краму за прадуктамі. Ён, нібыта, папрасіў сваякоў пачакаць яго на вуліцы, але з крамы так і ня выйшаў. Занепакоеныя яны зьвярнуліся ў мясцовую паліцыю. Безвынікова паліцыя шукала яго нядзелю й панядзелак. З ананімных крыніцаў стала вядома, што ў панядзелак увечары Батурын патэлефаніў у Варшаву з Менску й паведаміў, што яго выкралі беларускія спэцслужбы – яны, нібыта, прывезьлі яго ў Менск і там яму ўдалося ад іх зьбегчы.

Паводле зьвесткаў гэтых крыніцаў, Батурын знаходзіцца ў Беларусі, але, натуральна, ягонае месца знаходжаньня невядомае. Адначасова з гэтым здарэньнем "Народная Воля" ў сваім нумары ад 20 ліпеня друкуе адкрыты ліст Батурына, які той даслаў у рэдакцыю з Варшавы яшчы тры тыдні таму. У гэтым лісьце ён называе грамадзкія арганізацыі і прозьвішчы людзей, што дапамагалі яму ў Польшчы.

Нагадаем, Алег Батурын пасьля сваіх выступаў перад журналістамі пра дзеяньні сілавікоў пад час леташняга "Маршу Свабоды", спаслаўшыся на перасьлед з боку спэцслужбаў, зьбег у Польшчу. Там ён дагэтуль і знаходзіўся ў чаканьні статусу ўцекача. Нам стала вядома з крыніцаў, якія заслугоўваюць даверу, што днямі было прынятае рашэньне выдаць Батурыну дакумэнты, якія пацьвярджаюць гэты статус. Адпаведна міжнародным нормам прыезд Батурына ў Беларусь аўтаматычна пазбаўляе яго статусу ўцекача…

Мы папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю для Радыё Свабода старшыню Аб'яднанай Грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку.

(Лябедзька: ) "Вельмі складаная сытуацыя. На сёньняшні дзень ёсьць інфармацыя, якая патрабуе праверкі. Нам вядома, што на самой справе Батурын знаходзіўся ў Польшчы, на самой справе станоўча разгледжанае яго пытаньне, і таму вэрсія, якая гучыць, што ён, нібыта, зараз знаходзіцца ў Беларусі, выклікае вельмі шмат пытаньняў. У нас няма такой інфармацыі, каб мы маглі адказаць, што на самой справе адбылося ў апошнія дні з Алегам Батурыным. Але мусім толькі спадзявацца, што ўсё будзе добра, і гэтыя таямнічыя зьнікненьні, выкраданьні калі-небудзь усё ж закончацца. Я думаю, што грамадзтва яшчэ не апрытомнела ад зьнікненьня Дзьмітрыя Завадзкага, і гэта яшчэ больш робіць незразумелай, таямнічай і страшнай сытуцацыю, якая зараз ёсьць у Беларусі".