Больш за трое сутак мінула з моманту зьнікненьня ў Менскім аэрапорце апэратара расейскае тэлекампаніі ОРТ Зьміцера Завадзкага. Як расьсьледуецца гэтае здарэньне? Салдаты ўнутраных войскаў трое сутак прачэсвалі навакольны лес у раёне Нацыянальнага аэрапорту "Менск", дзе апошні раз бачылі Зьміцера Завадзкага. Але пакуль гэта не прынесла аніякіх вынікаў. У транспартнай пракуратуры намесьнік пракурора Віктар Конан паведаміў "Радыё Свабода", што пракуратураю паводле факту зьнікненьня Зьміцера Завадзкага ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкулу 101 (наўмыснае забойства). У гэтым выпадку пракуратура пайшла на выключныя захады, бо зазвычай такія справы ўзбуджаюцца толькі праз трое (а часам і болей) сутак пасьля зьнікненьня чалавека. Сьледзтва вядзе сьледчая брыгада. Адпрацоўваюцца ўсе вэрсіі ў справе. 8 ліпеня па установах МУС, КГБ і на тэлевізіі распаўсюджаныя фотакарткі з выяваю Зьміцера Завадзкага. У той жа дзень прадстаўнік афіцыйных беларускіх уладаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ўладзімер Замяталін паведаміў інфармацыйнай агэнцыі Интерфакс, нібыта Завадзкі выкрадзены апазыцыяй. А на БТ ў нядзельным выпуску "Рэзанансу" вядучы Аляксандар Зімоўскі казаў пра тое, што зьнікненьне Завадзкага патрэбна Паўлу Шарамету для гэтак званае "раскруткі", каб нагадаць пра сябе. У сувязі з гэтым Павал Шарамет паведаміў "Радыё Свабода": (Шарамет: ) "Я ніколі не зьбіраўся і не зьбіраюся ісьці да беларускага парлямэнту. Гэта глупства і трызьненьне. Я магу толькі лічыць, што тое, што сказаў Замяталін, гэта як у сытуацыі, што на злодзеі і шапка гарыць. Яны прагаварыліся, і яны вельмі баяцца, што зараз у беларускай апазыцыі зьявяцца новыя людзі, якія будуць змагацца з гэтай уладай усё мацней і мацней. У мяне не было ніякіх праектаў у Беларусі, я лічыў, што трэба усё спыніць у Беларусі і працаваць толькі ў Расеі. Але зараз, пасьля таго, што здарылася зь Дзьмітрыем, у нас будзе адзін вялікі праект у Беларусі – гэта пошукі Дзьмітрыя Завадзкага. Што датычыць таго, што сказаў Зімоўскі аб PR-акцыі, то калі ён вельмі жадае, дык мы можам дапамагчы яму арганізаваць такую ж PR-акцыю зь ім. Калі ён так гэтага жадае, і калі ён так тонка гэта ўсё ведае. Ніякіх вэрсіяў, апрача беларускіх спэцслужбаў і Лукашэнкі, у нас няма. Ані чачэнскі сьлед, ані іншыя нейкія сьляды ня маюць пад сабой ніякіх падставаў, акрамя тых, што Завадзкі зьнік гэтаксама, як зьніклі Ганчар і Захаранка. Кіраўніцтва ОРТ вельмі занепакоенае лёсам Дзьмітрыя Завадзкага, сёньня цэлы дзень вялі перамовы з кіраўніцтвам Расеі, з кіраўніцтвам адміністрацыі прэзыдэнта. Кіраўніцтва ОРТ будзе прымаць усе захады, каб знайсьці Дзьмітрыя Завадзкага ў Беларусі". – Гаварыў Павал Шарамет. Сёньня Беларуская Асацыяцыя журналістаў зрабіла заяву з нагоды зьнікненьня Зьміцера Завадзкага. Гаворыць экспэрт Цэнтру праўнай абароны журналістаў БАЖ Юры Тапарашаў: (Тапарашаў: ) "Гэта факт зьяўляецца чарговым сьведчаньнем таго, што ў Беларусі апошнім часам становіцца небясьпечна жыць і працаваць ня толькі прадстаўнікам дэмакратычнай апазыцыі, але і нэўтральным журналістам. Нельга пагадзіцца з заявамі афіцыйных чыноўнікаў і дзяржаўных прапагандыстаў, што да зьнікненьня Дзьмітрыя Завадзкага маюць дачыненьне нейкія таямнічыя апазыцыйныя сілы. Дэмакратчныя партыі і аб'днаньні можна абвінавачваць толькі не ў крымінальных дзеяньнях. Такія абвінавачаньні абсурд. Мы патрабуем ад уладаў прыняцьця неадкладных і надзвычайных захадаў дзеля пошуку нашага калегі", – паведаміў Юры Тапарашаў. Многія яшчэ не забыліся пра падзеі трохгадовай даўніны, калі Павал Шарамет і Зьміцер Завадзкі сядзелі за кратамі сьледчага ізалятару за рэпартаж зь беларуска-летувіскай мяжы. Таму сёлетняе здарэньне са Зьміцерам Завадзкім атрымала шырокі розгалас у грамадзтве.