Навіны 07 ліпеня 2000 г.

Вольга Караткевіч

Сацыял-дэмакратка, кіраўнічка беларуска-нямецкай групы ў Бундэстагу Нямеччыны Ута Цапф адказала на пытаньні нашай карэспандэнткі ў Бухарэсьце аб разыходжаньні ў пазыцыях Злучаных Штатаў Амэрыкі і Эўропы адносна Беларусі.

(Карэспандэнт: ) "Наколькі аднолькавыя інтарэсы ў ЗША і Нямеччыны адносна Беларусі?"

(Цапф: ) "Я ня думаю, што ў нас аднолькавыя інтарэсы, але мы ўсе маем зацікаўленьне ў тым, каб у Беларусі было дэмакратычнае і стабільнае грмадзтва. Бо ў геаграфічным сэнсе на месцы Беларусі вельмі нявыгадна мець краіну, якая ізаляваная і недэмакратычная, дзе справы ідуць кепска. Таму ў гэтым сэнсе нашыя інтарэсы супадаюць, Эўропы і Амэрыкі. Я дакладна ня ведаю, што за інтарэсы Амэрыкі ў Беларусі, можа яны больш стратэгічныя, ваенныя, але нават калі так, у нас такія ж інтарэсы – каб не было ваеннай нестабільнасьці ў гэтым рэгіёне".

(Карэспандэнт: ) "Якое Вашае стаўленьне да грамадзка-палітычнага дыялёгу, ініцыянаванага Лукашэнкам?"

(Цапф: ) "Я была вельмі радая, калі пачула, што Лукашэнка падпісаў стамбульскую дэклярацыю, у якой ён абяцаў весьці дыялёг з апазыцыяй. І я зразумела, што лукашэнкаўскі шырокі грамадзкі дыялёг быў вельмі хітрым крокам, каб ухіліцца ад сапраўдных перамоваў з апазыцыяй. Гэта азначала, што на самай справе ён не зьбіраецца гаварыць з апазыцыяй і ня будзе абмяркоўваць тыя тэмы, што датычаць выбараў. Ён проста спрабуе пазьбегнуць гэтых тэмаў, зьбіраючы ў гэты грамадзка-палітычны дыялёг усіх сваіх прыхільнікаў, і пасьля гэтага ён можа заявіць, што большасьць удзельнікаў падтрымоўваюць вынікі дыялёгу. Нешта такое і атрымалася, а менавіта маленькія папраўкі ў выбарчы кодэкс, але гэтага абсалютна недастаткова. Лукашэнка мусіць пагадзіцца на сапраўдныя перамовы з апазыцыяй, даць ёй доступ да СМІ, даць ім магчымасьць свабодна весьці выбарчую кампанію і зьмяніць выбарчы кодэкс, а таксама прадаставіць парлямэнту большыя паўнамоцтвы".

(Карэспандэнт: ) "Злучаныя Штаты ўвялі супраць Беларусі эканамічныя санкцыі. Што зробіць Эўропа, калі ўлады Беларусі ня выканаюць узятыя на сябе ў Стамбуле абавязкі?"

(Цапф: ) "Эўрапейскі Зьвяз ужо наклаў на Беларусь некаторыя санкцыі. Эўропа спыніла ўсе праграмы ў эканамічнай галіне, засталося толькі некалькі праграмаў у галіне дэмакратызацыі і падтрымкі незалежных грамадзкіх арганізацыяў. Лукашэнка ведае, што гэтыя праграмы не адновяцца, калі ён ня зробіць адпаведных крокаў, і ён ведае, што яго ня будуць успрымаць як лідэра Беларусі ў сям'і эўрапейскіх краінаў, чаго ён хоча. Так што ў нас са Злучанымі Штатамі падобныя стратэгіі. Розьніца ў тым, што амэрыканцы захоўваюцца больш пагрозьліва і нягнутка, і, часам, такі падыход можа ня мець посьпеху. Мы спрабуем выкарыстаць троху мягчэйшы падыход – падыход пугі і перніка".

(Карэспандэнт: ) "Вы бачылі праект рэзалюцы сэсіі ПА АБСЭ ў справе Беларусі. Дэлегацыя беларускай апазыцыі настойвае на больш жорсткім варыянце. Ці Вы падтрымаеце інхныя папраўкі?"

(Цапф: ) "Я думаю, што мы зможам падтрымаць гэтыя папраўкі да рэзалюцыі, бо яны робяць тэкст больш ясным: якія канкрэтна ўмовы трэба выканаць, каб Беларусь ізноў інтэгравалася ў эўрапейскую супольнасьць. Ясныя, канкрэтныя словы заўсёды лепш ужываць, чым мяккія, неакрэсьленыя".

Гутарыла