Камэнтуючы пастанову амэрыканскага ўраду аб скасаваньні льготаў для імпарту з Беларусі, аглядальнікі канцэнтруюць увагу на палітычным баку праблемы. Але ёсьць і эканамічныя наступствы. Аб іх на прыкладзе вытворчага аб'яднаньня "Шкловалакно" у Полацку, чвэрць прадукцыі якога пастаўляецца ў Злучаныя Штаты, гаворыць Вінцэсь Мудроў. Полацкае вытворчае аб'яднаньне "Шкловалакно" пастаўляе за акіян да 25 адсоткаў сваёй прадукцыі. Наяўнасьць надзейнага рынку і цьвёрдай валюты дазваляе прадпрыемству калі не квітнець, дык працаваць стабільна і рэнтабельна. Вось лічбы. За 4 месяцы сёлета было прадукавана больш за 6 тысяч тонаў шкловалакна – на 13 адсоткаў болей, чым летась. Шклотканіны было выраблена больш на 28 адсоткаў, а аб'ём экспарту склаў 11 мільёнаў даляраў. Чысты прыбытак – ён склаў у першым квартале звыш 1 мільярда рублёў – дазваляе без праблемаў утрымліваць сацыяльную сфэру і рэгулярна выплочваць заробкі. Як жа адаб'ецца скасаваньне льготаў на працы вытворчага аб'яднаньня? Канкрэтных лічбаў пакуль што прывесьці немагчыма, але эканамічная сытуацыя вядома ж пагоршыцца. Кіраўніцтва прадпрыемства мерыцца і надалей пастаўляць прадукцыю ў ЗША і ня бачыць у новым рэжыме гандлю вялікай перашкоды, а вось кіраўніцтва заводзкай суполкі Вольнага прафсаюза пазбаўленае аптымізму і ўважае, што цяпер трэба чакаць новага кроку амэрыканскага ўраду – пазбаўленьня Беларусі статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі, пасьля чаго дзьверы на амэрыканскі рынак будуць зачыненыя. У выніку застанецца адно – збываць за бесцань прадукцыю ў братнюю Расею. Дарэчы, апрыёры можна сьцьвярджаць, што рашэньне амэрыканскага боку выклікала ў расейскіх вытворцаў амаль забытае пачуцьцё глыбокага задавальненьня. Гэта толькі даверлівы электарат дае веры байкам пра славянскае братэрства. Насамрэч у сфэры эканомікі ідзе жорсткая барацьба за рынкі збыту паміж беларускімі і расейскімі экспартэрамі. На аналягічным прадпрыемстве ў падмаскоўным Гусь-Хрустальным на наступны год уводзіцца новая лінія магутнасьцю 30 тысячаў тон шкловалакна, што ў два разы перавышае леташні аб'ём вытворчасьці нашага прадпрыемства, і расейсцы, рэч зразумелая, прагнуць заняць месца беларусаў на амэрыканскім рынку. Дадамо, што з мэтай атрыманьня больш якаснай прадукцыі ідзе рэканструкцыя таксама на заводах у Ступіне, Ноўгарадзе і Цьверы. Даводзіцца змагацца за рынкі збыту і з іншымі прадпрыемствамі блізкага замежжа. У свой час палачане выціснулі з эўрапейскага рынку калегаў з латыскага гораду Валміера. Цяпер латышы рыхтуюцца ўзяць рэванш, укараняючы тэхналёгію вытворчасьці звыштонкай электраізаляцыйнай шклотканіны. У такой сытуацыі палітыка беларускіх уладаў, у выніку якой перад нашымі вытворцамі ня сёньня-заўтра зачыняцца дзьверы на заходнія рынкі, выглядае недарэчнай.