(эфір 4 ліпеня)
З 1 ліпеня сёлета Эўрапейскі Зьвяз мае новага старшыню – Францыя замяняе на гэтай пасадзе Партугалію, і французскі ўрад будзе на працягу паўгодзьдзя ўзначальваць Зьвяз. Чаго можна чакаць ад французкага кіраўніцтва? Якія зьмены магчымыя ў палітыцы Эўрапейскага Зьвязу? Гэтыя ls іншыя праблемы асьвятляюцца ў камэнтары Financial Times. "Францыя распачала свой шасьцімесячны п'рыяд кіраваньня Эўрапейскім Зьвязам, – піша ў сваім рэдакцыйным камэнтары газэта Financial Times – як бы развёрнутая ў двух кірунках". Прэзыдэнт Жак Шырак, які прадстаўляе правацэнтрысцкі блёк, разглядае новую французкую ролю ў якасьці важнага этапу на шляху да стварэньня новай Эўропы, стварэньня больш цеснага зьвязу нацыянальных дзяржаваў з адзінай Канстытуцыяй. Шырак гаворыць пра групу "краінаў-піянэраў", якія б маглі ўзяць на сябе заданьне выкананьня падобнага супольнага праекту. З гэтай прапановай Жак Шырак выступіў у Бэрліне ў Бундэстагу пад час свайго нядаўняга афіцыйнага візыту ў Нямеччыну. Ягоная заява выклікала вострую рэакцыю з боку французскага ўраду. Прэм'ер-міністар Ліонел Жоспэн нават заявіў, што Жак Шырак выказаў свой асабісты погляд, які не зьяўляецца афіцыйным пунктам гледжаньня французскага ўраду. Урад прэм'ер-міністра Ліонела Жоспэна, які прадстаўляе левыя сілы, ставіць перад сабой куды больш "зямныя" мэты. Міністар замежных справаў Губэр Вэндрын лічыць, што Эўрапейскі Зьвяз павінен сканцэнтравацца на правядзеньні ўнутраных рэформаў, каб быць у стане пачаць працэс свайго пашырэньня ад сеньняшніх 15 краінаў-сяброў да 25 – 30 ў будучым. Уплывовая французская газэта "Лё Монд" называе падобную пазыцыю французскага ўраду "эўра-мінімалізмам". У камэнтары газэты гаворыцца, што левы ўрад выразна імкнецца да таго, каб "не перагружаць карабель ЭЗ новымі ідэямі". П'ер Московіці, міністар французскага ўраду, адказны за эўрапейскія справы, таксама далучыў свой голас да крытыкі інінцыятывы прэзыдэнта Жака Шырака. Выступаючы па радыё, ён заявіў, што прэзыдэнт толькі робіць прамовы, а ўся цяжкая праца ляжа на плечы ўраду. "Кіраўніцтва Эўрапейскім Зьвязам – гэта вялікае поле дзейнасьці, - падкрэсліў ён, - Францыі прыдзецца вырашаць самую вялікую колькасць праблемаў за апошнія некалькі дзесяткаў год. Найбольш складаная зь іх –грунтоўнае рэфармаваньне інстытутаў Зьвязу." Прыгадаем, што прапановы Шырака ў галіне больш цеснай інтэграцыі Эўрапейскага Зьвязу былі як бы адказам на ініцыятывы нямецкага міністра замежных справаў Ёшкі Фішара, які не аднойчы выказваўся за фэдэралізацыю Эўрапейскага Зьвязу. Парыжская газэта "Лё Фігаро" назвала адказ Шырака на прапановы Фішара "спробай ажывіць вось Парыж – Бэрлін". У камэнтары газэты сьцьвярджаецца, што на працягу ўсяго пасьлеваеннага пэрыяду франка-нямецкае супрацоўніцтва заўсёды было заснаванае на новых ідэях. Лідар французскіх зялёных Даніэль Кон-Бэндыт у сувязі з гэтым каментуе на старонках "Лё Монд" канфлікт паміж Жыракам і Жоспэнам наступным чынам: "Ёшка Фішэр зрабіў гістарычную прапанову, а наш міністар замежных справаў Губэр Вендрын адказаў на яе, як дробны гандляр. Шырак адказаў на яе гістарычнай прамовай". За дыскусіяй паміж французскім прэзыдэнтам і прэм'ерам пільна сочаць тыя краіны, якія рыхтуюцца да ўступленьня ў ЭЗ. У польскім горадзе Кракаве прайшла нарада прадстаўнікоў Польшчы, Вугоршчыны, Чэхіі, Славеніі, Эстоніі, Кіпру, якія знаходзяцца ў першай групе кандыдатаў, і Славаччыны, якая, хаця і знаходзіцца ў другой групе, але разілічвае на прывілеяваныя адносіны да сябе. У нарадзе ўдзельнічалі міністры, адказныя за інтэграцыю з ЭЗ. У іх супольнай заяве гаворыцца, што старшынство Францыі павінна сымбалізаваць сабой пачатак новага этапу ў працэсе пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу. У заяве таксама падкрэсьліваецца, што да канца 2000 году краіны-кандыдаты спадзяюцца атрымаць канкрэтны плян пашырэньня.