Навіны 05 ліпеня 2000 г.

Ігар Карней, Менск

Пакуль Андрэй Клімаў сядзіць у турме, у элітным доме па вуліцы Лодачнай, што пабудаваны ягонай фірмай, спраўляюць уваходзіны. На наступным тыдні сюды плянуе перасяліцца новы трэнер зборнай Беларусі па футболе Эдуард Малафееў. Наш карэспандэнт сустрэўся з Малафеевым.

Угаворваць Малафеева ўзначаліць нацыянальную футбольную каманду езьдзілі некалькі, так бы мовіць, агітацыйных брыгадаў. Пасьля няўдалых матчаў з Андорай і Эстоніяй у Пскоў накіравалася дэлегацыя спартовых функцыянэраў на чале з міністрам спорту Варсіным. Потым спрабаваў паспытаць шчасьця прэзыдэнт федэрацыі футболу Фёдараў. Але адказам увесь час было нешта неканкрэтнае. І тады ў Пскоў выправілі групу хадакоў пад кіраўніцтвам намесьніка старшыні так званай Палаты Прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва. Канаплёў пачаў з галоўнага – абяцаньняў выгодных сацыяльна-бытавых умоваў. Стаўка была зробленая на тое, што за 30 гадоў, праведзеных Малафеевым у Менску, знакаміты трэнер увесь час абыходзіўся службовымі кватэрамі. Навучаны сумным досьведам, Малафееў і сам пачаў з жыльлёвай праблемы.

(Малфееў: ) "Гэта ж мой родны горад. Я б, напрыклад, хацеў бы тут мець кватэру і тут пасяліцца. І цяпер, пакуль працую, каб я меў магчымасьць прыехаць, і каб гэта быў мой дом".

Гаварыў Эдуард Малафееў.

Ужо дакладна вядома, што кватэра на Лодачнай будзе падараваная сям'і Малафеевых, як так званая "пад'ёмная" дапамога для ўладкаваньня на новым месцы. Літаральна напярэдадні да трэнера ў Пскоў завіталі госьці з Узбэкістану, якія прапаноўвалі ўзначаліць трэнерскі штаб у іхнай нацыянальнай зборнай. Беларускія функцыянэры дапусьціць перахопу не маглі. З неафіцыйных крыніцаў стала вядома, што двухгадовы кантракт Малафеева з міністэрствам спорту, які будзе падпісаны пасьля паседжаньня выканкаму фэдэрацыі футболу 28 ліпеня, складзе 50 тысячаў даляраў. Кожны месяц за сваю працу Малафееў будзе атрымліваць дзьве тысячы даляраў. Але, паводле ягоных словаў, назіральнікаў павінны хваляваць ня лічбы, а новы твар новай зборнай. Першае, з чаго ён плянуе пачаць, дык гэта з усталяваньня адпаведнага мікраклімату. Гаворыць Эдуард Малафееў.

(Малафееў: ) "Хай ты хоць самы вялікі, але ж гэта твая Радзіма, ты ж граеш за Радзіму. Гэта не вялікія словы. Чаму мы так спрасьцілі, чаму нашую рэспубліку… Калі гімн грае, калі нейкія рытуалы, мы абавязкова павінныя рука да рукі – гэта ізноў маральны бок, духоўны бок. Яго падымаць трэба. З-за таго, што гэтага няма, і людзю стаюцца больш чэрствымі і да рэспублікі ставяцца кепска".

Гэта было меркаваньне Эдуарда Малафеева.

Нягледзячы на тое, што кандыдатура Малафеева на пасаду галоўнага трэнера толькі заўтра будзе афіцыйна названая на бюро выканкаму федэрацыі футболу, на прэсавай канфэрэнцыі ён быў прадстаўлены менавіта як новы кіраўнік беларускай каманды. І першае, з чаго Малафееў пачаў, дык гэта са словаў: "Я ўсім усё дарую". Вядома, што адной з галоўных прычынаў, з-за якой Малафееў адмаўляўся вяртацца на Беларусь, была старая крыўда на шэраг спартовых функцыянэраў ды журналістаў, якія занадта рэзка абвінавачвалі Малафеева ў футбольных няўдачах.