(эфір 2 ліпеня)
У Менску праходзіў IV Кангрэс дэмакратычных сілаў Беларусі. Галоўным вынікам паседжаньняў прадстаўнічага сходу стала заява пра няўдзел дэмакратычных сілаў у парлямэнцкіх выбарах на цяперашніх умовах. На Кангрэсе працавалі нашыя карэспандэнты, якія паведамляюць падрабязнасьці. На Кангрэсе прысутнічала 850 дэлегатаў, якія прадстаўлялі 7 дэмакратычных партыяў, незалежныя прафсаюзы і грамадзкія арганізацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Важнейшым пытаньнем да абмеркаваньня стала праблема ўдзелу або няўдзелу ў восеньскіх выбарах. Удзельнікі Кангрэсу дэмакратычных сілаў заявілі ў выніковай рэзалюцыі, што "ў сёньняшняе сытуацыі любыя выбары пераўтвараюцца ў фарс, удзел у якім для дэмакратычных сілаў немагчымы". Палітычная партыі пойдуць на выбары толькі пры выкананьні ўладамі наступных умоваў:
- наданьне парлямэнту рэальных паўнамоцтваў,
- дапасаваньне заканадаўства да эўрапейскіх стандартаў,
- доступ апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў,
- спыненьне палітычных рэпрэсіяў і
- забесьпячэньне свабоды мірных сходаў і свабоды слова. Мала хто спадзяецца, што ўлады выканаюць згаданыя ўмовы. Да прыкладу, кіраўнік Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікалай Статкевіч упэўнены: чакаць саступак з боку афіцыйных уладаў марна… (Статкевіч: ) "Улада дэманструе нежаданьне йсьці на кампраміс. Шмат хто спрабуе шукаць тут лёгіку… Лёгіка ёсьць – відавочна, што рэжым хоча легітымізацыі парлямэнту й сябе, ды яшчэ больш ён хоча перамагчы на наступных прэзыдэнцкіх выбарах, нават на нелегітымных выбарах. Таму Лукашэнка баіцца дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства, бо ён введае, што тады яму прыйдзецца паводле гэтага дэмакратычнага заканадаўства ісьці на прэзыдэнцкія выбары". У іншай рэзалюцыі Кангрэсу дэмакратычных сілаў пра палітычную сытуацыю падкрэсьліваецца, што "дзейнасьць Лукашэнкі зьяўляецца сур'ёзнай пагрозаю беларускай дзяржаўнасьці. Такая сьвятая для кожнага народу каштоўнасьць, як дзяржаўны сувэрэнітэт, стала разьменнай манетаю ў ягонай бруднай гульні". Далей у дакумэнце гаворыцца, што адзінства дзеяньняў усіх дэмакратычных сілаў – "вялікі грамадзкі набытак, найважнейшая ўмова перамогі над дыктатураю". Асноўны лейтматыў дакладаў лідэраў буйнейшых палітычных партыяў, якія папярэднічалі галасаваньню, – на выбары ісьці нельга. Але ў той жа час нельга і ігнараваць гэтую кампанію. Старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька заклікаў выкарыстаць восеньскія выбары як моцны палітычны сцэнар, пашырыць сытуацыю зь інфармацыйным забесьпячэньнем і адбудаваць гэтак званую "дэмакратычную вэртыкаль": (Лябедзька: ) "Мы павінны прывесьці доказы немажлівасьці прыезду міжнародных назіральнікаў у Беларусь. Нам прапануецца – дэмакратычнай апазыцыі і міжнароднай супольнасьці – толькі падпісаць акт капітуляцыі. "Псэўдавыбары" ня могуць прызнавацца ані дэмакратычнымі, ані справядлівымі, ані легітымнымі. Хто зацікаўлены ў тым, каб дэмакратычная апазыцыя ўзяла ўдзел у выбарах паводле фармату Лукашэнкі? Натуральна, сам Аляксандар Лукашэнка. Матывацыя ягонага інтарэсу зразумелая – яму патрэбная легітымізацыя. Гэта будзе азначаць фактычнае завяршэньне разьвязанай ім жа ўвосень 96-га году вайны. Лукашэнка разглядае гэтыя псэўдавыбары, як складовую частку сваёй прэзыдэнцкай кампаніі. Увосень яму патрэбная дэманстратыўная, пераканаўчая вікторыя. Ён хоча прадэманстраваць электарату, сваёй "вэртыкалі", міжнароднаму супольніцтву, што ён моцны, што ён кантралюе сытуацыю ў Беларусі". Старшыня Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка, як і ішныя выступоўцы, перакананы, што выбары ў лукашэнкавую "Палату прадстаўнікоў" – зьяўляюцца пакрозаю для сувэрэнітэту Беларусі. У сваім выступе ён прааналізаваў праблему ў міжнародным кантэксьце: (Вячорка: ) "Беларускае пытаньне сёньня знаходзіцца на міжнародным парадку дня так, як яно, магчыма, не знаходзілася з часу Ялцінскае канфэрэнцыі. Які сцэнар зараз падрыхтавалі пуцінскія штабы? Адбываюцца выбары з частковым удзелам у іх "гэтак званых дэмакратаў". Гэтых "гэтак званых дэмакратаў" трапляе ў "Палату прадстаўнікоў" 5,5 чалавек… У выніку іхнага ўдзелу міжнародная супольнасьць кажа: "мы дасылаем назіральнікаў і прызнаем вынікі гэтых выбараў"… Што адбываецца далей? Як толькі зьяўляецца міжнародна прызнаны парлямэнт, першае, што будзе яму падсунутае – будзе саюзная дамова, якая ўжо ёсьць, і ўсе наступныя, якія плянуюцца, і праекты якіх яшчэ толькі пішуцца ў крамлёўскай нетры. Цяпер у нас сытуацыя выбару. Мы выходзім на восеньскі палітычны сцэнар моцныя. Толькі ўзгодненая, скаардынаваная, магчыма – замацаваная подпісамі палітычных суб'ектаў – пазыцыя няўдзелу ў фарсе рэальна паўплывае і на пазыцыю міжнароднае супольнасьці, якая павінна вызначыцца – слаць ці ня слаць назіральнікаў. Непрызнаньне сусьветнай супольнасьцю лукашэнкавага фарсу, непрысыланьне назіральнікаў на восеньскія выбары аўтаматычна цяген такое самае стаўленьне міжнароднае супольнасьці да магчымых прэзыдэнцкіх выбараў. Калі паўстане міжнародная ізаляцыя будучых прэзыдэнцкіх выбараў – гэта ня можа не прывесьці да нутранога разлому й развалу самой кіроўнай "вэртыкалі". Пасьля вызначэньня агульнае пазыцыі адносна маючых адбыцца выбараў, паўстаюць некалькі пытаньняў. Якім чынам апазыцыя будзе ўплываць на ўнутрыпалітычную сытуацыю? І ці зьменіцца тактыка ў дачыненьнях міжнароднай супольнасьці, перадусім эўрапейскіх арганізацыяў, з афіцыйным Менскам. Гэтыя пытаньні мы задалі палітолягу Ўладзімеру Мацкевічу: (Мацкевіч: ) "Ня ўсе рашэньні прыводзяць да нейкіх зьменаў. У гэтым сэнсе абсалютна слушная прапанова з тымі чатырма ўмовамі наконт выбараў – мне здаецца, не прывядзе да нейкіх зьменаў у палітычным становішчы. Таму што яна цалкам адпавядае стаўленьню да беларускіх выбараў, да беларускай сытуацыі з боку ЭўраЗьвязу, АБСЭ… І таму фармальна палітычныя партыі паводзяць сябе абсалютна слушна. Але выбары ўсё ж такі будуць адбывацца. Таму палітычныя партыі абавязаны няўдзельнічаць у выбарах". (Карэспандэнт: ) "Апазыцыйныя палітычныя партыі не бяруць удзел у выбарах, але яны адбываюцца… Міжнародная супольнасьць не прызнае вынікаў гэтых выбараў… Якім чынам беларускія палітычныя партыі будуць уплываць на палітычную сытуацыю ў Беларусі?" (Мацкевіч: ) "Сытуацыя коціцца да "круглага стала" рэжыма з агульным супрацівам яму". (Карэспандэнт: ) "Ці можна зрабіць прагноз наконт дзеяньняў міжнародных структураў і ўсясьветнай супольнасьці ўжо пасьля выбараў?" (Мацкевіч: ) "Ёсьць рэзалюцыя Кангрэсу ЗША, якая можа быць прыкладам да таго стаўленьня, якім павінна вызначацца Эўропа. Эўропа глядзіць на беларускае становішча, як на часовае – калі часова страцілі легітымнасьць прэзыдэнт, "палата прадстаўнікоў" – няма юрыдычна легітымных уладаў. Пасьля таго, як адбудуцца гэтыя выбары, Эўропа будзе павінна лічыцца з гэтым ня як з часовым становішчам, а як з фактычным – і тады вымушаная будзе вызначацца. Я думаю, што вызначацца яна будзе паводле прыкладу Кангрэсу ЗША, а можа нават і яшчэ больш жорсткую пазыцыю зойме". Такім чынам, можна прызнаць, што рэзалюцыя Кангрэсу ў справе выбараў стала досыць памяркоўнаю. Хаця шмат хто з удзельнікаў Кангрэсу настойвалі на больш жорсткім варыянце. Аднак, паколькі рашэньне Кангрэсу – гэта вынік кампрамісу розных партыяў, быў ухвалены агульна прымальны варыянт. Адзінае, што была падтрыманая папраўка БСДГ з заклікам да дэмакратычных партыяў не вылучаць кандыдадаў у дэпутаты й сябры выбарчых камісіяў і забараніць вылучэньне ўсім партыйным сябрам у выпадку ігнараваньня ўладамі рэзалюцыі Кангрэсу дэмакратычных сілаў. На Кангрэсе з вуснаў лідэраў БНФ прагучала прапанова падпісаць міжпартыйны мэмарандум пра няўдзел у выбарах на існуючых умовах, аднак лідэры "Народнае Грамады" і Аб'яднанае Грамадзянскае партыі зазначылі, што яны не гатовыя да гэтага. Гэтае пытаньне будзе разглядаць пазьней новы склад Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў.