У выніковым дакумэнце Варшаўскага форуму за дэмакратыю, які толькі што завяршыўся, утрымліваецца заклік – да 2025 году на плянэце не павінна застацца дыктатарскіх рэжымаў. Беларускія ўдзельнікі гэтага форуму зазначаюць, што дамагчыся дэмакратыі ў сваёй краіне трэба значна раней, літаральна – у бліжэйшыя гады. Беларускія ўдзельнікі Варшаўскага форуму за дэмакратыю – Зьміцер Бандарэнка, Вінцук Вячорка, Людміла Гразнова, Анатоль Лябедзька й Ніна Стужынская – пасьля вяртаньня ў Менск выказалі задавальненьне й захапленьне гэтай надзвычай прадстаўнічай міжнароднай канфэрэнцыяй. Гаворыць старшыня Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька: "Для нас, натуральна, гэта крок наперад. Таму што само запрашэньне на такі форум – гэта пэўная ацэнка і тых людзей, якія прыяжджаюць, па другое – гэта мажлівасьць усталяваць двухбаковыя кантакты ня толькі ў межах Эўропы, але й значна шырэй. І, па трэцяе, мы выкарысталі гэтую міжнародную трыбуну, каб данесьці інфармацыю пра сытуацыю ў Беларусі". Гэта быў Анатоль Лябедзька. У рамках Варшаўскага форуму беларускія апазыцыянэры сустракаліся зь дзяржсакратаром ЗША Мэдлін Олбрайт і вядомым фінансыстам Джорджам Сорасам. Анатоль Лябедзька і ягоныя калегі лічаць, што гэта была палітычная падзея – дзяржсакратар ЗША ня будзе сустракацца з прадстаўнікамі слабой і разьяднанай апазыцыі. Зьміцер Бандарэнка падкрэсьліў, што такія форумы дазваляюць паглядзець на Беларусь звонку, і зразумець, што нашая краіна няшмат адрозьніваеца ад лацінаамэрыканскіх дыктатураў, азіяцкіх ды афрыканскіх рэжымаў. Джорж Сорас назваў падобныя краіны "пераапранутымі дыктатурамі", якія нібыта маюць суды й парлямэнты, але дзе дэмакратыяй "і ня пахне". Гаворыць удзельніца канфэрэнцыі, намесьнік старшыні Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Ніна Стужынская: "Усе прыехалі са сваімі праблемамі, з прапановамі… І Беларусь – таксама праблемная краіна, і такой яна лічыцца ў міжнародным асяродку. І мы вельмі радыя былі прачуць гэтае паразуменьне нашых праблемаў. Я хачу сказаць, што людзі шчыра дзяліліся праблемамі й шукалі выйсьця. І мы можам пасьля гэтае сустрэчы – дэмакратычная, аб'яднаная апазыцыя – разьлічваць на дапамогу ўдзельнікаў форуму". Гэта была адная зь лідэрак "Народнае Грамады" Ніна Стужынская, якая лічыць, што нашая апазыцыя выкарыстае рэзалюцыі, станоўчы замежны досьвед змаганьня за дэмакратыю і тыя кантакты, які былі здабытыя ў Варшаве. Наўпростых згадак пра Беларусь у выніковым дакумэнце Варшаўскага форуму няма, аднак многія выступоўцы менавіта наш досьвед мелі на ўвазе, калі адстойвалі тыя ці іншыя палажэньні. Гаворыць Анатоль Лябедзька: "Там былі вельмі вялікія дэбаты, таму што кожная краіна бачыла свае "балячкі", прапанавала, каб была запісаная менавіта іхная. Чачэнцы хацелі, каб была Чачня, Пэруанцы – Пэру, прадстаўнікі Цэнтральна-Афрыканскае Рэспублікі – назву сваёй краіны. Але ўсё ж такі агульны такі падыход – ён быў больш слушны. Бо калі адыйсьці ад назваў краінаў, дык ва ўсіх тых, што я зараз назваў, маецца тое, што паўтараецца і мае агульны падмурак. А што да міністраў замежных справаў… – Там былі некаторыя прынцыповыя палажэньні, якія былі ўнесеныя наконт свабоды правядзеньня мітынгаў, шэсьцяў і сродкаў масавай інфармацыі. І гэтую прапанову зрабіў сэнатар Чэхіі, які прыяжджаў да нас, і, менавіта спасылаючыся на прыклад Беларусі, казаў наколькі гэта важна, наколькі гэта актуальна, каб было ўнесена ў агульны дакумэнт". Гэта быў Анатоль Лябедзька, які лічыць, што форум у Варшаве пазытыўна паўплывае і на правядзеньне чацьвертага Кангрэсу дэмакратычных сілаў Беларусі 2 ліпеня – ён паспрыяе далейшай кансалідацыі беларускіх дэмакратаў.