Навіны 16 чэрвеня 2000 г.

Вінцэсь Мудроў, Полацак

Прыкладна месяц таму ў прыдзьвінскай вёсцы Лучна, што ў Полацкім раёне, зьвявілася адмысловая геалягічная тэхніка. Па Дзьвіне пайшлі вадамерныя катары. На пытаньне вяскоўцаў, што тут зьбіраюцца рабіць, барадатыя дзядзькі ў штармоўках адказалі: будзем будаваць ГЭС

Устрывожаныя жыхары сталі званіць у абласны ды раённы выканкамы, пачалі пісаць калектыўныя лісты, аднак уцямных адказаў на свае пытаньні так і не атрымалі...

Трывогу жыхароў вёскі Лучна можна зразумець: будаўніцтва ГЭС сур'ёзна ўскладніць іхнае жыцьцё. Апроч таго, у пэрспэктыве будуць залітыя паплавы, а тое й сама вёска.

У дадзеным выпадку, каб пазьбегнуць плётак і панікі, патрэбная аб'ектыўная і дакладная інфармацыя. Яе, як паказала практыка, цяжка знайсьці нават журналістам з дзяржаўных СМІ.

І ўсё ж, удалося высьветліць наступнае: на адрэзку ад Віцебску да Полацку бліжэйшым часам мусяць паўстаць 4 гідраэлекрастанцыі. І лучнеўская, якая будзе разьмешчаная ў 14-ці кілямэтрай ад Полацку, ня першая.

Цяпер вядуцца праектовыя і вышуковыя працы, на якія выдаткавана 100 000 даляраў. Выконвае праект менскі інстытут Белэнэргасеткапраект. А замоўца – канцэрн "Белэнэрга".

Ужо атрыманыя тэхумовы ад усіх зацікаўленых інстытуцыяў, у тым ліку дзяржаўных прыродаахоўных арганізацыяў ды рыбнагляду. Паводле іх, узровень вады ў вадасховішчы не павінен перавышаць максымальнага – як пры веснавой паводцы.

Заўважым, што ў сытуацыі, калі ў дзяржавы бракуе сродкаў на набыцьцё нафты і газу, дзяржава мусіць шукаць альтэрнатыўныя энэргетычныя крыніцы. І разьвіцьцё гідраэнэргетыкі цалкам апраўдана.

Але пабудова ГЭС зьвязаная з экалягічнымі праблемамі. Не сакрэт, што вадасховішча на раўнінных рэках уяўляе сабой штучнае возера зь цьвілай вадой. І пад час пабудовы станцыяў быў бы нялішнім кантроль з боку незалежных экспэртаў.

Улады, відаць, добра памятаюць 1987 год, калі дзякуючы намаганьням магутнага экалягічнага руху было спыненае будаўніцтва даўгаўпілскай ГЭС. Таму падрыхтоўчыя працы для будаўніцтва лучнеўскай ГЭС вядуцца цішком.