Навіны 02 чэрвеня 2000 г.

Юрась Барысевіч, Менск

(эфір 3 чэрвеня)
Навіны культуры мінулага тыдню.

Гран-пры міжнароднага фэстывалю рэклямы "Залаты воўк", які ўжо ў чацьверты раз прайшоў у Менску, атрымаў турыстычны буклет, прысьвечаны Санкт-Пецярбургу – радзіме цяперашняга прэзыдэнта Расеі. Фэстываль засьведчыў глыбокі заняпад беларускае рэклямы, што цалкам зразумела: якая эканоміка – такая і рэкляма. Беларускім дызайнэрам папросту няма чаго рэклямаваць. Бадай, адзінае, што ў нас сёньня робіцца ў галіне рэклямы на ўсясьветным узроўні – гэта гадавыя справаздачы акцыянэрных банкаў.

Асацыяцыя Сучаснага Мастацтва, якая летась ладзіла міжнародны фэстываль пэрформансаў "Navinki'99", рыхтуе новы маштабны праект. У пачатку кастрычніка ў Менску пройдзе фэстываль відэа-арта пад назваю "Аксамітная дрыгва". Відэа-арт – цалкам новы для Беларусі жанр мастацтва: гэта відэастужкі, зьнятыя авангардыстамі. Апроч беларускіх, у фэстывалі "Аксамітная дрыгва" возьмуць удзел мастакі з Латвіі, Польшчы й Швэцыі.

Больш як 90 твораў беларускіх драматургаў бралі ўдзел у конкурсе новых п'есаў пад дэвізам "Дыялёгі вякоў", які наладзілі Саюз тэатральных дзеячаў і Міністэрства культуры. Лепшымі п'есамі для драматычных тэатраў журы прызнала творы Яўгена Таганава "Адэль" і Алены Паповай "Сьняданак на траве". У намінацыі "П'есы для дзятвы і юнацтва" перамагла драма Аляксея Дударава "КІМ". Георгі Марчук напісаў лепшую п'есу для лялечных тэатраў "Начны госьць". Сярод ляўрэатаў конкурсу таксама – Пётра Васючэнка, Ігар Сідарук, Сяргей Кавалёў ды іншыя вядомыя літаратары.

У канцэртнай залі "Менск" прайшоў канцэрт-сюрпрыз гурта "N.R.M.". Канцэрт быў зладжаны ў выглядзе жывога эфіру Радыё "Гамон" – "дзяржаўнага СМІ Незалежнае Рэспублікі Мроі". Музыкі выканалі каля 20 сваіх і чужых гітоў – у тым ліку гімны "Магутны Божа" і "Мы выйдзем шчыльнымі радамі". Паводле нашае інфармацыі, зьвесткі пра блізкі развал "N.R.M." не адпавядаюць сапраўднасьці.

Ваярска-гістарычны клюб "Жалезны воўк" і Творчая майстэрня "Credo" з Наваполацку паказалі ў менскім пэдунівэрсытэце эпічны спэктакаль "Гедымін" – маляўнічае трохгадзіннае відовішча з рыцарскімі баямі (да дзесяці ваяроў адначасна), стылізаванай пад старадаўнюю музыкаю, дынамічным дзеяньнем і някепскай гульнёю актораў. Першыя два спэктаклі з посьпехам прайшлі ў Полацкім унівэрсытэце й Віцебскім драматычным тэатры імя Я.Коласа. Вядомы тэлерэжысэр Віктар Шавялевіч шукае сродкі для здымкаў мастацкае стужкі паводле "Гедыміна".

Буйнейшы ў Беларусі недзяржаўны банк "Приорбанк" заснаваў прэмію для студэнтаў факультэту журналістыкі БДУ, якія найцікавей асьвятляюць у друку фінансавыя праблемы краіны. Пераможцаў конкурсу чакаюць 500 даляраў ЗША й падарожжа ў адную з эўрапэйскіх краінаў. Прысуджацца прэмія будзе штогод 20 студзеня, у гадавіну заснаваньня банка.

У Нацыянальным мастацкім музэі адчынілася выстава графікі выбітнага гішпанскага сюррэаліста Жоана Міро. Паралельна ёй у Доме дружбы праходзіць выстава шасьцёх беларускіх мастакоў пад назовам "Гішпанская партыя", прысьвечаная творчасьці вялікіх гішпанскіх майстроў. На адкрыцьці выставы з палатна Алеся Пушкіна, зробленага ў стылі Жоана Міро, да гледачоў выскачыла аголеная дзяўчына – мэтафара жарснае Гішпаніі.