Навіны 02 чэрвеня 2000 г.

Сяргей Астраўцоў, Горадня

У працягу апошніх сутак склалася напружаная сытуацыя на аўтапераходзе Брузгі, што на беларуска-польскай мяжы. З 1 чэрвеня тут пачалі спаганяць новы мясцовы збор, фактычна, за знаходжаньне машынаў у чарзе на мытню. Кіроўцы сустрэлі новы збор страйкам. Пракурор Гарадзенскага раёну Барыс Таранка з нагоды напружанае сытуацыі прыпыніў дзеяньне гэтага рашэньня раённага савету. На пераходзе Брузгі пабываў наш карэспандэнт Сяргей Астраўцоў.

Больш за паўтысячы чалавек заблякавалі праезд у Польшчу. Каля 9 гадзін ні адна машына не праехала за мяжу. Рух аднавіўся толькі каля сямі гадзінаў вечара. Аднак у 21 гадзіну, калі карэспандэнт Свабоды знаходзіўся ў Брузгах, руху машын у бок Польшчы зноўку не было заўважна.

"Вінавата польская мытня," – патлумачыў капітан, які быў сярод некалькіх дзесяткаў міліцыянтаў старэйшым. На ўезьдзе ў нэўтральную зону яшчэ адчувалася напружаньне. Стаялі дзьве машыны з АМОНам, некалькі машынаў ДАІ. Пасьля нашай размовы міліцыя пажвавела, пачала прапускаць машыны.

Шафёраў абурыла, што раптам дзяржаўнае прадпрыемства "Мяжа" пачало спаганяць па 2600 рублёў з кожнага беларускага легкавіка. Для замежнікаў кошт большы – 10 даляраў, а для аўтобусаў – 50. У Брузгі утаймоўваць страйк прыехала міліцэйскае начальства, а таксама намесьнік старшыні райвыканкаму Станіслаў Жывалеўскі і раённы пракурор Барыс Таранка, які тэрмінова прыпыніў рашэньне аб мясцовым зборы. Паводле вэрсіі міліцыі, людзі тады разыйшліся па машынах. Аднак ад тых, хто чакаў выезду ў Польшчу, я пачуў іншае.

Адзін малады мужчына з крыкам: "Давіць трэба гэтае быдла!" – заскочыў у аўтобус і паехаў проста на людзей, якія не разыходзіліся. Камусьці нібыта наехаў на нагу, кагосьці выцягнулі з-пад колаў. Людзі пачалі біць яму шыбы. Міліцыянты, па словах шафёраў, даволе мірна забралі яго з сабой. І вось тады напалоханая публіка пачала сапраўды разыходзіцца.

А 10-й вечара АМОН заставаўся на месцы. На прадпрыемстве "Мяжа" вісеў замок. Чарга зь легкавых машынаў расьцягнулася на 2 км. Чакаць давядзецца да двух сутак, гаварылі мне шафёры.

Сёньня ў мяне адбылася размова са старшынём Гарадзенскага райсавету Аляксандрам Саўцовым. Рашэньне райсавету было запатрабавана, аказваецца, у генэральную пракуратуру, і ў абласную. Але яно не супярэчыць закону аб бюджэце 2000 году, сказаў старшыня райсавету. "Там прадугледжаныя і зборы за паркоўку ў спэцыяльна адведзеных месцах. Іншая справа, што машыны ў Брузгах стаяць проста на дарозе. Аднак гэтая дарога тупіковая. Беларусь там сканчаецца, і таму месца цалкам можна лічыць стаянкай, – патлумачыў ён. Такім чынам, пакуль што збор за паркоўку спаганяцца ня будзе, ва ўсякім разе, дзесяць дзён.