Навіны 26 траўня 2000 г.

Уладзімер Глод, Менск

Беларуская Сацыял-Дэмакратычная партыя, якой кіруе Станіслаў Шушкевіч, на сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнае рады апазыцыйных палітычных партыяў выказала сваю незадаволенасьць працэсам кансультацыяў паміж уладамі ды апазыцыяй. А Сяргей Папкоў ад імя Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ паведаміў, што партыя ня будзе больш удзельнічаць у галасаваньні ў пытаньнях, якія тычацца перамоўнага працэсу.

Штуршком да рэзкіх выказваньняў стала абмеркаваньне справаздачы Юрыя Хадыкі, які ад імя кіраўнікоў групаў экспэртаў, што існуюць пры Кансультацыйнай радзе, дакладаў пра вынікі першага раўнду кансультацыяў з экспэртамі ўрадавага боку. Спадар Хадыка лічыць, што, хаця з боку ўладаў і наглядаецца жаданьне зацягнуць працэс, але адпаведныя сустрэчы трэба працягваць. Таму ён і прасіў Кансультацыйную раду даць дазвол на працяг кансультацыяў і зацьвердзіць склад новых экспэртавых групаў.

Ня ўсе пагадзіліся з такім падыходам. Спачатку прадстаўнік КХП БНФ Сяргей Папкоў заявіў: нельга лічыць, што кансультацыі экспэртаў фактычна не даюць аніякага выніку. Яны прыносяць адмоўны вынік, паколькі аніякіх зрухаў з боку афіцыйных уладаў няма й ня будзе. А таму Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ спыняе сваю працу ў псэўдаперамоўным працэсе. Партыя, якую ўзначальвае Зянон Пазьняк, больш ня будзе ані абмяркоўваць пытаньні, што непасрэдна тычацца перамоўнага працэсу з урадавым бокам, ані браць удзел у галасаваньні ў гэтых пытаньнях.

Менш радыкальную, але ўсё ж асобную пазыцыю заняла Беларуская Сацыял-Дэмакратычная партыя. Ейны прадстаўнік – Віктар Алампіеў выказаў незадаволенасьць ходам кансультацыяў і прапанаваў не ўзнаўляць іх, а зрабіць перапынак да 1 чэрвеня. Калі да гэтага часу ўлады не дадуць станоўчага адказу на патрабаваньні палітычнай апазыцыі пра доступ да дзяржаўных мас-мэдыяў, пра спыненьне Лукашэнкам дзеяньняў, якія скіраваныя на страту Беларусьсю дзяржаўнага сувэрэнітэту, і іншыя, дык Кансультацыйнай радзе патрэбна будзе спыніць усялякія кансультацыі з апанэнтамі.

Гэтыя прыклады яскрава паказваюць – у Кансультацыйнай радзе высьпявае незадаволенасьць тым, што адбываецца. Падрыхтоўка да перамоваў ураду і апазыцыі цягнецца зь леташняй восені, а станоўчага выніку як ні было, гэтак і няма, паколькі перамовы фактычна яшчэ й не пачыналіся. Мабыць, надыйшоў час шукаць нешта новае, нейкія новыя падыходы, каб зрушыць гэты працэс.

Аднак прадстаўнікі бальшыні партыяў выказаліся за працяг кансультацыяў. Адпаведная прапанова была вынесеная на галасаваньне. Як вядома, рашэньні Кансультацыйнае рады прымаюцца паводле формулы "кансэнсус мінус адзін". У ролі, так бы мовіць, "мінусу" апынулася Сацыял-Дэмакратычная партыя. Калі б яе падтрымала Кансэрватыўна-Хрысьціянская партыя БНФ, неабходнай бальшыні не было б. Аднак, гэтая партыя крыху раней паведаміла пра свой няўдзел у галасаваньні.

На прыканцы паседжаньня ягоныя ўдзельнікі зацьвердзілі склад чатырох экспэртавых групаў, якія магчыма будуць праводзіць кансультацыі са сваімі апанэнтамі з урадавага боку. Паўнамоцтвы й склад дзьвюх групаў – у пытаньнях доступу палітычнай апазыцыі да дзяржаўных СМІ і ў пытаньнях усталяваньня клімату даверу – былі пацьверджаныя. А групу ў пытаньнях заканадаўства падзялілі на дзьве. Першую, якая будзе абмяркоўваць пытаньні Выбарчага кодэксу, як і раней, узначальвае Міхал Пліска, другую, якая займецца функцыямі й паўнамоцтвамі парлямэнту, папрасілі ўзначаліць Мечыслава Грыба, які зараз знаходзіцца за мяжою.