Навіны 18 траўня 2000 г.

Сяргей Навумчык

Учорашняя акцыя сэрбскіх уладаў, якія ўзялі пад кантроль незележную тэлевізійную кампанію "Студыя Б" і радыёстанцыю, выклікала моцную рэакцыю міжнароднай супольнасьці. З аглядам замежнага друку – Сяргей Навумчык.

Сёньня ірляндская газэта Irish Times надруквала рэдакцыйны артыкул пад назовам "Мілошавіч наносіць удар", у якім аналізуе ціск сэрбскіх уладаў на незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Газэта называе дзеяньні афіцыйнага Бялграду прыкметай пераходу прыхаванай дыктатуры ў яе адкрытую форму. Газэта зьвяртае ўвагу на вялікую колькасьць пратэстаў міжнародных арганізацыяў, якія выказаліся ўжо ў першы дзень пасьля закрыцьця тэлестудыі і радыёстанцыі. Выказваецца прагноз, што ў такой сытуацыі разьяднаныя праціўнікі Мілошавіча могуць кансалідавацца.

У якасьці аднаго з парадоксаў сучаснай Сэрбіі Irish Times называе тое, што дыктатарскі рэжым Мілошавіча суіснуе з актыўнай апазыцыяй, асабліва ў Бялградзе.

У нядаўнім часе малады радыкальны рух "Адпор" (Супраціў) выкарыстаў новыя мэтады супраць Мілошавіча. Масавыя мітынгі пратэсту, якія зьбіраюць па 100 тысячаў чалавек і рэакцыя на наступ на незалежную прэсу пераконваюць, што апазыцыя мае рэсурсы, – адзначаецца ў рэдакцыйным артыкуле Irish Times.

Газэта выказвае меркаваньне, што ўчорашняя акцыя ўладаў у дачыненьні да незалежных сродкаў масавай інфармацыі выкліканая падрыхтоўкай рэжыму да чарговых выбараў. Падтрымка Мілошавіча сярод насельніцтва зьмяншаецца, і ў такой сытуацыі незалежная прэса ўяўляе для ўладаў небясьпеку. Афіцыйны Бялград тлумачыць свае дзеяньні тым, што тэлестанцыя нібыта заклікала да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу. Ірляндская газэта адзначае, што наступ на прэсу можа мець для ўладаў фатальныя вынікі, і Сэрбія пазбавіцца цяперашняга дэструктыўнага лідэра.

У камэнтары, зьмешчаным у аўстрыйскім штодзёньніку Die Presse, Веланд Шнэйдэр адзначае, што Мілошавіч нэрвуецца. "Апанэнтаў рэжыму садзяць у турму, спыняецца вяшчаньне шэрагу незалежных радыёстанцыяў, ў родным горадзе Мілошавіча Пазарэвац забароненыя вулічныя акцыі. Сэрбскае кіраўніцтва паступова ўпадае ў паніку, хаця, здавалася б, асаблівых падставаў для хваляваньня няма", – заўважае Веланд Шнэйдэр.

Так, у панядзелак на вуліцы Белграду выйшлі да 20 тысячаў чалавек, хаця лідэры апазыцыі заклікалі да больш масавага пратэсту і разьлічвалі на 100 тысячаў удзельнікаў. Але нават пры гэтым, адзначаецца ў аўстрыйскай газэце, афіцыйны Бялград занепакоены ўзмацненьнем студэнцкага руху "Адпор", які, у адрозьненьне ад большасьці апазыцыйных арганізацыяў, не дэмаралізаваны ўнутранымі спрэчкамі.

"Сэрбы могуць атрымаць гарачае лета", – падсумоўвае Веланд Шнэйдэр ў аўстрыйскай газэце Die Presse.

Рычард Бодрэўкс у Los Angeles Times куды менш аптымістычны адносна верагоднасьці сыходу Мілошавіча. Ён заўважае, што "пасьля адзінаццацітыднёвага бамбаваньня Сэрбіі сіламі НАТА, Мілошавіч застаецца ва ўладзе, нягледзячы на тое, што шмат хто прадказваў ягоны сыход". Рычард Бодрэўкс нагадвае, што сэрбскі ўрад толькі часткова аднавіў разбуранае пад час вайны, а самі сэрбы перажылі мінулую зіму з мінімумам прадуктаў харчаваньня і нізкай тэмпэратурай у жытле.
Цяпер рэпрэсіі, арышты і перасьлед апазыцыянэраў замінаюць дэмакратычным працэсам у Сэрбіі і ставяць пад сумнеў спадзяваньні на тое, што масавыя акцыі адправяць Мілошавіча ў адстаўку.

Бодрэўкс заўважае, што заходнія лідэры павінныя быць больш цьвярозымі ў адносінах да тэрміну знаходжаньня Мілошавіча пры ўладзе. Раней яны меркавалі, што ён сыйдзе ў выніку масавай незадаволенасьці НАТАўскімі бамбаваньнямі, эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу і ЗША і прад'яўленьня абвінавачваньняў ў вайскоых злачынствах з боку міжнароднага трубуналу.

Але пакуль што, адзначаецца ў Los Angeles Times, ўсе гэтыя фактары 58-гадовы Мілошавіч скарыстоўваў сабе на карысьць у палітычнай гульні і ўсё яшчэ ня мае сур'ёзных канкурэнтаў ў Югаславіі вось ужо больш як 12 гадоў.