Навіны 26 красавіка 2000 г.

Якуб Лапатка, Гэльсінкі

Учора ў Гэльсынкі адбылася прэзэнтацыя кнігі Сьвятланы Алексіевіч "Чарнобыльская малітва". На прэсавай канфэрэнцыі з гэтай нагоды прысутнічаў наш карэспандэнт у Фінляндыі Якуб Лапатка. Ён адзначае, што цікавасьць да падзеі выявілі практычна ўсе буйнейшыя газэты Гэльсынкаў і Фінляндыі, а таксама фіскага тэлебачаньня.

Сёньня ж у прэсе зьявіліся матэрыялы, прысьвечаныя публікацыі "Чарнобыльскай малітвы" на фінскай мове. У газэтах падрабязна выкладаецца зьмест кнігі і апісваюцца наступствы Чарнобыля для Беларусі.

Вялізны артыкул у газеце "Гэльсынкі танумат" пачынаецца са словаў: "Пра нас, беларусаў, у сьвеце даведаліся толькі пасьля Чарнобыля. Чарнобыль стаўся нашым вакном у Эўропу. Мы зьяўляемся адначасова і ягонымі ахвярамі, і ягонымі сьвятарамі. Гаварыць пра тое проста страшна".

Камэнтуючы гэтае выказваньне, газэта піша, што доўгі час Беларусь не лічылася галоўнай ахвярай Чарнобыля. Кніга ж Алексіевіч дапамагае нам прабіцца праз тыя сумёты хлусьні і маўчаньня, якія былі нагароджаныя вакол сытуацыі на Беларусі пасьля Чарнобыля. Далей паведамляецца, што "Чарнобыльская малітва" перакладзена на 20 моваў у той час, як у сябе на радзіме яна фактычна забароненая.

Маральна-этычнае пытаньне "забыцца або памятаць" для Сьвятланы Алексіевіч вырашаецца проста: памятаць. Перакладчык і літаратар Пекта Кальімяціс, сказаў: "Гэтая кніга для нас сталася сапраўднаым адкрыцьцём. Мы ведалі пра Чарнобыль, мы нават ведалі крыху пра становішча на Беларусі, але ўсё гэта ня тое. Ведаць можна і табліцу множаньня, аднак адчуць, прапусьціць гэта праз уласныя пачуцьці – гэта зусім іншая справа".

Апроч учарашняй прэсавай канфэрэнцыі Сьвятлана Алексіевіч сёньня ўвечары будзе гаварыць у гарадзкім парку Эспланада на "Дні кнігі і ружы", у рускім клюбе пры інстытуце гістарычных дасьледаваньняў Гэльсынскага ўнівэрсытэту, а таксама ў Нацыянальным фінскім ПЭН-цэнтры.

У чацьвер яна выступала ў музэі Леніна ў Тамперы, а ў пятніцу – у гарадзкой бібліятэцы горада Торы. Пісьменьніца, як піша "Гэльсынкі танумат", імкнецца абудзіць homo soveticus ад дзесяцігодзьдзяў гіпнатычнага сну.