Навіны 19 красавіка 2000 г.

Марыя Ўсьціновіч, Магілеў

(эфір 18 красавіка)
У Магілеве завершылася судовае разьбіральніцтва ў крымінальнай справе 36-гадовага лідэра мясцовай чачэнскай дыяспары Аліхана Таканаева. Учора ўвечары быў вынесены прысуд, а сёньня ў Ленінскім раённым судзе Магілеву журналістам распавялі пра некаторыя падрабязнасьці.

Аліхан быў арыштаваны ў кастрычніку летась, і яму было высунутае абвінавачаньне ў вымагальніцтве. Разам зь ім быў арыштаваны стрыечны брат Джамалдзін, грамадзянін Ічкерыі. Сам Аліхан, як выявілася, грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі. Пры арышце ён заявіў, што лічыць сябе рэпрэсаваным паводле нацыянальнай прыкметы. Але назіральнікі зьвязалі арышт Аліхана са зьменай кіраўніцтва на магілеўскім вытворчым аб'яднаньні "Хімвалакно".

Паводле некаторых зьвестак, дзейнасьць чачэнскай дыяспары была шчыльна зьвязаная з працай гэтага самага буйнога на Магілеўшчыне прадпрыемства, а былы яго дырэктар Іван Ефанаў быццам бы даручаў чачэнцам на чале з Аліханам выбіваць даўгі за пастаўленую прадукцыю, зь якіх тыя мелі не благі прыбытак. Пасьля сыходу Ефанава з працы, палічылі людзі, чачэнцы засталіся бяз справаў.

Дарэчы, зусім нядаўна магілеўская недзяржаўная газэта "Дэ-факто" выказалася наконт асобы Івана Ефанава ў тым сэнсе, што ён невядома куды зьнік – ці то зьехаў за мяжу, ці то – была і такая вэрсія – яго забілі.

Выявілася, што ў судзе ўсе гэтыя зьвесткі зусім не фігуравалі. Стварэньне арганізаванай злачыннай групоўкі Аліхану так і не патрапілі інкрымінаваць, як, дарэчы, і незаконнае захоўваньне зброі, што ў вялікай колькасьці была знойдзеная на кватэрах, здыманых чачэнцамі. Маўляў, мы там не прапісаныя, а адбіткаў пальцаў так і не знайшлі.

Такім чынам, на закрытым судовым паседжаньні ў Магілеве Аліхана Таканаева прызналі вінаватым ва ўчыненьні злачынстваў у 1995 годзе, асабліва ў злосным хуліганстве і ўчыненьні цяжкіх цялесных пашкоджаньняў. Гэта было зьвязана з разборкамі чачэнцаў зь непаўналетнімі хлопцамі, якія спрабавалі абрабаваць аўтамабіль Аліхана. Таканаева прызналі таксама вінаватым ва ўчыненьні разбою ў асабліва буйных памерах у кастрычніку летась. Тады 30-гадовы маладзён адпачываў са сваяком Аліхана ў рэстарацыі, а потым той выявіў зьнікненьне 10 тысячаў даляраў, якія чачэнцы запатрабавалі "аддаць". Хлопцу пагражалі забойствам, зьбівалі, вывозілі ў лес, прымушалі капаць магілу і, нават, прысыпалі яго зямлёй.

Аліхан атрымаў у якасьці пакараньня восем з паловай год пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Ягоны стрыечны брат – восем гадоў. Больш нікога з чачэнцаў прыцягнуць да адказнасьці не патрапілі, бо ўсе ўдзельнікі працэсу захоўвалі маўчаньне. Падсудныя не прызналі сябе вінаватымі. Шыкоўны белы 600-ты мэрсэдэс Аліхана, па якім яго пазнаваў увесь горад, адыйдзе дзяржаве, а вось знакаміты ў Магілеве, вялізны як палац, чачэнскі катэдж, які неяк сымбалічна быў пабудаваны побач з "Хімвалакном", застанецца ва ўласнасьці сваяка Аліхана Таканаева. Больш чым верагодна, што адвакаты лідэру чачэнскай дыяспары ў абласным цэнтры пададуць апэляцыю.