Навіны 17 красавіка 2000 г.

Міхал Стэльмак, Менск

Сталічныя ўлады працягваюць змагацца з гандлярамі "Камароўскага рынку". Зь сёньняшняга дня тут выкінутыя на вуліцу яшчэ каля тысячы прыватных прадпрымальнікаў.

Новыя беспрацоўныя да сёньняшняга дня гандлявалі на "Камароўцы" прамысловымі таварамі. Пра высяленьне з кірмашу яны былі папярэджаныя яшчэ ў лютым. Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт на чале з тагачасным старшынём Уладзімерам Ярмошыным прыняў рашэньне рэканструяваць гандлёвыя плошчы. Прадпрымальнікам абвясьцілі, што яны працуюць пад састарэлым дахам, які нібыта ў любую хвіліну можа ўпасьці на іхныя галовы. Тады ж Ярмошын распарадзіўся распачаць рэканструкцыю зь 1 сакавіка.

Але прадпрымальнікі выказалі бурную незадаволенасьць і прыгразілі акцыямі пратэсту. Пасьля перамоваў сталічных уладаў з прадпрымальніцкім прафэсійным саюзам "Садружнасьць" Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт адтэрмінаваў сваё рашэньне да сярэдзіны красавіка.

На мінулым тыдні адміністрацыя "Камароўкі" паінфармавала гандляроў, што 16 красавіка сканчаецца тэрмін іхнае працы на кірмашы. Таму ўчора гандляры працавалі пазьней чым звычайна – з разьлікам распрадаць як мага больш тавараў. Бо як складзецца іх прадпрымальніцкі лёс далей – невядома. Гаворыць прадпрымальніца Галіна Рыгораўна:

"Вось я, напрыклад, усё жыцьцё стаю на "Камароўцы". Мой муж – інвалід ІІ-й групы. Я – таксама. Мы плацім падаткі, паводзім сябе цывілізавана. Зараз нас зачыняюць. Што цяпер рабіць? Яны столькі людзей бяз працы пакідаюць. Як пракарміць сем'і? Куды ўладкавацца на працу? У мяне – чацьвёра дзяцей. Вось зьбяромся й пойдзем да Дому ўраду. Прама туды пойдзем", – заявіла гандлярка Галіна Рыгораўна.

У часткі "камароўскіх" гандляроў, сапраўды, моцныя пратэставыя настроі. Але бальшыня ўсё ж за тое, каб дзейнічаць абачліва. Паводле лютаўскіх дамоўленасьцяў, улады паабяцалі працаўладкаваць прадпрымальнікаў. Некалькі тыдняў таму ім паведамілі, што перавядуць на кірмаш трактарнага заводу. Туды, куды ўжо перавялі прадпрымальнікаў, якія гандлявалі харчаваньнем.

Між тым, лёс першых "перасяленцаў" з "Камароўкі" складваецца на трактаразаводзкім кірмашы драматычна. Некалькі разоў іх спрабавала прагнаць адтуль сталічная міліцыя. На мінулым тыдні ад міліцыянтаў дробных бізнэсмэнаў уратавала толькі асабістае заступніцтва цяперашняга старшыні сталічнага гарадзкога выканаўчага камітэту Міхала Паўлава. Пры гэтым Паўлаў заявіў, што спакойную працу ім на новым месцы ён гарантуе толькі да 1 траўня.

Відавочна, грубы прыём на трактаразаводзкім кірмашы насьцярожыў новых "перасяленцаў". З другога боку, сталічныя ўлады, паводле зьвестак прафэсійнага саюзу "Садружнасьць", таксама ня маюць зараз цьвёрдай веры ў слушнасьць сваіх дзеяньняў. Цяперашні старшыня Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, паводле інфармацыі гандляроў, крытычна ставіцца да "камароўскіх" ініцыятываў Ярмошына. І хаця Паўлаў наўрад ці мае намер адкрыта канфліктаваць зь цяперашнім прэм'ерам, рэвізія ярмошынскіх плянаў, як спадзяюцца прадпрымальнікі, не выключаецца.