Навіны 17 красавіка 2000 г.

Валер Карбалевіч

Візыт новаабранага расейскага прэзыдэнта Пуціна ў Менск камэнтуе наш палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

Гэты быў дзяжурны візыт, гэта быў нейкі палітычны рытуал, але рытуал вельмі важкі, бо гэта быў першы афіцыйны замежны візыт ужо абранага прэзыдэнта Расеі. І тое, што ён адбыўся ў Беларусь, гаворыць аб прыярытэтах зьнешняй палітыкі Расеі.

Калі гаварыць пра зьмест гэтага візыту, дык можна адзначыць вось што. Па-першае, прарываў у інтэграцыі Беларусі і Расеі пакуль што не плянуецца. Аб гэтым сьведчаць словы Пуціна пра тое, што справа стварэньня так званай саюзнай дзяржавы ня церпіць мітусьні, таму фарсіравацца яна ня будзе. Яшчэ Пуцін адзначыў, што неабходна стварэньне базавых эканамічных умоваў у дзьвюх краінах. Гэта намёк на тое, што зараз у Беларусі і Расеі існуюць розныя эканамічныя мадэлі, іншымі словамі, адсутнасьць эканамічных рэформаў у Беларусі – гэта значная перашкода для інтэграцыі.

З другога боку Пуцін пацьвердзіў свой намер аказваць дыпляматычную падтрымку Беларусі, абараняць Беларусь на ўсіх міжнародных форумах. Лукашэнка зараз спрабуе выкарыстаць спрыяльны момант для кампаніі супраць захаду.

Зараз сапраўды для Расеі склалася вельмі неспрыяльная сытуацыя ў адносінах із Захадам. Расею зараз спрабуюць выключыць з Рады Эўропы, і Лукашэнка гэты момант хоча выкарыстаць для таго, каб пачаць новы паход супраць захаду. Гэта і вядомая заява аб стварэньні трохсоттысячнай групоўкі, і пад час выхаду да журналістаў Лукашэнка ізноў сказаў, што саюз Беларусі і Расеі не падабаецца Захаду, бо ён ня хоча канкурэнтаў. Гэта значыць, Лукашэнка ізноў стварыў у складанае становішча, таму што з боку Расеі ўзьнікае дылема: падтрымаць Лукашэнку, гэта значыць махаць зброяй супраць Захаду, што зараз для Расеі вельмі нявыгадна, з другога боку, абвяргаць, дэзавуяваць Лукашэнку дэманстрацыйна, гэта значыць паставіць яго ў вельмі сьмешнае становішча. Таму і Пуцін, і іншыя афіцыйныя асобы Расеі зараз спрабуюць дыпляматычна абыйсьці гэтае пытаньне.

І выснова, якую можна зрабіць з гэтага візыту Пуціна: у беларуска-расейскіх адносінах захоўваецца статус кво – без вялікіх інтэграцыйных прарываў, але і без зьніжэньня сёньняшняга ўзроўню інтэграцыі. Па-ранейшым, беларускі кіраўнік будзе шантажаваць Захад з дапамогай Расеі і спрабаваць шантажаваць Расею сваімі экстравагантнымі антызаходнімі заявамі.

Гэта значыць, нічога новага.