Навіны 11 красавіка 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

Разгляд 72-х адміністрацыйных справаў, узбуджаных супраць удзельнікаў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка, набліжаецца да завяршэньня.

На сёньняшнюю раніцу ў Савецкім раённым судзе заставаліся не разгледжанымі чатыры адміністрацыйныя справы. Судзьдзя Аксана Рэлява сёньня разгледзела справу Ўладзімера Куратовіча. Сьведкі з боку міліцыі – ужо добра вядомыя супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУСу Сяргей Раманоўскі і Юры Валадзько – давалі нагэтулькі супярэчлівыя паказаньні, што судзьдзя вымушаная была спыніць справу з-за адсутнасьці складу правапарушэньня.

У справе Георгія Кішкурны судзьдзя Рэлява вынесла папярэджаньне.

Алесь Чахольскі – адказны сакратар Сойму Кансэрватыўна–Хрысьціянскае Партыі БНФ – прадставіў суду заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы, якое засьведчыла, што 25 сакавіка ён атрымаў цялесныя пашкоджаньні ад жаўнераў нутраных войскаў. Акрамя гэтага, судзьдзя Рэлява далучыла да справы й даведку са станцыі "хуткае дапамогі" пра тое, што ў Савецкім РАУСе самі супрацоўнікі міліцыі выклікалі брыгаду "хуткае дапамогі" й мэдыкі дапамагалі зьбітым людзям, у тым ліку й спадару Чахольскаму.

Выкліканы ў судовае паседжаньне ўчастковы інспэктар Сацюк, які складаў адміністрацыйны пратакол паводле рапартаў Раманоўскага й Валадзько, ня здолеў даць пэўныя тлумачэньні, чаму ў пратаколе зьявіліся папраўкі. Судзьдзя накіравала справу Чахольскага ў Савецкі РАУС, каб там правільна аформілі пратакол.

У судовае паседжаньне да судзьдзі Руслана Казадаева не зьявіўся Сяргей Малей. Яго справа апошняя ў сьпісе 72 адміністрацыйных справаў, узбуджаных супраць удзельнікаў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка. Руслан Казадаеў прызначыў паседжаньне на 20 красавіка.

Амаль усе адміністрацыйныя справы пакараных раённым судом удзельнікаў апазыцыйнай акцыі знаходзяцца ў Гарадзкім судзе Менску. Яны туды накіраваныя з Савецкага раённага суду пасьля таго, як былі абскарджаныя.

Нагадаем: разгляд справаў затрыманых удзельнікаў апазыцыйнай акцыі пачаўся 27 сакавіка. 29 чалавек атрымалі позвы ў суд яшчэ 25 сакавіка ў аддзеле міліцыі, куды іх адвозілі жаўнеры пасьля затрыманьня. 27 сакавіка яны зьявіліся ў суд, ніхто не ўхіляўся ад судовай адказнасьці. Яшчэ 43 чалавек прывезьлі са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна.

Такую колькасьць справаў чатыры адміністрацыйныя судзьдзі разгледець за адзін дзень ня здолелі. Канвэер судовых паседжаньняў працаваў штодня два тыдні.

З 72-х адміністрацыйных справаў 11 былі спыненыя судом. Але, калі сыходзіць з паказаньняў саміх міліцыянтаў і вайскоўцаў, якія амаль у кожным судовым паседжаньні казалі пра затрыманага адну і тую ж фразу: "ён жадаў удзельнічаць у мітынгу, якога не было", то ўсе гэтыя справы паводле Адміністрацыйнага кодэксу павінны быць спыненыя з-за адсутнасьці падзеі правапарушэньня і, адпаведна, складу правапарушэньня.