Навіны 10 красавіка 2000 г.

Галіна Прыгара, Нью-Ёрк

Гэтымі днямі паэт Славамір Адамовіч сустрэўся ў Нью-Ёрку з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Так сталася, што звычайна госьці зь Беларусі, якія з тых ці іншых прычынаў наведваюць Нью-Ёрк, прыходзяць у Фонд імя Крычэўскага, дзе сустракаюцца з актывістамі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня. Сёньня гэтая арганізацыя аб'ядноўвае як старое, пасьляваеннае пакаленьне эмігрантаў, так і тых, хто быў вымушаны пакінуць Радзіму ў выніку антыдэмакратычных дзеяньняў цяперашняга рэжыму.

Гасьцямі нью-ёрскіх беларусаў былі палітыкі Юры Хадыка, Станіслаў Багданкевіч, Сямён Шарэцкі, актрыса Галіна Дзягілева, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, рэжысэр Віктар Дашук.

А гэтым разам госьцем стаў паэт Славамір Адамовіч, які некалькі дзён таму прыляцеў у ЗША на запрашэньне амэрыканскіх беларусаў. Чатыры гады таму, калі Адамовіч быў арыштаваны за верш "Забі прэзыдэнта", дыяспара актыўна выступіла ў ягоную абарону. У Вашынгтоне, Нью-Ёрку і іншых гарадох прайшлі пікеты з патрабаваньнем вызваліць Славаміра Адамовіча.

На сустрэчы у Фондзе Крычэўскага госьць зь Менску распавёў пра свае ўражаньні ад апошняга сьвяткаваньня ўгодкаў БНР, "Дня волі", пад час якога ён, дарэчы, быў затрыманы. Спадар Славамір сказаў, што на ягоную думку, нягледзячы на рэпрэсіі, супрацьстаяньне рэжыму робіцца ўсё больш жорсткім.

Адказваючы на пытаньне пра сёньняшні лёс створанай ім калісьці арганізацыі "Правы рэванш", Славамір Адамовіч прызнаў, што яна фактычна спыніла дзейнасьць пасьля ягонага арышту ў красавіку 96 году. "Я не хаваў сваёй прыхільнасьці да радыкальных дзеяньняў у абароне незалежнасьці," – сказаў Адамовіч і падкрэсьліў, што сёньня ў Беларусі даволі шмат людзей, якія гатовыя, як ён выказаўся, узяць у рукі зброю і размаўляць з антыбеларускай уладай зусім не на мове палітычных перамоваў. "Тры гады таму Зянон Пазьняк абвясьціў пра неабходнасьць стварэньня "Вызвольнага Руху". Сёньня гэты рух робіцца рэальнасьцю," – заявіў Славамір Адамовіч.

Шмат пытаньняў было зададзена яму і пра сучасны стан беларускай паэзіі. Спадар Славамір лічыць, што калі ў ягоным пакаленьні трыццаці-саракагадовых ёсьць некалькі адметных фігураў, дык маладзейшыя пакуль што выяўляюць сябе слаба. "Я адчуваю, што мне ніхто ня дыхае ў сьпіну," – сказаў ён.

Славамір Адамовіч прачытаў зь дзясятак вершаў са сваёй апошняй кніжкі "Плавільшчыкі расы", якія былі сустрэтыя аплядысмэнтамі.