Навіны 07 красавіка 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Умоўнаасуджанаму вядомаму беларускаму мастаку Алесю Пушкіну будзе вынесенае першае афіцыйнае папярэджаньне за парушэньне рэжыму адбываньня пакараньня. Прычынаю стаў самавольны, на думку ўладаў, выезд спадара Пушкіна за мяжу.

Летась у лістападзе суд Ленінскага раёну Менску пакараў Алеся Пушкіна двума гадамі пазбаўленьня волі ўмоўна. Такой была адплата ўладаў за арганізаваны мастаком у дзень заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі пэрфоманс. Пушкін тады прывез і вывярнуў ля будынку адміністрацыі "прэзыдэнта" вазок з гноем і сымбалямі цяперашняе ўлады.

Аднак, пасьля вынясеньня выраку, ані судзьдзя, ані міліцыянты не папярэджвалі Алеся пра тое, што да заканчэньня тэрміну пакараньня ён ня мае права выяжджаць за межы Беларусі. Яму нават не анулявалі замежны пашпарт. Таму, атрымаўшы запрашэньне ад польскае мастацкае галярэі "Арсэнал" узяць удзел у выставе беларускіх мастакоў у Познані, Алесь Пушкін вырашыў ехаць.

Мастак жыве ў мястэчку Бобр Крупскага раёну, і перад ад'ездам ён папярэдзіў мясцовых міліцыянтаў пра свой намер. Тыя не сказалі яму нічога пэўнага – акрамя таго, што ім, маўляў, трэба параіцца з начальствам.

Пушкін жа доўга чакаць ня мог. Без усялякіх перашкодаў ён атрымаў у Цэнтральным менскім АВІРы службовую пячатку ў пашпарт і накіраваўся за Буг. Памежнікі ў Берасьці гэтак сама ня мелі да Алеся аніякіх прэтэнзіяў і свабодна прапусьцілі яго ў Польшчу.

Паказаўшы на пазнаньскай выставе свой мастацкі пэрфоманс "Новы беларускі партызан", што адбываўся на фоне відэакадраў жорсткага падаўленьня ўладамі апазыцыйных дэманстрацыяў у Менску, спадар Пушкін увечары 5 красавіка вярнуўся ў Бобр.

Аднак на наступную раніцу яму патэлефаніў опэрупаўнаважаны Барысаўскага раённага аддзелу КГБ у Крупскім раёне Сяргей Гапееў і запрасіў да сябе на размову. Галоўнае пытаньне, што цікавіла капітана дзяржаўнае бясьпекі Гапеева, – якім чынам асуджаны Пушкін атрымаў службовую пячатку й бесьперашкодна выехаў за мяжу? Ня менш цікавіла опэрупаўнаважанага й тое, чым займаўся мастак у Познані й ці не рабіў там чаго, што б зьневажала "наш лад і нашага прэзыдэнта".

Капітан Гапееў узяў з Алеся падрабязныя пісьмовыя тлумачэньні, пасьля чаго заявіў, што яму будзе вынесенае афіцыйнае папярэджаньне за парушэньне рэжыму для ўмоўнаасуджаных. Пры гэтым супрацоўнік КГБ ня здолеў даць абгрунтаванага адказу на пытаньне мастака – чаму гэтай справаю займаецца не міліцыя, а дзяржаўная бясьпека?

Вось што думае на гэты конт Алесь Пушкін:

(Пушкін:) "Я хачу сказаць, што інфармацыя аб тым, што я рабіў на пэрфомансе, канешне, была адразу дакладзеная. Бо сам фільм незвычайны, ён паказаны там быў упершыню, і вядома, на фоне такога фільма яшчэ робіць чалавек пэрфоманс. Я лічу адназначна, што быў чалавек, які адразу ж даклаў, што пэрфоманс "порочіл чэсьць і достоінство страны",

– паведаміў спадар Пушкін.

Опэрупаўнаважаны КГБ Сяргей Гапееў паведаміў нашаму радыё, што Алесь Пушкін парушыў рэжым для ўмоўнаасуджаных, і цяпер яму, хутчэй за ўсё, будзе вынесенае папярэджаньне.

Мэту ж выкліку мастака менавіта ў КГБ капітан Гапееў патлумачыў гэтак: "Чалавек выяжджаў за межы Рэспублікі Беларусь, і я проста хацеў даведацца: дзе ён пабываў, чым займаўся, як адбывалася гэтая ягоная паездка. Вось і ўсё".

Застаецца нагадаць, што папярэджаньне для спадара Пушкіна – пакараньне даволі сур'ёзнае. У выпадку, калі да заканчэньня тэрміну Алесю вынясуць яшчэ адное папярэджаньне, то умоўнае пакараньне можа быць замененае на рэальнае.