Выконваючы абавязкі кіраўніка менскае міліцыі Іосіф Міхалковіч зьвярнуўся да журналістаў са словамі выбачэньня за падзеі 25 сакавіка. Паводле міліцыянтаў, гарадзкая міліцыя не была ініцыятарам жорсткага абыходжаньня з журналістамі, і асноўную адказнасьць за гэтыя дзеяньні павінны несьці камандзіры частак нутраных войскаў. Што тычыцца абыходжаньня са звычайнымі грамадзянамі, перад імі гарадзкая міліцыя прабачэньня ня просіць, але па-чалавечы выказвае спачуваньне. На сутрэчы з кіраўніцтвам гарадзкое міліцыі прысутнічаў карэспандэнт нашага радыё Алег Грузьдзіловіч, які распавядзе пра свае ўражаньні. Нас было чацьвёра, прадстаўнікоў СМІ, зь ліку запрошаных на сёньняшнюю сустрэчу з кіраўніцтвам гарадзкое міліцыі, якія адгукнуліся на запрашэньне ў нефармальнай абстаноўцы абмеркаваць падзеі 25 сакавіка. Паводле пачутай ужо там інфармацыі, двое-трое журналістаў прыйсьці ня здолелі, як прэзыдэнтка БАЖу Жана Літвіна, якая знаходзіцца ў службовай выправе. Прыйшлі: намесьнік рэдактара "Свободных новостей" Аляксандар Тамковіч, карэспандэнтка "Народнае Волі" Ганна Соусь, супрацоўніца агэнцыі "Интерфакс" Тамара Бяляева і аўтар гэтага рэпартажу. Нас запрасілі за стол – з цукеркамі, бутэрбродамі ды каваю і пачалася двухгадзінная гутарка. Адразу заўважу, мы пераканаліся, што міліцыянты нашыя, як сапраўдныя беларусы могуць быць абыходлівымі, гасьціннымі й нават паважлівымі да думак, якія можа й не падзяляюць. А 25 сакавіка яны не былі такімі ж, як сёньня, аказваецца, толькі таму, што зьявіўся загад на жорсткае падаўленьне ўсялякіх памкненьняў правесьці несанкцыянаванае шэсьце. "Ураніцу 25-га нас саміх вельмі зьдзівілі бранятэхніка й часткі нутраных войскаў на вуліцах Менску", – пашчыраваў намесьнік начальніка гарадзкое міліцыі Анатоль Манюк, а ягоны калега Іосіф Міхалковіч, які ў адсутнасьць генэрала Тарлецкага ўзначальвае ўсю гарадзкую міліцыю, прызнаў, што супраць журналістаў у той дзень дзейнічалі неадэкватна й папрасіў у СМІ прабачэньня. Пры гэтым палкоўнік падкрэсьліў, што фактычна гарадзкая міліцыя просіць прабачэньня за дзеяньні, якія, маўляў, рабілі служачыя нутраных войскаў. "Паверце, не было такога загаду хапаць журналістаў, гэта супрацоўнакі нутраных войскаў перастараліся", – пераконваў нас Анатоль Манюк. На што мы адказалі сваімі назіраньнямі. Мне, напрыклад, давялося згадаць, што мяне схапілі супрацоўнікі Партызанскага раённага аддзелу міліцыі, яны ж потым, у РАУСе складалі на мяне фіктыўны пратакол, быццам я заклікаў да непадпарадкаваньня загадам міліцыі. Яны ж у Савецкім судзе праз тыдзень даказвалі, што я парушаў грамадзкі парадак. "Гэта ўсё рабілі звычайныя міліцыянты, а не, як вы кажаце, "тэрмінатары" са спэцчастак", – даводзіў на сустрэчы журналіст штотыднёвіка "Свободные новости" Аляксандар Тамковіч. Ён нават паказаў фотаздымак чалавека, які яго затрымліваў, прычым гэта адбывалася ў двух кілямэтрах ад пляцу Якуба Коласа. Прысутныя міліцыянты паглядзелі на маладзёна з фотаздымку й заявілі, што такога ня ведаюць. Пасьля гэтага нам давялося яшчэ раз падкрэсьліць простую думку – што міліцыя, бяздумна выконваючы злачынныя загады затрымліваць людзей, якія не зрабілі аніякіх проціпраўных дзеяньняў, уцягваецца ў вір няпраўя, што ахвярамі гэтага ганебнага працэсу становяцца й простыя грамадзяне, і журналісты, ды й сама міліцыя. Нашыя субяседнікі тут нам нічога не пярэчылі. Яны не выказвалі прабачэньняў на адрэсу простых грамадзянаў, затрыманых пад час падзеяў 25-га, але пагаджаліся, што гэтая зьява недапушчальная. Паводле прагучаўшай інфармацыі, канчатковыя вынікі службовага расьледваньня падзеяў 25-га яшчэ не падведзеныя, але пакараныя ўжо ёсьць. Быў згаданы, у прыватнасьці, афіцэр нутраных войскаў, які кіраваў захопам расейскіх тэлежурналістаў. "Яго па тэлевізіі паказвалі… такі – у крапавым бярэце", – удакладнялі міліцыянты. Дык вось, паводле іхных зьвестак гэтага афіцэра ледзь ня звольнілі зусім, але пашкадавалі й перавялі ў грамадзянскую абарону. З гэтае нагоды заўважу: тым, хто ведае структуру Міністэрства нутраных справаў, зразумела, што гэта нейкае паніжэньне, але не для міліцыянтаў падобная ракіроўка, калі задумацца, проста жахлівая – атрымліваецца, справу абароны людзей даручаюць асобам, якія здольныя толькі біць іншых грамадзянаў ды ламаць іхныя рэчы. Пытаньне, які парадак нам рыхтуюць такімі перастаноўкамі, неяк зьнікае само сабой. Гэтым і завершылася нашая сустрэча ў гарадзкой міліцыі. А сёньня ж уверачы адбывалася й сустрэча міністра нутраных справаў Юрыя Сівакова з журналістамі расейскіх тэлеканалаў і беларускае тэлевізіі. Паводле маіх зьвестак, гэтая сустрэча мелася адбыцца яшчэ ў больш нефармальнай абстаноўцы – міністар запрасіў журналістаў некуды за горад, у адную з сваіх рэзыдэнцыяў для сустрэчы ганаровых гасьцей. Ён вырашыў пагутарыць па душах з пакрыўджанай прэсаю на прыродзе, пад шум сосен. Што тут сказаць? Аднаго слова дастаткова, каб сёньня біць журналістаў, а заўтра прасіць ў іх прабачэньня. А вось давер аднім словам не аднавіш, тым больш давер паміж міліцыяй і тысячамі грамадзянаў, а ня толькі двума дзясяткамі журналістаў. Таму асабіста я цяпер, калі пачую ад міліцыянтаў абяцаньні захоўваць грамадзкі парадак, буду мець на ўвазе падзеі 25 сакавіка 2000 году – Дня Волі па-сівакоўску.