Навіны 21 сакавіка 2000 г.

Кастусь Бандарук

У сёньняшнім выпуску газэта "New York Times" зьмясьціла вельмі крытычны на адрас Расеі артыкул Уільяма Сафіра пад красамоўным загалоўкам: "Расея можа галасаваць, але ейныя лідэры падарвалі дэмакратыю".

На думку Ўільяма Сафіра, найлепшым выпрабаваньнем кожнай новай дэмакратыі зьяўляецца ня гэтулькі талераваньне апазыцыі, колькі гатоўнасьць перадаць уладу апазыцыі пасьля справядлівых выбараў. Гэтак здарылася ў мінулыя выхадныя ў Тайвані, але падобнае нельга сказаць пра Расею.

Напрыканцы мінулага году, –піша Уільям Сафір, – Ельцын вырашыў не рызыкаваць пры перадачы ўлады. Каб пазьбегнуць выбарчай паразы з боку партыі Прымакова-Лужкова Крэмль абыйшоў канстытуцыйны парадак: Ельцын неспадзявана падаў ў адстаўку і назваў апаратчыка КГБ выконваючым абавязкі прэзыдэнта.

Ажыцьцяўляючы гэты пераварот, кіруючая партыя здолела ўтрымаць свайго чалавека на пасадзе, якая давала ўсе неабходныя паўнамоцтвы і кантроль за сродкамі масавай інфармацыі ў час перадвыбарчай кампаніі. Прэстыж новага лідэра ўмацавалі прэзыдэнт ЗША Клінтан і прэм'ер Велікабрытаніі Блэр.

Каб адвярнуць увагу расейскага грамадзтва ад карупцыі ў кіруючых колах, была выкліканая ваенная істэрыя. Чэчэнцы, якія дамагаліся самакіраваньня былі абвінавачаныя ва ўзрываньні расейскіх дамоў
а прыніжаным генэралам было дадзенае зялёнае сьвятло. Новае кіраўніцтва адразу зьмяніла свой імідж ад апухлага Ельцына да энэргічнага Пуціна, а ўвагу грамадзтва адцягнула ад карупцыі і эканамічнай стагнацыі да лёгкай перамогі над зьненавіджанымі чэчэнскімі партызанамі.

Патрэбны быў яшчэ толькі сымбалічны мост, які спалучыў бы страх перад чэчэнцамі з абурэньнем грамадзтва на тых журналістаў, якія спрабавалі аб'ектыўна прадстаўляць вайну ў Чачні. Паслужыў гэтаму карэспандэнт нашага Радыё Андрэй Бабіцкі, які зь лініі фронту перадаваў клапатлівую для Крамля інфармацыю. Бабіцкі быў арыштаваны і фіктыўна абменены чэчэнскімі здраднікамі на расейскіх палонных. Калі Захад узьняў вэрхал ў справе журналіста, расейскія ўлады перавезьлі яго ў Маскву і маюць намер судзіць па выдуманых абвінавачаньнях. Сам Пуцін амаль паставіў знак роўнасьці паміж зьненавіджанымі чэчэчнцамі і журналістамі, паколькі гэтых апошніх назваў "здраднікамі". Такім чынам, для Пуціна праўда аб падзеях ў зоне баёў роўназначная са здрадай, – піша Уільям Сафір.

Уладзімер Пуцін спрабуе скарыстаць ваенныя настроі ў сваіх палітычных мэтах. Ён хацеў бы пераняць паўнату ўлады да часу, пакуль грамадзтва не даведаецца пра расейскія страты ў Чачні і не перастане падтрымоўваць гэтую вайну. Аднак чэчэчнскія партызаны не дапамагаюць яму ў гэтым. Паступова назіраецца эрозія папулярнасьці Пуціна, і ў інтарэсе ягонай хэўры – як мага хутчэй правесьці выбары. У кожным разе, – адзначае Уільям Сафір, – пакуль што Пуцін выразна апярэджвае сваіх канкурэнтаў Зюганава і Яўлінскага і спадзяецца, што пераможа ўжо ў першым туры галасаваньня. Аднак існуе некаторая небясьпека. У галасаваньні мусяць узяць удзел звыш 50 % выбаршчыкаў, інакш выбары прыйдзецца паўтарыць. Уільям Сафір лічыць, што атачэньне Пуціна не праміне напоўніць выбарчыя скрыні фальшывымі бюлетэнямі. Аднак Грэхэм Алісан з Гарвардзкага ўнівэрсытэту адзначае вялікую апатыю і зьняверанасьць у расейскім грамадзтве.

Вось гэтак бывае, – піша Уільям Сафір у газэце "New York Times", – калі дзяржаўныя лідэры абыходзяць дэмакратычныя нормы і ўжываюць розныя хітрыкі, каб пазьбегнуць перадачы ўлады. У часе, калі кіруючая ў Тайвані партыя падпарадкавалася некарысным для сябе вынікам выбараў, кіруючая ў Расеі эліта вырашыла абдурыць расейскі народ. Гэта і ёсьць, – піша Уільям Сафір, – розьніца паміж сапраўднай і фальшывай дэмакратыяй.