Навіны 17 сакавіка 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

Бацькі менскіх падлеткаў абураныя тым, што адміністрацыі навучальных установаў ужываюць недазволеныя меры, каб прадухіліць удзел юнакоў у апазыцыйных акцыях, як гэта было перад Маршам Свабоды-2.

Каб не дапусьціць непаўнагадовых жыхароў Менску на "Марш Свабоды – 2" адміністрацыі школаў, гімназіяў і вучэльняў ужывалі розныя захады ўзьдзеяньня.

Праваабарончы цэнтар "Вясна" ў сваім прэс-рэлізе паведаміў, што ў Акадэміі кіраваньня студэнтаў запалохвалі разнастайнымі дысцыплінарнымі санкцыямі, калі яны будуць заўважаныя ў шэрагах дэманстрантаў, а ў вадной менскай вучэльні на дыскатэцы, прызначанае на 15 сакавіка, павінныя былі прысутнічаць ня толькі ўсе навучэнцы, але й кіраўнікі групаў.

Паводле зьвестак, атрыманых "Радыё Свабода", адміністрацыі некалькіх сярэдніх школаў Савецкага, Цэнтральнага, Першамайскага й Партызанскага раёнаў Менску загадалі сваім вучням зьняць налепкі з сымболікаю "Маршу Свабоды" з ранцаў. Акрамя гэтага дзяжурныя мусілі былі зьняць са сьценаў школы знакамітыя налепкі "Стоп-Лука".

Адміністрацыі яшчэ некалькіх школаў загадалі 15 сакавіка ад 18-е гадзіны праводзіць дыскатэкі. У менскай гімназіі № 9 перад вучнямі нават быў пастаўлены ўльтыматум: або прысутнічаць на школьнай акцыі, або забіраць дакумэнты й пакідаць гімназію.

У тых школах, дзе не плянавалася праводзіць дыскатэкі, адміністрацыя загадала клясным настаўнікам патэлефаніць бацькам кожнага свайго вучня й папярэдзіць іх, каб не пускалі сваіх дзяцей на апазыцыйную акцыю. Пры гэтым некаторыя настаўнікі палохалі бацькоў тым, што паводле нейкіх таямнічых крыніцаў на "Маршы Свабоды" адбудзецца нешта вельмі страшнае і зусім небясьпечнае для падлеткаў.

Маці аднага вучня Валянціна Бяляўская паведаміла нашаму радыё:

(Бяляўская: ) "У той дзень, як павінен быў адбыцца Марш Свабоды-2, зранку, недзе каля гадзін васьмі, патэлефанавала клясная кіраўніца майго сына, які вучыцца ў 138-й школе і папрасіла, каб у гэты дзень мой сын ня ўдзельнічаў у акцыі, каб не было ніякіх непрыемнасьцяў, каб ён ня трапіў у нейкую сытуацыю, – проста не пускаць. Аб гэтым папрасіла яе кіраўніцтва школы. Ёй самой было вельмі няёмка, але, відаць, такое заданьне было дадзенае, і таму яна вконвала яго. Я была таксама вельмі разгубленая, таму сказала, што мы будзем глядзець па абставінах, але што такая інфармацыя раней да нас ніколі не паступала"

– гаварыла Валянціна Бяляўская.

Зразумела, што адміністрацыя навучальных установаў пайшла на гэтыя захады, каб пазьбегнуць тых наступстваў, якія былі пасьля правядзеньня мінулага "Маршу Свабоды – 1". Тады былі зьбітыя і трапілі ў міліцэйскія пастарункі дзясяткі непаўнагадовых юнакоў. Акрамя таго, ніхто не жадае быць выкліканым "на прачуханку" да раённага кіраўніцтва.