Навіны 15 сакавіка 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск


Дзеяньні міліцыі пад час "Маршу Свабоды – 2".

Яшчэ на пляцы Якуба Коласа, калі калёна толькі пачынала рух па праспэкце Скарыны, адбыўся інцыдэнт са здымачнай групаю расейскага тэлеканала НТВ. Два хлопцы падыйшлі да карэспандэнта НТВ Аляксандра Каўпакова й спыталі, ці ёсьць тут хто з НТВ. Каўпакоў адказаў – і адразу атрымаў моцны выцянь у твар.

Карэспандэнт схапіў хулігана. На дапамогу прыйшлі яшчэ некалькі журналістаў. Супрацоўнікі міліцыі, якія, дарэчы, былі побач, ніяк не рэагавалі на гэтую сытуацыю. Журналісты патрабавалі, каб міліцыянты затрымалі хуліганаў. Толькі пасьля гэтага супрацоўнікі Савецкага РАУСу пагадзіліся пасадзіць іх у дзяжурную машыну.

Журналістам, якія прапанавалі міліцыянтам праехаць разам зь імі ў дзяжурную частку, каб быць там сьведкамі, было адмоўлена. Назіральнікі Гэльсынскага камітэту расцанілі гэты выпадак як правакацыю з боку праваахоўных ворганаў.

Супрацоўнікі Савецкага РАУСу паведамілі "Радыё Свабода", што на працягу шэсьця выцягнулі з калёны некалькі "баркашоўцаў", якія былі нападпідку. Міліцыянты баяліся, што тыя могуць учыніць бойку. Супрацоўнікі міліцыі Савецкага РАУСу казалі, што ўжо добра ведаюць РНЕшнікаў у твар, бо, як высьветлілася, толькі днямі шмат хто зь іх быў затрыманы й пакараны адміністрацыйным арыштам, і ўжо адседзеў свае тэрміны ў спэцпрымальніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Пад час рок-канцэрту на пляцы Бангалёр міліцыянты не хапалі юнакоў як гэта было раней, калі тыя падпявалі, сьвісталі або махалі сьцягамі.

(гучыць урывак зь песьні "Нэйра-Дзюбэля")

Людзі больш сталага веку разыходзіліся вялікімі групамі, але прыкметаў паляваньня на іх з боку міліцыі не было. Міліцыянты казалі, што загаду на гэтак званы "хапун" сёньня не атрымлівалі.