Поўным правалам завершыліся чарговыя выбары новых сябраў-карэспандэнтаў ды правадзейных акадэмікаў Нацыянальнай акадэміі навук. Сябрамі-карэспандэнтамі Нацыянальнай акадэмі навук не абраныя старшыня Канстытуцыйнага суду Ўладзімер Васілевіч, першы намесьнік начальніка міліцэйскай акадэміі Іван Басецкі, старшыня дзяржаўнага камітэту ў справах навукі Віктар Гайсёнак ды шмат якія іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі, не кажучы ўжо пра састарэлых прадстаўнікоў артадаксальнае савецкае навукі. Выглядае, што арганізатары выбараў самі разгубіліся, пабачыўшы вынікі свайго стараньня. Ва ўсялякім разе, ня тое, што пракамэнтаваць правал сваіх стаўленікаў, а нават даць афіцыйныя вынікі выбараў у прэзыдыюме Нацыянальнай акадэміі навук мне адмовіліся. Начальнік аддзелу навуковых кадраў Валеры Ермакоў, які, як мне сказалі, згодна сваёй пасады, мае гэтыя зьвесткі, спачатку папрасіў прынесьці афіцыйную просьбу нашага радыё аб прадастаўленьні гэтых дадзеных. Калі патрэбная паперчына была яму ўручана, то спатрэбіўся дазвол на інфармацыю ад галоўнага навуковага сакратара Фёдара Лахвіча. Пакуль папера хадзіла па кабінэтах, здарыўся абедзены перапынак, пасьля якога спадар Ермакоў сказаў, што просьба напісаная не паводле той формы. Досьвед падобных стасункаў падказваў мне больш не марнаваць часу на блуканьне па акадэмічных канцылярыях, а зьвярнуцца да неафіцыйных крыніцаў. З таго, што стала вядома, найбольш цікаваю выглядае сытуацыя з выбарамі, якая склалася на аддзяленьні гуманітарных навук. На інстытуты гісторыі, літаратуры, мовазнаўства, мастацтвазнаўства, этнаграфіі ды фальклёру, права, эканомікі ды філязофіі разам узятыя была выдзеленая толькі адна вакансія акадэміка. Зьдзіўленым кіраўнікам гэтых акадэмічных структураў патлумачылі, што, маўляў, са скасаваньнем Акадэміі пэдагагічных навук СССР беларускія ейныя акадэмікі аўтаматычна былі прыпісаныя да адпаведных інстытутаў Нацыянальнай акадэміі. А паколькі такіх аказалася 15 асобаў, то яны вычарпалі нашмат наперад увесь ліміт вакансіяў. І няважна, што сярод вас ёсьць навукоўцы з сусьветна вядомымі імёнамі. Аднак, выглядае на тое, што для прэзыдыюму Акадэміі, які выдзяляе вакансіі вышэйшых навуковых званьняў, наогул няважна, якія навуковыя заслугі маюць прэтэндэнты на гэтыя званьні. Як патлумачылі мне дасьведчаныя людзі, вакансіі выдзяляліся не пад навуковыя заслугі, а пад пэўных асобаў. Рэч у тым, што званьне акадэміка ці сябры-карэспандэнта ў навуцы азначае тое ж самае, што й вышэйшае афіцэрскае званьне ў войску, гэта значыць, акрамя пажыцьцёвых прывілеяў, дае мажлівасьці на атрыманьне кіруючай пасады. Гэткім чынам з атрыманьнем званьня навуковец патрапляе ў рэестар акадэмічнае намэнклятуры. Менавіта таму на аддзяленьне гуманітарных навук была выдзелена вакансія акадэміка пад дырэктара інстытуту эканомікі Пятра Нікіценку. Пад пэўных дзяржаўных чыноўнікаў выдзяляліся на гэтае адзяленьне й 3 вакансіі сябраў-карэспандэнтаў – па адной на інстытуты літаратуры, права ды эканомікі. І калі афіцыйныя літаратуразнаўцы здолелі нэйтралізаваць канкурэнтаў свайму кандыдату, то з эканамістамі ды юрыстамі гэтага зрабіць не ўдалося. У выніку было пададзена 3 й 4 заявы адпаведна. Аднак ў выніку першага туру таемнага галасаваньня аніводзін зь іх не набраў патрэбнае колькасьці галасоў. Быў прызначаны другі тур – зноў безвынікова. Трэці прызначаны тур завяршыўся поўным правалам – аніводзін з кандыдатаў, у тым ліку й безальтэрнатыўны беларускі савецкі літаратуразнаўца Сьцяпан Лаўшук, не набылі так жаданых пасьведчаньняў мэтраў навукі. Кажуць, што вучоны сакратар аддзяленьня гуманітарных навук, абураны такімі выбарамі, зьбіраецца сыйсьці са сваёй пасады. Намер свой ён пакуль што ня зьдзейсьніў. А вось рэктараты Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, Політэхнічнай акадэміі ды Дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка, як гэта ня дзіўна, адмовіліся ўдзельнічаць ў выбарах – нібыта на знак пратэсту іхняю арганізацыяй.