Навіны 03 сакавіка 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

Дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Валеры Шчукін быў выкліканы ў Гарадзкую пракуратуру Менску, каб азнаёміцца з абвінавачваньнем у крымінальнай справе, узбуджанай пасьля падзеяў 17 кастрычніка. Справы маладафронтаўцаў Глеба Догіля, Германа Сушкевіча і Андрэя Валабуева пракуратура накіравала ў гарадзкі суд.

Сёньня сьледчы Гарадзкой пракуратуры Фешчанка прад'явіў абвінавачваньне дэпутату Валерыю Шчукіну паводле артыкулу 186 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія пацягнулі масавыя непарадкі).

Крымінальная справа была ўзбуджаная 17 кастрычніка на загад Генэральнае пракуратуры пасьля "Маршу Свабоды". Дзясяткі ўдзельнікаў "Маршу" панесьлі адміністрацыйныя пакараньні: арышты й вялізныя штрафы. У менскае СІЗА былі кінутыя дэпутат Валеры Шчукін, лідэр Сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч, а таксама маладафронтаўцы Глеб Догіль, Герман Сушкевіч і Андрэй Валабуеў. Напярэдадні Стамбульскага саміту яны былі адпушчаныя пад падпіску аб нявыязьдзе.

Сёньня дэпутат Валеры Шчукін пасьля размовы са сьледчым паведаміў "Радыё Свабода":

"Сёньня мне зноў было прад'яўленае абвінавачваньне. Я павінен буду азнаёміцца з матэрыяламі справы і яна будзе перадавацца ў суд. Абвінавачваньне абсурднае. Мяне абвінавачваюць у тым, што я ўдзельнічаў у масавых непарадках. А я ў іх ня браў удзелу і не арганізоўваў. Мяне абвінавачваюць, што я сьвістаў, крычаў. Але я гэтага не рабіў. І што? Ці ёсьць у нас закон, які не дазваляе сьвістаць і крычаць? Я нікога не заклікаў кудысьці йсьці. Я быў звычайным удзельнікам. Гэта будзе чысты палітычны працэс, бо Клімаву прыпісалі цагліны, дэпутату Кудзінаву – хабар, Лявонаву – нейкую каўбасу, Старавойтаву – зэдлікі, а мне нічога такога не прышылі. Таму я і сьледчаму казаў: "Вы атрымаеце палітычны працэс", – паведаміў Валеры Шчукін.

Крымінальныя справы маладафронтаўцаў Германа Сушкевіча, Глеба Догіля і Андрэя Валабуева акрамя артыкулу 186 ахопліваюць і артыкул 201, частку 2 (злоснае хуліганства з асаблівым цынізмам) – гэта ад двух да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Учора гэтыя справы былі накіраваныя ў Гарадзкі суд.