Навіны 28 лютага 2000 г.

Валер Каліноўскі, Менск

У Інфармацыйным цэнтры Амбасады ЗША ў Менску адбылася прэзэнтацыя справаздачы Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў аб стане правоў чалавека ў Беларусі ў 1999 годзе. На сустрэчу былі запрошаныя беларускія праваабаронцы, лідэры партыяў, пацярпелыя ад палітычных рэпрэсіяў, прадстаўнікі беларускага вонкапалітычнага ведамства, замежныя дыпляматы, а таксама супрацоўніца Бюро ў справах дэмакратыі, правох чалавека й працы Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Патрысія Дэйвіс.

З прывітальным словам перад прысутнымі выступіў амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі Дэніэл Спэкгард. Ён зазначыў, што Справаздача Дзяржаўнага дэпартамэнту не зьяўляецца палітычным дакумэнтам, бо акрэсьлівае сытуацыю з выкананьнем тых фундамэнтальных правоў і свабодаў чалавека, што прадугледжваюцца міжнароднымі дакумэнтамі, якія падпісаныя Рэспублікай Беларусь. Амбасадар Спэкгард выказаў пажаданьне, каб беларускі ўрад успрымаў гэтую крытыку адэкватна. Гаворыць Дэніэл Спэкгард:

(Спэкгард: ) "Гэты даклад паказвае, што ўрад Беларусі ня змог забясьпечыць нават мінімальныя стандарты ў сфэры правоў чалавека. І па сёньняшні дзень ён не прадэманстраваў сваю палітычную волю дзеля паляпшэньня сытуацыі. Як гаворыцца ў справаздачы, урад Беларусі выказаў непавагу да асноўных прынцыпаў у галіне правоў і свабодаў грамадзянаў".

Напрамак пазытыўнага разьвіцьця ў Беларусі, на думку спадара Спэкгарда, быў за апошнія паўгады акрэсьлены палітычнымі сіламі краіны з дапамогаю АБСЭ. Гэта, перш за ўсё, правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў, пашырэньне доступу палітычных сілаў да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, выкананьне прынцыпу падзелу ўладаў і стварэньне атмасфэры павагі да правоў чалавека, што прадугледжвае спыненьне дыскрымінацыі палітычных партыяў, незалежных газэтаў, няўрадавах арганізацыяў, вызваленьне палітычных вязьняў. Гаворыць Дэніэл Спэкгард:

(Спэкгард: ) "Злучаныя Штаты расчараваныя, што ў гэтых сфэрах за апошнія паўгады не было вялікага прагрэсу. Але нядаўна мы заўважылі сыгналы ад ўраду, што ён хоча пачаць дыялёг з дапамогаю АБСЭ. Для ўраду Беларусі вельмі важна зразумець тэрміновасьць гэтае задачы і неабходнасьць пачаць сапраўдны дыялёг з дапамогаю прадстаўнікоў АБСЭ… І калі вы пачынаеце вырашаць праблему паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека ў вашай краіне, то я хацеў бы, каб вы ведалі, што сэрцы й малітвы амэрыканскіх людзей з вамі".

Прадстаўніца Бюро Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў справах дэмакратыі, правох чалавека й працы Патрысія Дэйвіс паведаміла, што яна правяла сустрэчы з прадстаўнікамі беларускага Міністэрства замежных справаў, якія выказалі зацікаўленасьць у пачатку дыялёгу з прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту Злучаных Штатаў адносна зьместу й высноваў гэтае справаздачы.

Старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька ў інтэрвію "Радыё Свабода" паведаміла, што толькі яе арганізацыя замовіла семдзесят экзэмпляраў дакладу, каб распаўсюдзіць іх сярод сваіх актывістаў, выкарыстаць на сэмінарах і азнаёміць прадстастўнікоў уладных струтураў на месцах…

Гаворыць Тацяна Процька: "З самога дакладу бачна, што Беларусь ня проста краіна, за якой назіраюць і робяць нейкія высновы, а ёсьць пэўны боль за тое, што ў нас адбываецца. Бо, як сёньня сказаў амбасадар (і так яно на самой справе ёсьць), Беларусь выпадае з шэрагу цывізаваных краінаў, якія знаходзяцца ў цэнтры Эўропы, менавіта ў пытаньнях правоў чалавека", – адзначыла старшыня Беларускага Гэльсынскага камітэту Тацяна Процька.

Прадстаўнікі Міністэрства замежных справаў Беларусі, якія прысутнічалі на прэзэнтацыі, аніяк не адрэагавалі на крытыку, што прагучала на адрэсу беларускіх уладаў.