Навіны 25 лютага 2000 г.

Кастусь Бандарук, Прага

У міжнародных сродках масавай інфармацыі зьяўляюцца ўсё новыя доказы зьверстваў і ваенных злачынстваў, якіх дапускаюцца расейскія вайскоўцы ў Чачні. Насуперак відавочным фактам афіцыйныя прадстаўнікі Расеі ў адзін голас запярэчваюць паведамленьням пра растрэлы і зьдзекі з цывільнага насельніцтва і называюць іх "ангажаванай прапагандай".

Новыя паказаньні сьведкаў сабрала арганізацыя "Лекары за правы чалавека" із сядзібай ў Бостане. Ейныя супрацоўнікі апыталі ў лагеры каля Назрані ў Інгушэтыі каля 500 чэчэнскіх уцекачоў. Доктар Рамін Ахмадзі лічыць, што масавыя парушэньні правоў чалавека ў Чачні магчымыя дзякуючы атмасфэы ўседазволенасьці.
"Жаўнеры адчуваюць, што могуць рабіць усё, што ім захочацца".

Ахмадзі назваў чатыры асноўныя катэгорыі гэтых парушэньняў:
бамбаваньне без увагі на цывільнае насельніцтва, забойствы, затрыманьні і катаваньні, рабаваньне, канфіскацыя маёмасьці і вобыскі, а таксама ўмешваньне у працу нэўтральнага мэдычнага пэрсаналу.

Чэчэнскі лекар, 36-цігадовы Гасан Баіеў, у прыватнасьці, паведаміў групе доктара Ахмадзі, што расейскія вайскоўцы ў пагоні за партызанамі ўварваліся ў шпіталь у Алхан-Юрце і растралялі сямёх пацыентаў. Ён сам ня бачыў моманту растрэлу, але пазьней бачыў целы забітых. Пэрсанал паведаміў яму, што жаўнеры стралялі зблізку ў галовы. Невядома, чаму яны застрэлілі 70-гадовую жанчыну. Баіеў паведаміў, што 2 лютага расейскія вайскоўцы неспадзявана уварваліся у Алхан-Юрт у пошуках партызанаў і іхных прыхільнікаў. Ён сам быў затрыманы, але пазьней вызвалены і заняўся ампутацыяй ног 60-ці чалавек, якія падарваліся на расейскіх мінах пры выхадзе з Грознага.

Лекар паведаміў, што расейцы арыштавалі 120 чалавек, уключна з пацыентамі і мэдычным пэрсаналам шпіталю і адаслалі іх ў так званы "фільтрацыйны лагер". Згодна доктару Баіеву, ў лагеры вязьняў катавалі і зьдзекваліся зь іх. "Гэта быў кашмар," – сказаў ён.

У першую чэчэнскую вайну Баіева хацелі растраляць чэчэнцы за тое, што ён дапамагаў таксама расейскім жаўнерам, а зараз яго шукаюць расейцы, паколькі ён апэраваў Шамілям Басаевым, якому прыйшлося ампутаваць ногі. У такой сытуацыі ён пакінуў Чачню і апунуўся разам з уцекачамі ў Інгушэтыі.

Дарэчы, інфармацыю, сабраную арганізацыяй "Лекары за правы чалавека", пацьвердзіла у сваёй апошняй справаздачы праваабарончая арганізацыя "Human Rights Watch".

Чэчэнскія ўцекачы, якія апынуліся ў Назрані, гавораць пра рабункі і забойствы, што вельмі часта зьдзяйсьняюць гэтак званыя "кантрактнікі", якія ваююць побач з расейскімі прызыўнікамі. Учора некалькі уцекачоў пацьвердзілі лютасьць паўночных асэтынцаў, якія ненавідзяць інгушоў і чэчэнцаў і ваююць на баку Расеі.

48-гадовы ўцякач з Грознага Магадан Мамаеў расказаў, як асэтынскія марадзёры хадзілі ад хаты да хаты і правяралі дакумэнты і паходжаньне жыхароў. Затым яны перарэзалі горлы ўсім інгушам, затым адрэзалі ім галовы. Мамаеў, які разам з 20-цю людзьмі схаваўся ў адным са склепаў, чуў крыкі і енкі забіваных людзей, але ўсе прытаіліся, баючыся за сваё жыцьцё. Калі жаўнеры адыйшлі, Мамаеў і ягоныя суседзі ўбачылі каля 40 пераважна абезгалоўленых або спаленых целаў. "Гэты жах немагчыма апісаць", – сказаў ён.

Першым відэа-доказам жорсткасьці расейскай кампаніі ў Чачні зьяўляецца стужка, паказаная ў праграмах ВВС і нямецкага тэлебачаньня. Згодна ВВС, гэты фільм з жудаснымі сцэнамі зьняў нямецкі журналіст. На фільме бачна, як расейскія вайскоўцыўваходзяць у чэчнскую вёску, акружаюць маладых чэчэнскіх мужчынаў, якія выглядаюць на цывільных жыхароў, і затым як скідаюць зьнявечаныя катаваньнямі целы ў масавую магілу.

Першая рэакцыя Масквы на гэтую відэа-стужку была нэгатыўнаю. Расейскі пасланьнік у правох чалавека ў Чачні Уладзімер Каламанаў паставіў пад сумнеў даставернасьць фільму, а прадстаўнік Службы бясьпекі Расеі Здановіч назваў стужку "прапагандай". Аднак пазьней прадстаўнік Крамля Сяргей Ястржэмбскі заявіў, што гэта "сур'ёзны матэрыял", які будзе дбайна правераны вайсковай пракуратурай.

Непасрэдна пасьля выхаду ў эфір відэа-стужкі з Чачні, Эўразьвяз запатрабаваў ад Масквы расьсьледаваньня зьнятага інцыдэнту. Адказны за зьнешнюю палітыку Эўразьвязу Гаўер Салана выказаў спадзяваньне, што Расея будзе спрыяць сьледзтву і прыцягненьню вінаватых да адказнасьці. Таксама міністар замежных справаў Велікабрытаніі Кук, які толькі што вярнуўся з Масквы, правёў тэлефонную гутарку са сваім расейскім калегам Івановым і заклікаў яго правесьці сьледзтва у гэтай справе.

Між тым, сёньня камісар Рады Эўропы ў пытаньнях правоў чалавека
Альваро Жіль-Роблес сустракаецца ў Маскве зь міністрам замежных справаў Івановым і расейскім пасланьнікам у Чачні Каламанавым, які адказны за расьсьледаваньне абвінавачаньняў ў зьверствах расейскіх вайскоўцаў у Чачні. Жыль-Роблес хоча атрымаць для сябе згоду наведаць Чачню, каб самастойна правесьці сьледзтва. Учора Іваноў ня выключыў, што такая згода будзе прадстаўніку Рады Эўропы дадзеная. Перамовы Жыль-Роблеса будуць прысьвечаныя гуманітаранй сытуацыі на Паўночным Каўказе.