Навіны 25 лютага 2000 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір заўтра)
Жонка намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар атрымала з адміністрацыі выканальніка абавязкаў прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна зьвесткі пра тое, што ейны ліст ў Крамлі атрыманы й будзе перададзены адрасату.
Паводле Васіля Старавойтава, ягоныя землякі з калгасу "Расьвет" зьмянілі сваё стаўленьне да яго ў лепшы бок.
Юлія Чыгір кажа, што паправіла сваё здароўе дастаткова, каб прыняць удзел у судовым паседжаньні ў справе Міхала Чыгіра.

Зінаіда Ганчар нарэшце атрымала зьвесткі пра лёс свайго ліста да Ўладзімера Пуціна, у якім прасіла выканальніка абавязкаў прэзыдэнта Расеі дапамагчы ў пошуках ейнага мужа.

Нагадаем, Ганчар і ягоны сябра прадпрымальнік Красоўскі зьніклі пры нявысьветленых абставінах увечары 16 верасьня мінулага году і да гэтага часу іхны лёс невядомы. Пошукі, якія вядзе пракуратура Менску, вынікаў не даюць, і жонка Ганчара вырашыла зьвярнуцца па дапамогу да расейскіх палітыкаў. Акрамя Пуціна, яна таксама адрасавала лісты вядомым расейскім дэмакратам, у прыватнасьці, Гайдару і Яўлінскаму, але адгукнуліся пакуль толькі з адміністрацыі расейскага лідэра.

Зінаіда Ганчар кажа: "…Быў званок, што павінны перадаць ліст Пуціну, званілі з адміністрацыі, сказалі, што атрымалі мой ліст і я дала дазвол ім раскрыць капэрту, каб потым перадаць сам ліст Пуціну", – распавяла Зінаіда Ганчар. Адказу непасрэдна ад Уладзімера Пуціна яна пакуль не атрымала, як не было ёй сказана, калі гэтага адказу можна чакаць.

Што ж тычыцца пошукаў Ганчара ў Беларусі, то Зінаіда Ганчар па-ранейшаму лічыць, што яны толькі імітуюцца. Яна спасылаецца на вядомы факт публікацыі ў "Народнай Волі" інтэрвію з адным зь сябраў Ганчара Лычовым. Гэта адбылося больш за тыдзень таму, але сьледчыя, паводле зьвестак Зінаіды, на публікацыю не адрэагавалі. Хаця інтэрвію Лычова, на ейную думку, для сьледзтва цікавае…

"…Была заметка у "Народнай Волі", дзе ёсьць яўная нестыкоўка паміж ранейшымі паказаньнямі Лычова й гэтым артыкулам. Мне невядома, ці гэта недакладнасьць журналіста, ці проста нам спрабуюць сапсаваць нэрвы, але мне невядома, каб на гэтую цікавую для сьледзтва інфармацыю яно прарэагавала", – кажа Зінаіда Ганчар.

Паводле маіх дадзеных, гэткай жа высновы прытрымліваюцца й сваякі зьніклага ледзь ня 10 месяцаў таму былога міністра нутраных справаў Юрыя Захаранкі. Лёс і гэтага чалавека застаецца таямніцаю.

Мы паведамлялі, што намаганьнямі супрацоўнікаў місіі АБСЭ ў Беларусі да Васіля Старавойтава вярнуліся частка ягонае мэблі, бібліятэка, некаторая апаратура й нават некалькі карцінаў. Гэтую маёмасьць АБСЭ набыла на аўкцыёне за 2450 даляраў і адзін рубель і падаравала Васілю Канстанцінавічу. Вось як для нашага радыё пракамэнтаваў гэты факт Васіль Старавойтаў…

(Старавойтаў: ) "Яны мне дапамагаюцб лячыцца, лекі даюць, лечаць мяне. Што ж, я магу толькі сказаць дзякуй. У той час, калі я не магу плаціць, у мяне няма нічога, адабралі ўсё, далі 25 працэнтаў пэнсіі, мы залезьлі ў даўгі, жонка ня можа разьлічыцца, усе грошы арыштаваныя, у гэты час тыя людзі з добрым сэрцам дапамагаюць, ну дык што, я магу сказаць толькі дзякуй. Я сядзеў там у турме, мне казалі, што я здаровы і магу сядзець, няма размоваў, яны мне дапамагаюць і лечаць мяне. Гэта ж розьніца ў падыходах. Вядома, нашыя маглі б мяне ня ціснуць".

Дарэчы, я пацікавіўся ў былога старшыні "Расьвету", як ягоныя землякі паставіліся да аўкцыёну. Ці праўда, што частку рэчыў набылі жыхары Мышкавічаў, але ніхто не зрабіў гэтак сама, як АБСЭ?

Васіль Старавойтаў паведаміў, што, сапраўды, некаторыя ягоныя рэчы ўжо раскупілі, але не ў Мышкавічах ці Кіраўску, а ў Бабруйску, дзе тое-сёе ўлады адвезьлі ў мясцовыя "камісіёнкі". Аднак расьветаўцы, паводле Старавойтава, у гэтым удзелу ня бралі. У выніку былы старшыня пра сваіх аднавяскоўцаў адклікаецца вельмі добра…

(Старавойтаў: ) "Ніхто нашых рэчаў у "Расьвеце" не купіў… Людзі памяняліся, у лепшы бок памяняліся. Расьветаўцы бачаць, што гэта такое".

Гэта быў Васіль Старавойтаў, які тры месяцы як вярнуўся з аршанскае калёніі.

* * *

Зараз пра маючыя адбыцца судовыя працэсы.

У панядзелак павінен аднавіцца працэс над былым прэм'ер-міністрам Міхалам Чыгіром. Нагадаю, працэс перапыняўся з-за хваробы адвакаткі Юліі Чыгір. Учора я размаўляў зь ёю па тэлефоне, і Юлія Станіславаўна паведаміла, што адчувае сябе лепш. Яна спадзяецца, што зможа ўдзельнічаць у судзе.

Міхал Чыгір, паводле словаў жонкі, рабіў на мінулым тыдні яшчэ адную спробу атрымаць дазвол на кароткую паездзку ў Маскву па справах былое працы і каб узяць неабходныя дзеля абароны паперы, але зноў безпасьпяхова. Не дапамагаюць ані хадайніцтвы адвакатаў, ані гарантыі замежных дыпляматаў.

Працэс над дэпутатам Клімавым літаральна ў адным кроку да завяршэньня. Выступілі ўсе адвакаты, апошнія словы сказалі восем з дзевяці абвінавачваных. Засталося выслухаць апошняга з падсудных, што й адбудзецца 9 сакавіка. Абвяшчаючы гэтае рашэньне, судзьдзя не патлумачыла, чаму абраная такая вялікая паўза. А 9 сакавіка яна толькі паведаміць, калі будзе абвешчаны прысуд. Андрэй Клімаў, аднак, упэўнены, што такое рашэньне даўно прынятае, і не судом, а Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта Клімаў заявіў у сваім апошнім слове.

Ад Уладзімера Кудзінава, нарэшце, атрымалі ліст дома. Як і меркавалі сваякі вязьня, ягоныя лісты недзе затрымліваліся. Гэты йшоў да Івацэвічаў два тыдні. Нагадаю, Кудзінаў адмовіўся падпісаць просьбу аб памілаваньні на ймя Лукашэнкі, і пасьля таго ягоныя лісты дадому сталі прыходзіць зь вялікай затрымкаю. "Не ўпершыню, вытрымаем", – гэтак пракамэнтавала дачка Кудзінава Зоя.