Навіны 25 лютага 2000 г.

Ягор Маёрчык, Менск

(эфір 24 лютага)
25 лютага аднаўляецца выпуск газэты "Наша Свабода". Як вядома, выданьне газэты-папярэдніцы, "Навіны", было прыпынена пасьля таго, як суд задаволіў зыск Дзяржаўнага сакратара Рады Бясьпекі Віктара Шэймана ў 15 мільярдаў рублёў. Цяпер газэта пачала выдавацца пад новай назваю.

4 пакоі, некалькі кампутараў, менш за 10 супрацоўнікаў і вялікае жаданьне працаваць. У такіх умовах рыхтаваўся заўтрашні нумар новае газэты "Наша Свабода".

Заснавальнікам яе зьяўляецца Зьміцер Жук. Выдаўцом – калектыў газэты. "Наша Сабода" будзе выходзіць два разы на тыдзень накладам 50 тысячаў паасобнікаў. У пэрспэктыве пэрыядычнасьць павялічыцца да 4-х разоў. Першы месяц газэта будзе раздавацца дарма. Пасьля прыкладны кошт складзе 100 рублёў.

Зьмест заўтрашняга 8-палоснага нумару "Нашае Свабоды", у тым ліку й рэдакцыйны артыкул Паўла Жука, трымаюцца ў сакрэце. Вядома толькі, што асноўнымі тэмамі зьяўляюцца: маючыя адбыцца парлямэнцкія выбары, аналіз адстаўкі Сяргея Лінга, вайна супраць Чачні, гвалт над жанчынамі, а таксама адкрыты ліст Анатоля Лябедзькі да Аляксандра Лукашэнкі пад назваю "10 пытаньняў па сутнасьці", і журналісцкае дасьледваньне, прысьвечанае клімавіцкай справе.

Галоўны рэдактар Павал Жук кажа, што "Наша Свабода" будзе працягваць традыцыі сваіх папярэднікаў – газэтаў "Свабода" й "Навіны".

(Жук: ) "Газэта "Свабода" як была, так і застаецца на пазыцыях незалежнасьці Беларусі, дэмакратыі і рынку. І тое, што зараз у нашай краіне адбываецца, нам не падабаецца, і таму якраз мы і падаем інфармацыю ў такім сьвятле, якое нашыя погляды адбівае".

Паводле словаў Паўла Жука, творчы калектыў газэты складаюць журналісты, якія раней працавалі ў "Навінах", за выключэньнем Кацярыны Высоцкай і Мікалая Халезіна.

Выданьне газэты "Навіны" было прыпыненае пасьля таго, як Дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі Віктар Шэйман выйграў у рэдакцыі судовы зыск на суму 15 мільярдаў старых рублёў. У сваю чаргу "Навіны" былі працягам аднае зь першых незалежных газэтаў у Беларусі – "Свабоды", якая была зачыненая рашэньнем Вышэйшага гаспадарчага суду.

(Жук: ) "Мы ў кожным выпадку ўжо ня спынім гэтага выданьня ні на адзін дзень. Газэта будзе выходзіць пастаянна".

Гаварыў галоўны рэдактар газэты "Наша Свабода" Павал Жук.