Навіны 23 лютага 2000 г.

Юры Дракахруст, Менск

Сёньня ўвечары ў Менск з рабочым візытам прыбывае міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў. Ён суcтрэнецца з Лукашэнкам, а таксама возьме ўдзел у сумесным паседжаньні калегіяў зьнешнепалітычных ведамстваў дзьвюх краінаў.

Міністры Латыпаў і Іваноў маюць намер падсумаваць вынікі рэалізацыі праграмы ўзгодненых дзеяньняў міністэрстваў замежных справаў дзьвюх краінаў. Да якіх высноваў прыдуць міністры, мы даведаемся заўтра на іх супольнай прэсавай канфэрэнцыі. А сёньня ацаніць посьпехі й паразы беларускай і расейскай дыпляматыяў у мінулым годзе я папрасіў міжнароднага каардынатара "Хартыі–97", былога намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Андрэя Саньнікава.

(Саньнікаў: ) "Я лічу, што вынік сумеснай дзейнасьці адзін – гэта падтрымка на міжнароднай арэне рэжыму Лукашэнкі з боку Расеі. І мы бачым гэтую падтрымку ў міжнародных арганізацыях перш за ўсё, у міжпарляманцкіх арганізацыях, у Радзе Эўропы, дзе Беларусь была пазбаўленая статусу адмыслова запрошанага, а Расея дамагаецца, каб аднавілі гэты статус для Беларусі. Вось гэта адзіны вынік.

І я лічу, што тут будзе падзяка міністру Іванову за гэтую падтрымку Расеі, і таксама зьвернуцца з прозьбай працягваць падтрымліваць Беларусь, нягледзячы на тое, што рэжым Лукашэнкі ўсё больш ізаляваны на міжнароднай арэне".

(Дракахруст: ) "Але з вышых словаў вынікае, што гэтая падтрымка мае аднабаковы характар: Расея выступае адвакатам Беларусі. А чым беларускі МЗС дапамагае Расеі?"

(Саньнікаў: ) "Заўсёды, калі Расеі патрэбная падтрымка: ну, напрыклад, па Чачні. Калі Расея апынаецца ў становішчы ізаляцыі -–тут таксама ёсьць падтрымка з боку Беларусі. Тут усё двухбакова. Але гэта даволі брыдкая гульня ў падтрымку – у парушэньне прынцыпаў і стандартаў перш за ўсё правоў чалавека".

(Дракахруст: ) "У 97 годзе падчас сустрэчы АБСЭ ў Капенгагене тагачасны Міністар замежных справаў Прымакоў прымусіў Лукашэнку прыняць Місію АБСЭ у Беларусі. Ці ня лічыце вы, што цяпер – падчас гэтага візыту Іванова – расейскі бок можа пераканаць Лукашэнку ў тым, што трэба ісьці на пэўныя саступкі міжнародным арганізацыям?"

(Саньнікаў: ) "Я лічу, што гаворка аб гэтым ісьці будзе. І паколькі Расея падтрымала і гэтае рашэньне накіраваць у Менск місію АБСЭ ў 97 годзе, і паколькі Расея падтрымала тую фармулёўку у Стамбульскай дэклярацыі – 22 пункт, дзе ідзецца пра перамовы апазыцыі і ўлады – то Іваноў павінен будзе нешта сказаць на гэты конт. Але я лічу, што беларускія ўлады прапануюць сцэнар, які мы ведаем: падтрымку Канстытуцыі Лукашэнкі 96г., правядзеньне парляманцкіх выбараў, і менавіта гэты сцэнар яны будуць прасіць, каб Расея падтрымала ў міжнародных арганізацыях – перш за ўсё у АБСЭ і ў парляманцкай Асамблеі АБСЭ, дзе, як мы ведаем, сябрам зьяўляецца ВС 13 скліканьня".

Гаварыў міжнародны кардынатар "Хартыі-97" Андрэй Саньнікаў.