Навіны 17 лютага 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

Намесьнік кіраўніка аддзелу ўласнае бясьпекі гарадзкой управы нутраных справаў Менску Ўладзімер Кучараў наведаў сёньня офіс Беларускай асацыяцыі журналістаў. Супрацоўнікі мас-медыя спадзяваліся пачуць ад яго адказ на свой адкрыты ліст пратэсту супраць перашкодаў, якая чыніць міліцыя журналістам пры выкананьні імі прафэсійных абавязкаў.

Нагодаю да сустрэчы міліцэйскага чыноўніка з журналістамі стаў адкрыты ліст супрацоўнікаў мас-мэдыя да праваахоўных ворганаў з патрабаваньнем правесьці дасьледваньне сытуацыі, што мела месца 31 студзеня каля будынку Гарадзкога суду Менску. У той дзень за гадзіну да пачатку судовага працэсу над экс-прэм'ерам Міхалам Чыгіром міліцыянты ачапілі будынак суду й не пускалі журналістаў.

Абураныя рэпартэры зьвярнуліся з адкрытым лістом да праваахоўных ворганаў, патрабуючы тлумачэньняў: на якой падставе супрацоўнікі міліцыі перашкаджалі ім выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Сёньня на сустрэчы з журналістамі спадар Кучараў ухіляўся ад наўпроставых адказаў на пастаўленыя перад ім пытаньні. Карэспандэнтка "Белорусской газеты" Ася Трацюк, адна з аўтараў адкрытага ліста, так пракамэнтавала вынікі сустрэчы:

"Мне падалося, што я не дачакаюся такога выніку, якога жадаю. Усё будзе спушчана на тармазох, у лепшым выпадку – знойдуць ахвярнага казла, зробяць нейкую заўвагу… А я ставіла пытаньне канкрэтна: "На якой падставе супрацоўнікі міліцыі парушылі маё права на працу, гарантаванае Канстытуцыяй? Хто аддаў загад выставіць міліцэйскія кардоны й не пускаць журналістаў?" Калі ніхто не загадваў, то міліцыянты дзейнічалі самастойна, парушаючы тым самым свае інструкцыі. А гэта ўжо крымінальная адказнасць".

Журналісты паведамілі спадару Кучараву: пакуль справа ня вырашыцца, яны не адступяцца ад яе. Яны занепакоеныя тым, што, пачынаючы з падзеяў 17 кастрычніка, міліцыя пасьля двухгадовага перапынку зноў пачала перашкаджаць працы рэпартэраў.