Навіны 07 лютага 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

(эфір 5 Лютага)
Сьледчыя Першамайскага РАУСу Менску дасьледуюць крымінальную справу, узбуджаную супраць лекара касмэтычнага салёну, па віне якога бяскрыўдная апэрацыя скончылася для пацыента цяжкім калецтвам.

Сьледчыя Першамайскага РАУСу ўзбудзілі крымінальную справу супраць лекара прыватнага салёну "Лекавая касмэталёгія" спадара Юшко. Яго абвінавачваюць у тым, што ў выніку праведзенага ім лячэньня пацыент Віктар Фамін стаў інвалідам.

Увесну 97-га году рабочы вышэйшае катэгорыі Віктар Фамін, які меў тры спэцыяльнасці – токара, фрэзероўшчыка й шліфоўшчыка – зьвярнуўся ў прыватны салён, каб зьняць пазногцевыя пласьціны. Лекар Юшко зрабіў яму абязбольвальны ўкол, у выніку якога ў Фаміна пасінелі пальцы. Укол таксама прывёў да хімічнага апёку.

Замест таго, каб выклікаць "хуткую дапамогу", лекар пацярпелага супакоіў і параіў ісьці дадому. Уначы Віктару Фаміну зрабілася кепска, "хуткая дапамога" завезла яго ў шпіталь і там яму вымушаныя былі ампутаваць тры пальцы на правай руцэ. Чалавек стаў інвалідам, і ўжо тры гады ня можа прыцягнуць да адказнасьці вінаватага ў гэтай трагедыі.

Віктар Фамін лічыць, што Юшко зьнішчыў рэчавыя доказы – шпрыц і ампулы, а гарадзкі камітэт аховы здароўя прыкрывае нядобрасумленнага лекара. Справа ў тым, што намесьнік міністра аховы здароўя Сакалоўская з парушэньнямі выдала Юшко ліцэнзію – дазвол на прыватную практыку, а потым сама ўзначаліла камісію па дасьледваньню інцыдэнта з Фаміным.

Віктар Фамін у выніку атрымаў адпіску, зь якой вынікала, што, паколькі невядома, які прэпарат быў яму ўведзены, прыцягнуць лекара да адказнасьці немагчыма. Спадар Фамін лічыць, што чыноўнікі міністэртва ня столькі праяўляюць карпаратыўную салідарнасьць, колькі бароняць сябе ад адказнасьці за выданыя з парушэньнямі ліцэнзіі некваліфікаваным мэдыкам. У выніку дзейнасьці гэтых лекараў многія людзі сталі інвалідамі, а некаторыя нават пазбавіліся жыцьця.

Супраць Юшко сьледчыя ўзбудзілі крымінальнальную справу паводле артыкулу 106 Крымінальнага кодэксу (нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, якія пацягнулі страту здароўя). Але сьледчыя ня ўпэўненыя, што справа дойдзе да суду, бо Міністэрства аховы здароўя як правіла ўплывае на экспэртавыя камісіі, і тыя даюць такія заключэньні, якія дазваляюць лекарам пазьбегнуць судовай адказнасьці.