Навіны 28 студзеня 2000 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Міністэрства нутраных справаў Беларусі запэўнівае, што пад час мітынгу прадпрымальнікаў, заплянаванага на 31 студзеня, і сакавіцкага "Маршу Свабоды" будуць выкарыстоўвацца звычайныя захады забесьпячэньня парадку. "Мы не зацікаўленыя ў канфрантацыі" – заявіў "Радыё Свабода" кіраўнак управы міліцыі грамадзкае бясьпекі Сяргей Кузін.

Напярэдадні першай у гэтым годзе масавай акцыі пратэсту – мітынгу прадпрымальнікаў, што прызначаны на 31 студзеня, кіраўнік управы Міністэрства нутраных справаў, якое адказвае за грамадзкі парадак на вуліцах – палкоўнік Сяргей Кузін – пасьпяшаўся патлумачыць пазыцыю міліцыі:

"…Нешта прагназаваць я не хацеў бы, мы спрабуем заўсёды быць далей ад якіх бы ні было палітычных момантаў, кіравацца выключна законам", – запэўніў міліцэйскі начальнік.

Ён ацэньвае будучы мітынг на пляцы Бангалёр як звычайную акцыю, забясьпечыць парадак на якім сталічная міліцыя здольная без выкарыстаньня адмысловых сілаў і сродкаў. "Перад намі ніколі ня ставілася задача канфліктаваць, паверце мне, мы не зацікаўленыя ў канфрантацыі і не былі ў ёй зацікаўленыя", – сказаў палкоўнік Кузін, ацэньваючы вынікі леташняга супрацьстаяньня міліцыі і дэманстрантаў, у тым ліку пад час кастрычніцкага "Маршу Свабоды".

Хто ж у ёй зацікаўлены? Паводле палкоўніка, больш тыя, хто выходзяць на вуліцы пратэставаць супраць улады.

"Але арганізатамі сакавіцкага "Маршу" зьяўляюцца тыя ж асобы, якія арганізоўвалі першы "Марш Свабоды" ў кастрычніку", – удакладніў карэспандэнт. І атрымаў у адказ: "…Людзі ў розныя моманты па-рознаму сябе паводзяць. Усё будзе залежаць ад таго, ува што выльецца гэты "Марш Свабоды", што будуць рабіць людзі, як яны будуць сябе паводзіць", – гэткім быў адказ кіраўніка ўправы міліцыі грамадзкае бясьпекі.

Як бачым, ён не сказаў, што пад час "Маршу" адмысловыя сродкі выкарыстоўвацца ня будуць, зьвязаўшы будучыя дзеяньні міліцыі выключна з паводзінамі дэманстрантаў ды іхных кіраўнікоў.

Паводле дадзеных, якімі падзяліўся Сяргей Кузін, летась у Беларусі прайшлі 3752 палітычныя і грамадзкія акцыі, парадак на якіх давялося падтрымліваць міліцыянтам. 50 акцыяў не былі санкцыянаваныя. Пераважна на іх, як запэўніў палкоўнік, было затрымана 364 парушальнікі закону аб правядзеньні мітынгаў і дэманстрацыяў. Пераважная бальшыня іх судамі пакараная ў адміністрацыйным падрадку – папярэджаньнямі, штрафамі й адміністрацыйнымі арыштамі.

Лічбу, колькі міліцыянтаў пакарана за тое, што давалі ў судох хлусьлівыя паказаньні на затрыманых, палкоўнік Кузін не назваў. Паводле ягоных словаў, куды больш істотна, што ёсьць выпадкі, калі судзьдзі выносяць затрыманым апраўдальныя прысуды. "Гэта сьведчыць пра тое, што правы грамадзянаў у нас абараняюцца" – упэўнены палкоўнік Кузін.

Пры гэтым ён стаў на абарону тых супрацоўнікаў міліцыі, якія арыштоўваюць удзельнікаў вулічных акцыяў пасьля іхнага завяршэньня. "Гэта тлумачыцца меркаваньнямі тактыкі. Як крымінальнікаў затрымліваюць пасьля ўчыненьня злачынстваў, гэтак і з дэманстрантамі, якія парушылі закон", – адказаў палкоўнік.