У Ічкерыі зьнік карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі. Гэнеральны сакратар Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў Кофі Анан мерыцца абмеркаваць з расейскім кіраўніцтвам праблему разьвязаньня чачэнскага канфлікту. Апошні раз карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Бабіцкі выйшаў на сувязь з маскоўскай рэдакцыяй 15 студзеня. Пасьля гэтага пра яго да нас даходзілі толькі выпадковыя і няпэўныя зьвесткі. Так, у аўторак адна заходняя журналістка, якая выйшла з аточанага
Грознага сказала, што паводле ейных зьвестак Бабіцкі быў затрымаы фэдэраламі ў Грозным, альбо пры выхадзе зь яго і цяпер знаходзіцца ва Ўрус-Мартане. Агэнства "Интерфакс" са спасылкай на свае крыніцы ў расейскіх сілавых структурах паведаміла, што Бабіцкага хутчэй за ўсё затрымалі АМОНаўцы і цяпер ідзе высьвятленьне, якім чынам ён трапіў у раён баявых дзеяньняў без адпаведнай акрэдытацыі. У часе апошняй сустрэчы з журналістамі памочнік выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Расеі у справе каардынацыі інфармацыйна-аналітычнай працы фэдэральных ворганаў выканаўчай улады ў Чачні Сяргей Ястржэмбскі пра лёс Андрэя Бабіцкага сказаў наступнае: (Ястржэмбскі: ) "Затрыманы фэдэральнымі сіламі? Мне такая інфармацыя невядомая. Мне вядома, што спадар Бабіцкі сапраўды выйшаў з Грознага і прапаў(…) На вялікі жаль, спадар Бабіцкі ня быў акрэдытаваным па нашай лініі на тэрыторыі Чачэнскай рэспублікі. Натуральна, бясьпека яму гарантаваная і забясьпечаная не была". Насамарэч, акрэдытацыі ў Андрэя Бабіцкага і не магло быць, бо яна для замежных карэспандэнтаў не выдавалася. Да таго ж, ваеннае становішча альбо рэжым надзвычайнай сытуацыі ў Ічкерыі не абвяшчаліся і, паводле закону, акрэдытацыя ў гэтым выпадку зусім не абавязковая. Заклапочанасьць лёсам Андрэя Бабіцкага выказаў Саюз журналістаў Расеі, які ў адпаведнай заяве заклікаў кіраўніцтва аб'яднанай групоўкі на Паўночным Каўказе, а таксама кіраўніцтва двух расейскіх міністэрстваў (абароны і ўнутраных справаў) зрабіць усё магчымае, каб высьветліць лёс журналіста. Міністэрства абароны ў той самы дзень адказала, што зьвестак пра Бабіцкага яно ня мае. Сёньня ў Маскву з тохдзённым афіцыйным візытам прыехаў Гэнеральны сакратар ААН Кофі Анан. Апрача сустрэчы з выканальнікам абавязкаў расейскага прэзыдэнта Владзімірам Пуціным і міністрам замежных справаў Ігарам Івановым, у плянах Анана – сустрэчы зь кіраўнікамі міністэрства ў надзвычайных сытуацыях і Службы зьнешняй разьведкі Расеі. Апошнім часам Гэнеральны сакратар ААН неаднаразова крытыкаваў расейскую ваенную апэрацыю ў Ічкерыі, якая, паводле ягоных словаў, выйшла за межы антытэрарыстычнай апэрацыі і прынесла "вялікія пакуты і ахвяры мірнаму насельніцтву". Учора Кофі Анан сказаў, што ў часе візыту ён зьбіраецца ізноў заклікаць Расею да палітычнага разьвязаньня чачэнскага канфлікту ў дадаў: "У кожнай сытуацыі трэба перад усім кіравацца інтарэсамі мірнага насельніцтва". Да спыненьня баявых дзеяньняў і мірнага разьвязаньня ў Ічкерыі заклікала Расею і Арганізацыя "Іслямская канфэрэнцыя", якая таксама сказала пра патрэбу вызваліць усіх палонных і закладнікаў, абвесьціць усеагульную амністыю і бясьпечна вярнуць уцекачоў у Чачню. Тым часам у самой Ічкерыі працягваюцца баі. У Грозным усю ноч ішоў жорсткі бой у раёне аўтавакзалу "Южный", недалёка ад плошчы Мінутка. Абодвы бакі зазнаюць страты. Расейскае вайсковае кіраўніцтва паведамляе, што танкі і гарматніца вядуць абстрэл верхніх паверхаў будынкаў дзе знаходзяцца снайпэры. Тым часам чачэнскія крыніцы цьвердзяць, што расейскае вуойска ад плошчы Мінутка адступіла. На поўдні рэспублікі сутычкі ідуць ля высакагорнай вёскі Даў ў Шаройскім раёне. Апрача гэтага працягваюцца авіяцыйныя і гарматныя ўдары па Аргунскай і Вядэнскай цясьнінам, а таксама па аб'ектах ля вёсак Дуба-Юрт і Чышкі. І апошняе. Паводле паведамленьняў чачэнскага боку расейскі гэнерал Малафееў сканаў ад ранаў атрыманых некалькі дзён таму ў выніку бамбаваньня месца дзе ён утрымліваўся. Бомбавы ўдар, сказаў чачэнскі гэнерал Баўдзі Бакуев быў досыць дакладным. У выніку яго загінулі трое чачэнцаў і адзін палонны расейскі ахвіцэр, а гэнерал Малафееў быў цяжка паранены.