Навіны 18 студзеня 2000 г.

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Газэта "New York Times" аналізуе чарговую спробу расейцаў зламіць супраціў чачэнскіх незалежнікаў у Грозным. Тым часам камітэт салдацкіх маці цьвердзіць, што афіцыйныя паказчыкі стратаў расейскага войска ў Ічкерыі значна заніжаныя.

Старшыня Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы лёрд Расэл-Джонстан, які ўчора папярэдзіў расейскае кіраўніцтва пра магчымае прыпыненьне сяброўства Расеі ў гэтай арганізацыі, калі Масква ня спыніць баявыя дзеяньні ў Ічкерыі, прыехаў на Паўночны Каўказ.

Крэмаль, – піша сёньняшняя "New York Times", – які ўзнавіў наступ на Грозны, імкнецца да хуткага і рашучага захопу чачэнскае сталіцы. Каб зьменшыць супраціў незалежнікаў, расейскія авіяцыя і гарматніца ўзнавілі жорсткае масаванае бамбаваньне. Панядзелак стаўся рэкордным днём баявых налётаў на места, якое з экранаў тэлевізараў выглядала бясконцым вогнішчам з доўгімі пасмамі дыму пад самыя нябёсы.

Гэта – другі гэнеральны наступ расейцаў супраць няскораных іслямскіх паўстанцаў Грознага. Першы пачаўся ў сьнежні, але досыць хутка захлынуўся праз жорсткі супраціў і адсутнасьць паветранай падтрымкі з прычыны кепскага надвор'я. Апрача гэтага, ў бой была кінутая почасту недасьведчаная, а часам і слаба падрыхтаваная моладзь.

Чым цяперашні наступ будзе адрозьнівацца ад папярэдняга? Прадстаўнік расейскага вайсковага кіраўніцтва гэнерал-лейтэнант Трошын паабяцаў "радыкальныя зьмены" ў стратэгіі. Выглядае, піша "New York Times", што гэтым разам расейцы ўжывуць усю сваю агнявую магутнасьць, не зважаючы на наяўнасьць у Грозным прыблізна 40 тысячаў чалавек мірнага насельніцтва.

У часе папярэдняй вайны 94-96 гадоў, – піша сёньняшняя "Los Angeles Times", – загінула 80 тысячаў чалавек, пераважная бальшыня якіх былі невайсковыя людзі. Колькі жыцьцяў забрала гэтая вайна – невядома. Але паводле афіцыйных зьвестак расейскага вайсковага кіраўніцтва, на канец мінулага тыдня ў шэрагах расейцаў загінуў 741 чалавек і 2.233 былі параненыя. Тады ж газэта "Комсомольская правда" паводле сваіх крыніцаў, ацаніла страты ў 1300 забітых і 5.000 параненых. І вось цяпер Камітэт салдацкіх маці на падставе сабраных ім зьвестак заявіў, што колькасьць забітых расейскіх вайскоўцаў у Ічкерыі трэба ацэньваць у межах ад 3 000 да 3.500 тысячаў чалавек, а колькасьць параненых ад 5 да 6 тысячаў.

"Чалавечае жыцьцё ў расейскіх узброеных сілах ня мае аніякай вартасьці, – падае словы былога 20-гадовага артылерыста Бурнаева сёньняшняя "Los Angeles Times". – Для вышэйшага вайсковага кіраўніцтва страціць жаўнера тое самае, што выкінуць скарыстаны аўтобусны квіток".

Тым часам погляды расейскае прэсы зьвернутыя на візыт Старшыні Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы лёрда Расэл-Джонстана ў Маскву і Паўночна-Каўкаскі рэгіён. "Міжнародная ізаляцыя Расеі ў выніку чачэнскай вайны, рэальная як ніколі", – лічыць газэта "Сегодня". "Сур'ёзнасьць сытуацыі пацьвярджаецца тым, што выканальнік абавязкаў расейскага прэзыдэнта Пуцін тры гадзіны, замест плянаванай адной, пэрсанальна пераконваў Старшыню Парлямэнцкай Асамблеі ў тым, што пазыцыя Расеі ў Чачні – слушная".

"Візыт у Маскву і на Паўночны Каўказ старшыні Парлямэнцкай Асамблеі вельмі істотны. Лёрд Расэл-Джонстан можа рэальна адчуць, што гуманітарная сытуацыя ў рэгіёне – далёкая ад катастрафічнай, – пішуць "Известия". – Што ж тычыцца ракетаў і бомбаў, то гэта і наагул – лятарэя: могуць трапіць, а могуць і ня трапіць. Галоўнае, з чыйго боку разглядаць траекторыю іхнага палёту".

Тым часам сам лёрд Расэл-Джонстан ужо сустрэўся са старшынём Дзяржаўнае Рады Дагэстану Магамэдалі Магамэдавым, пасьля чаго на пытаньне журналістаў, на колькі пасьля гэтай паездкі можа зьмяніцца пазыцыя Рады Эўропы ў дачыненьні да сытуацыі на Паўночным Каўказе, адказаў, што пазыцыя наўрад ці зьменіцца, але ўсё трэба ўбачыць на ўласныя вочы.