Былы чылійскі дыктатар Аўгусто Піначэт ў хуткім часе, праўдападобна, атрымае магчымасьць выехаць дамоў у Чылі. Кансыліюм незалежных брытанскіх мэдычных экспэртаў пастанавіў, што ён вельмі хворы і ягоны стан здароў'я не дазваляе яму стаць перад судом. У сувязі з пастановай незалежных брытанскіх экспэртаў Міністэрства ўнутраных справаў Вялікай Брытаніі паведаміла, што цяпер яно вымушанае прыпыніць справу выдачы Аўгусто Піначэта Гішпаніі, дзе яго зьбіраліся судзіць паводле абвінавачаньняў у катаваньнях і забойствах гішпанскіх грамадзянаў у пэрыяд ягонай дыктатуры ў Чылі (1973 – 1990 гг.). Прыгадаем, што за гэты пэрыяд у Чылі было забіта і загінула безь вестак больш за 3000 асобаў, сярод якіх былі грамадзяне ня толькі Гішпаніі, але й шэрагу іншых краінаў. І таму сваё зацікаўленьне ў справе выдачы Піначэта ворганам правасудзьдзя сваіх краінаў выказалі таксама ўрады Швэйцарыі і Францыі. Пастанову ў справе стану здароў'я Піначэту прыняла група незалежных мэдычных экспэртаў у складзе 4 лекараў. У іх справаздачы гаворыцца, што Піначэт за апошнія некалькі год перанес некалькі мікраінфарктаў і цяпер зьяўляецца інвалідам, ня здольным знаходзіцца на лаве падсудных. Рашэньне лекарскага кансыліюму не зьяўляецца, аднак, пастановай ў справе далейшага лёсу былога чылійскага дыктатара. На яго падставе вырашаць павінна міністэрства ўнутраных справаў. Паведамляецца, што канчатковая пастанова ў справе выдачы Піначэта Гішпаніі будзе прынятая на працягу наступнага тыдня. У Гішпаніі Міністэрства замежных справаў выступіла із заявай, у якой гаворыцца аб праве Вялікай Брытаніі прыняць незалежную пастанову ў справе Піначэта. У самім жа Чылі ўрад краіны, а таксама шматлікія прыхільнікі былога дыктатара віталі пастанову брытанскіх экспэртаў, але ахвяры панічэтаўскага рэжыму і праваабарончыя групы ва ўсім сьвеце выказваюць сваё абурэньне і лічаць, што Піначэт такім чынам хоча пазьбегнуць правасуддзьзя. Але які б ня быў далейшы лёс былога чылійскага дыктатара, ясна, што цяпер ніводзін дыктатар, які парушае правы чалавека на сваёй бацькаўшчыне, ня можа адчуваць сябе ў бясьпецы ў замежжы. Дэмакратычны сьвет ня будзе даваць прытулак тым, хто робіць злачынствы супроць уласнага народу. Пра гэта выразна сьведчаць дзьве пастановы вышэйшае палаты брытанскага парлямэнту – палаты лордаў, якая выконвае ролю Вярхоўнага суду краіны. Спэцыяльная юрыдычная камісыя палаты двойчы пастанавіла, што Аўгута Піначэт павінен адказаць за свае злачынствы. Тое, што брытанскія ўлады могуць вырашыць прыпыніць справу экстрадыцыі Піначэта на падставе гуманітарных меркаваньняў, чакалася даўно. Падобная пастанова дазваляе брытанцам нейкім чынам захаваць твар пад вагнём крытыкі з боку праваахоўчых арганізацыяў, а таксама захаваць добрыя адносіны з чылійскім урадам, які ад самага пачатку патрабаваў адпусьціць Піначэта на бацькаўшчыну. Уражвае затое, што падобная пастанова была прынятая ў вельмі складаны для Чылі палітычны момант. Праз 5 дзён там павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары, выбары, якім папярэднічала вельмі вострая перадвыбарчая барацьба паміж левацэнтрысцкім кандыдатам Рыкардо Лагосам і кандыдатам правых Жоакінам Лавінам. І прыезд Піначэта дамоў у гэты момант можа схіліць грамадзкую падтрымку ў бок правых.