Навіны 12 студзеня 2000 г.

Уладзімер Глод, Менск

Нядаўнія буйныя пастаўкі чэскага збожжа ў Беларусь выклікалі супярэчлівыя паведамленьні ў беларускіх мас-мэдыя. У прыватнасьці, пісалася пра быццам бы дасягнутую дамоўленасьць наконт продажу паўмільёну тонаў збожжа ў крэдыт на пяць год. Беларуская тэлевізія неаднаразова (апошні раз 10 студзеня) паведамляла, што Чэхія нібыта выдаткавала крэдыт памерам 60 мільёнаў даляраў на закупку зерня.
Каб атрымаць дакладную інфармацыю, наш менскі карэспандэнт сёньня сустрэўся з Часовым павераным у справах Чэскае Рэспублікі ў Беларусі Алешам Фойцікам.

Паводле майго суразмоўцы, колькасьць збожжа, якое Чэхія можа рэалізаваць за межамі краіны – прэрагатыва дзяржавы. Так, у 1999 годзе Чэхія магла прадаць амаль мільён тонаў хлеба. Што тычыцца харчовага збожжа, дык мясцовыя фірмы для ягонага экспарту вымушаныя атрымаць адпаведныя ліцэнзіі. Куды, колькі й па якой цане прадаваць – усё гэта справа фірмаў.

Амбасада Беларусі ў Чэхіі паведаміла, што Міністэрства сельскае гаспадаркі й харчаваньня аб'явіла тэндар на закупку пшаніцы, ячменю і кукурузы на агульную суму 40 мільёнаў даляраў. Больш як дзесяць беларускіх прадпрыемстваў зьвярнуліся ў Прагу па кантракты й былі гатовыя купіць там мільён тонаў збожжа.

(Карэспандэнт: ) «Такія кантракты падпісаныя і ўжо выконваюцца?»

(Фойцік: ) «Рэалізавана толькі 140 тысячаў тонаў збожжа — дзьве партыі па 70 тысячаў. Разьлічыцца за іх патрэбна на працягу шасьці месяцаў з моманту продажу – тэрмін пачаў адлічвацца ад сярэдзіны сьнежня. Размова йдзе пра вельмі кароткую адтэрміноўку плацяжоў, што адпавядае банкаўскім нормам. Беларусь павінна вярнуць крэдыт Чэскаму экспартоваму банку ў памеры каля 20 мільёнаў даляраў да збору збожжа новага ураджаю».

Спадар амбасадар зьвяртае ўвагу на тое, што за збожжа Беларусь павінна разьлічыцца валютаю, бартэр не прадугледжаны. І разьлічыцца на працягу 6 месяцаў, а не 5 год. Ён таксама ўдакладніў, што можна казаць пра суму кантрактаў, меншую чым 20 мільёнаў даляраў, а не пра 60 мільёнаў, як сьцьвярджае Беларуская тэлевізія.

(Карэспандэнт: ) «Спадар Фойцік, часам можна пачуць, што продаж збожжа – няхай і на ўмовах кароткачасовага крэдыту – зьяўляецца сваеасаблівай гуманітарнай дапамогаю далёка не дэмакратычнаму рэжыму Беларусі?»

(Фойцік: ) «Гэта не гуманітарная дапамога, паколькі за збожжа трэба плаціць. З другога боку, гэта дапамога на пэрспэктыву, на будучыню. Утрымаць цяпер статак Беларусі вельмі цяжка. Можна яго парэзаць, як гэта было ў свой час ў Югаславіі – а што далей? І калі нехта ў Менску гаворыць: «Прага прыйшла на дапамогу рэжыму», дык гэта ня так. Ня забывайцеся, стаіць пытаньне пра будучыню Беларусі, пра ейную жывёлагадоўчую галіну. Згубіць яе лёгка, узнавіць цяжка».

Так лічыць Часовы павераны ў справах Чэскае Рэспублікі ў Беларусі Алеш Фойцік.