Навіны 07 студзеня 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Стасункі Аляксандра Лукашэнкі з Праваслаўнай царквою на працягу яго знаходжаньня пры ўладзе цярпелі значныя зьмены...

Пасьля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах 94-га году, пад час якіх кіраўніцтва Царквы на чале зь мітрапалітам Філарэтам адкрыта падтрымлівала былога прэ'ера Вячаслава Кебіча, Лукашэнка пэўны час ставіўся да царкоўнага кіраўніцтва падкрэсьлена халодна. У часе выбарчае кампаніі ён нават абяцаў, прыйшоўшы да ўлады, разабрацца з "жулікамі-царкоўнікамі", якія займаліся камэрцыяй і пры гэтым амаль не плацілі дзяржаве падаткаў.

Нагадаем, што ў апошні пэрыяд свайго кіраваньня Вячаслаў Кебіч забясьпечыў вялікія падаткавыя ільготы Беларускаму экзархату, які ў той час актыўна займаўся аднаўленьнем старых храмаў і будаўніцтвам новых. Пры экзархаце быў створаны адмысловы фонд "Дыяканія", задачаю якога было здабываньне сродкаў на патрэбы Царквы. Шукаць гэтыя грошы супрацоўнікі "Дыяканіі" пачалі, пастаўляючы на беларускі рынак безакцызныя сьпіртовыя напоі ды цыгарэты з Заходняй Эўропы. Інфармацыя пра гэты бізнэс Праваслаўнае царквы трапіла ў мас-мэдыя і разгарэўся нежартоўны скандал.

На жорсткія выказваньні будучага першага беларускага прэзыдэнта на адрэсу царкоўнага кіраўніцтва ўплывала, відавочна, і яго савецкая сьвядомасьць. Як вядома, савецкія людзі ў адпаведнасьці зь ленінскімі запаветамі павінны былі лічыць рэлігію "опіюмам для народу".

Перамогшы на выбарах, Лукашэнка не адразу разьвітаўся са сваім не надта прыхільным стаўленьнем да Царквы. Менавіта з 1994 году паходзяць прызнаньні Лукашэнкі галоўнаму рэдактару польскай "Gazety Wyborczej" Адаму Міхніку пра тое , што ён "савецкі беларус" і "праваслаўны атэіст".

Аднак пазьней Лукашэнка, верагодна, усьвядоміў, што з Праваслаўнай царквою (асабліва расейскай) трэба сябраваць, бо ад гэтага сяброўства можна мець палітычныя выгоды. Таму ўжо ў 95-м годзе мітрапаліта Філарэта сталі запрашаць на розныя дзяржаўныя акцыі, а Лукашэнка стаў зьяўляцца на Каляды й Вялікдзень у царкве.

Праўда, спачатку адчуваў ён там сябе ня вельмі ўтульна: ня ведаў, што можна гаварыць у храме, а чаго нельга, як трэба трымаць сьвечку і куды можна станавіцца пад час богаслужбы. З-за гэтай непісьменнасьці часам здараліся сур'ёзныя казусы, кшталту паднятага Лукашэнкам бакалу "за жэншчын" у часе афіцыйнага прыёму ў рэзыдэнцыі манаха мітрапаліта Філарэта.

Аднак з цягам часу Лукашэнка асвойваў падставы праваслаўнай этыкі і наладжваў усё больш шчыльныя адносіны як з патрыяршым экзархам Беларусі, так і з самім маскоўскім патрыярхам Алексіям.

Ужо ў 1996 годзе, падчас падпісаньня ў Маскве дамовы пра ўтварэньне садружнасьці Беларусі й Расеі, уладыкі Алексій і Філарэт асьвячалі гэты "гістарычны акт". Прысутнічалі патрыярх са сваім беларускім экзархам і пад час наступных інтэграцыйных актаў, што сьведчыць пра ўзросшы давер з боку Лукшэнкі да праваслаўя.

У публічных прамовах беларускага лідэра сталі ўсё часьцей зьяўляцца словы аб праваслаўнай духоўнасьці, якая павінна стаць падставаю для будаўніцтва новай славянскай ідэялёгіі беларускае дзяржавы.

Маскоўскі патрыярх навогул стаў, паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, ягоным духоўным настаўнікам. Праўда, часам, у хвіліны раздражненья, Лукашэнка зрываўся, і тады зь яго вуснаў можна было пачуць даволі хамскія выказваньні на адрэсу царкоўных ерархаў.

Такое здарылася напярэдадні гэтак званага рэфэрэндуму 1996 году. У часе правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу Лукашэнка ў палемічным запале кінуў у залю фразу кшталту: калі мне ня верыце, то вунь Філарэт сядзіць, ён пацьвердзіць. Пасьля гэтых словаў мітрапаліт сядзеў, апусьціўшы ад сораму вочы, але крыўду сьцярпеў.

Больш аніякіх канфліктаў і скандалаў паміж сьвецкай уладаю і Царквою ў Беларусі не назіралася. Больш таго, экзархат стаў сваеасаблівым неафіцыйным міністэрствам рэлігіі, пра што яскрава сьведчыць цяперашні візыт мітрапаліта Філарэта ў складзе афіцыйнае беларускае дэлегацыі ў Сьвятую Зямлю. Па ўсім відаць, што абодва бакі такім становішчам справаў задаволеныя.