Вынікі Году: падзеі на станцыі мэтро "Няміга". Дзень 30 траўня стаў яшчэ адной чорнай датаю ў гісторыі Беларусі. Тады ў выніку страшэннае цісканіны ў падзямельным пераходзе на станцыі мэтро "Няміга" загінула больш за 50 і пацярпела некалькі соцень чалавек. На праспэкце Машэрава праходзіў рок-канцэрт і сьвята піва. Увечары пачалася навальніца. Паводле сьведкаў, прыкладна 2 тысячы чалавек пабеглі ў бок падземнага пераходу, каб выратавацца ад дажду. Мы ніколі не даведаемся, хто першы пасьлізнуўся на каменных прыступках, чый абцас уклініўся ў шчылінах каналізацыйных кратак. Тыя, хто беглі ззаду, не пасьпявалі спыніцца. Яны спатыкаліся й падалі на тых, хто ляжаў на прыступках… Натоўп ня сканчаўся. Пасьля мэдыкі зробяць высновы, што бальшыня папросту задыхнулася, а частка была сьмяротна параненая абцасамі. Наступнымі днямі Беларусь перажывала сапраўдны шок. Тады ж зьявіўся безьліч вэрсіяў прычынаў здарэньня. Улады настойвалі на тым, што сьмерць людзей – гэты няшчасны выпадак і зьбег акалічнасьцяў. Прадстаўнікі апазыцыі абвінавачвалі афіцыйны бок у наўмысным спойваньні непаўнагадовых. Вернікі лічаць, што трагедыя 30 траўня – ёсьць Боскай караю, бо нельга ладзіць сьвята на мейсцы разбуранае царквы ў дзень Сьвятое Троіцы. Прэзыдэнт Міжнароднае асацыяцыі беларусістаў Адам Мальдзіс узьняўся над фактамі. Спадар Мальдзіс разглядае трагедыю на Нямізе ў кантэксьце гісторыі й нашага стаўленьня да яе: (Мальдзіс: ) "Тут трэба, відаць, вярнуцца думкамі ў мінулае. Усё пачалося значна раней, галоў 15 назад. Калі мы змагаліся за тое, каб станцыя Няміга не існавала, каб мэтро не пайшло пад цэнтрам гораду. Відаць ёсьць нейкія гістарычныя, маральна-этычныя нормы, якіх нельга парушаць. І тады, калі будавалася станцыя мэтро на Нямізе, калі лінія прайшла пад Верхнім Горадам, пад храмамі, у якіх зрабіліся шчыліны, ужо тады ў мяне было нейкае прадчуваньне бяды. Тут ёсьць аспэкт, які амаль не закранаўся ў нашых сродках масавай інфармацыі. Ніхто не зьвяртаў увагі на тое, што нельга было дапускаць такія гулі на "Нямігі крывавых берагах", там, дзе быў гістарычны цэнтар гораду, дзе было замчышча, дзі, вядома, былі і цьвінтарышчы, былі і храмы… І на гэтым сьвятым месцы нельга было ні ў якім выпадку праводзіць такое масавае шоў. Гісторыя помсьціць, калі яе забываюць. Апрача таго, і дзень быў сьвяты – Сьвяітой Тройцы. Гісторыя помсьціць, бузумоўна". Гэта былі меркаваньні Адама Мальдзіса. Паводле савецкай звычцы, улады зрабілі шмат дзеля таго, каб хада расьледваньня трымалася ў сакрэце, а на жудаснае здарэньне людзі забыліся як мага хутчэй. Ад самога пачатку бацькам загінуўшых не дазволілі ўдзельнічаць у працы дзяржаўнае камісіі, якая высьвятляла акалічнасьці трагедыі. Чыноўнікі зрабілі свае высновы раней за сканчэньне сьледзтва, якое вядзецца пракуратураю Беларусі й дагэтуль. А вынікі працы камісіі застаюцца невядомымі. Праваахоўныя ворганы некалькі разоў падаўжалі тэрмін сьледзтва. За сем месяцаў, што мінулі з дню трагедыі, сьледчыя не пасьпелі апытаць усіх пацярпелых і сьведкаў. Дагэтуль няма мэдычных заключэньняў пра зьнявечаньні людзей. Прадстаўнікі пракуратуры называюць дзеяньні грамадзкае камісіі, якая праводзіла сваё, незалежнае расьледваньне, «антызаконнымі». Між тым, у выніку працы камісіі было ўстаноўлена што колькасьць ахвяраў магчыма перавышае афіцыйныя лічбы на 20 чалавек, а пацярпела ў той дзень 400, замест аб'яўленых 150-ці, удзельнікаў канцэрту. Сябры грамадзкае камісіі упэўненыя, што за сьмерць людзей павінны адказваць Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт і мяйсцовы аддзел міліцыі. Бо менавіта гэтыя ворганы ня здолелі зарганізаваць ахову й правесьці належныя захады ў бясьпецы. Кіраўніцтва Менску не прызнае сваёй віны. Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт не згаджаецца на ўсталяваньне помніку на мейсцы трагедыі. Маўляў, Няміга – гэта гістарычны раён, дзе будаўніцтва новых аб'ектаў немагчымае. Старшыня выканаўчага камітэту Ўладзімер Ярмошын не сустракаецца з бацькамі праз сваю занятасьць. Кожны месяц 30 чысла бацькі й сваякі зьбіраюцца ў падземным пераходзе, дзе сьмерць напаткала іхных дзяцей і сваякоў. Аднак гарадзкія чыноўнікі ігнаруюць штомесяцовыя паніхіды. Акрамя маруднае хады сьледзтва і абыякавасьці з боку гарадзкіх уладаў бацькам выпадае сутыкаюцца з натуральным хамствам. Міліцыянты некалі крычалі ў твар маці, чыя дачка не вярнулася дадому: "Мы вашых дзяцей туды не цягнулі". Адміністрацыі некаторых гарадзкіх могілах не жадалі выконваць волю бацькоў і хаваць загінуўшых. Пералік такіх фактаў можна працягваць. Перад усім гэта сьведчыць пра маральны стан грамадзтва. А дакладней – пра нашую маральную дэградацыю. Гаворыць Адам Мальдзіс: (Мальдзіс: ) "Я чуў апавяданьні многіх, якія гаварылі, што атмасфэра была нейкая жахлівая, нейкая д'ябальская, і што твары ва ўдзельнікаў гэтага "сьвята" былі літаральна перакошанымі ад нянавісьці…Трэба ж было мець нешта нечалавечае, каб ісьці па целах іншых. Той маральны Чарнобыль, які ў нас у Беларусі існуе, безумоўна можа быць нават страшнейшы за той, фізычны. Бо вынікі маральнага Чарнобыля – непрадказальныя. Сёлета ён выявіўся ў катастрофе на Нямізе, невядома, у чым ён выявіцца ў наступныя гады". Так лічыць Адам Мальдзіс. Беларуская грамадзтва не зрабіла высноваў з трагедыі 30 траўня. Стандарты бясьпекі пад час будаўніцтва грамадзка значных аб'ектаў не зьмяніліся. Усе адказныя асобы захавалі свае пасады, а некаторыя зь іх нават пайшлі на падвышэньне. Бадай што адзіным напамінам пра жудасную трагедыю застаюцца надпісы на сьценах падземнага пераходу. Але людзкая памяць вельмі кароткая. На мейсцы сьмерці дзяцей жывыя людзі прызначаюць спатканьні. А некаторыя пытаюцца: а што тут здарылася?