Навіны 20 сьнежня 1999 г.

Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня у Заводзкім раённым судзе Менску быў прадоўжаны разгляд адміністрацыйных справаў лідэраў і актывістаў дэмакратычных прафэсійных зьвязаў, якія былі затрыманыя 16 сьнежня ля прахадной Менскага аўтамабільнага заводу.

Як высьветлілася сёньня, судзіць прадстаўнікоў дэмакратычных прафэсійных зьвязаў вырашана ня разам, а паасобку. Суд Заводзкага раёну заплянаваў у гэтай сувязі разгляд сямі пэрсанальных справаў.

Першай на такім канвэйеры апынуўлася справа Зьміцера Пліса, намесьніка старшыні Свабоднага прафэсійнага зьвязу Менскага аўтазаводу. Мы ўжо паведамлялі, што судовы працэс над ім быў распачаты яшчэ 16 сьнежня. У той той самы дзень, калі адбыліся затрыманьні. Дакладней, а 20-й гадзіне вечару таго ж дню, з прычыны чаго Зьміцер Пліс заявіў пратэст. Сёньня судзьдзя Жана Хвайніцкая, у адрозьненьне ад папярэдняга разгляду, дазволіла яму сёньня азнаёміцца са справаю.

Міліцыя, што праводзіла ягонае затрыманне, інкрымінавала яму парушэньне грамадзкага парадку. А менавіта заклік да рабочых МАЗу прыняць удзел у нясанкцыянаваным мітынгу ля прадпрыемства.

Начальства Заводзкага РАУС Менску накіравала на працэс у якасьці сведак трох сваіх супрацоўнікаў, якія падцьвердзілі зьмест міліцэйскага пратаколу. Зь іншага боку, ніхто зь іх ня мог прыгадаць зьмест заклікаў Зьміцера Пліса да рабочых аўтазаводу.

Яшчэ болей блытаныя паказаньні далі супрацоўнікі службы аховы МАЗу, якія на судовы працэс былі накіраваныя заводзкай адміністрацыяй. У прыватнасьці, Уладзімер Караткоў засьведчыў на судзе, што Пліса арыштавалі раней, чымсьці ён мог весьці незаконную агітацыю сярод аўтазаводцаў.

Менавіта пра абсурдавасьць і надуманасьць абвінавачваньняў гаварылі на судзе відавочцы арышту намесьніка старшыні Свабоднага прафэсійнага зьвязу МАЗу зь ліку прадстаўнікоў дэмакратычных прафэсійных зьвязаў.

Напрыклад, прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафэсійных зьвязаў Віктар Бабаед прадставіў сёньня на судзе вось якую вэрсію падзеяў, пры якіх адбыліся арышты Зьміцера Пліса й астатніх прафзьвязовых актывістаў: "Слуханьне справы Зьміцера Пліса ня выявіла пераканаўчых аргумэнтаў на карысьць абвінаваўцаў".

Між тым, судзьдзя Жана Хвайніцкая вынесла прысуд і бяз такіх аргумэнтаў. Паводле яе рашэньня, намесьнік кіраўніка Свабоднага прафэсійнага зьвязу МАЗу быў прызнаны вінаватым, яму вынесена пакараньне – штраф на 29 мільёнаў беларускіх рублёў.

Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне для нашага радыё Зьміцер Пліс: "Уражаньне навогул нэгатыўнае. Сорамна за нашу праўную сыстэму. У гэтым працэсе вельмі адчувалася, што наш суд не зьяўляецца незалежным. На суд аказваецца ціск. Як паказвалі сьведкі, прычым ня мной запрошаныя, у іх былі вельмі супярэчлівыя паказаньні, прычым на маю карысьць. Але судзьдзёй яны чамусьці пад увагу не браліся", – зазначыў Зьміцер Пліс.