Навіны 16 сьнежня 1999 г.

Аляксандар Лукашук

Аказваецца існуе яшчэ адзін запіс сьведчаньняў Тамары Віньнікавай, зроблены за месяц да яе зьнікненьня, у якім яна расказвае аб сродках, з дапамогай якіх каманда Лукашэнкі прыйшла да ўлады, аб крыніцах фінансаваньня перадвыбарчай кампаніі першага прэзыдэнта Беларусі, аб гандлі зброяй ды іншым. Пра гэта ды пра іншае ў інтэрвію Аляксандру Лукашуку гаворыць адзін з кіраўнікоў Беларускага Гэльсынскага Камітэту, былы афіцэр КГБ Валер Костка. (Поўная вэрсія інтэрвію)

(Карэспандэнт: ) "Спадар Костка, прайшло ўжо некалькі дзён з моманту сэнсацыйнага вяртаньня Тамары Віньнікавай. Як Вы сёньня ацэньваеце інфармацыйную каштоўнасьць таго, што яна сказала?"

(Костка: ) "Інфармацыйная каштоўнасьць заключаеццца больш у тым, што яна яшчэ не пасьпела сказаць. Небясьпека для рэжыму заключаецца якраз у той інфармацыі, якой валодае Віньнікава, і якую яна яшчэ не пасьпела данесьці да грамадзянаў Беларусі і да астатніх".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, ці зьмяняе зьяўленьне Віньнікавай сытуацыю ў цэлым у Беларусі, ці гэта істотна, Вы лічыце, для лёсаў іншых людзей?"

(Костка: ) "Я думаю, зьяўленьне Віньнікавай – гэта невыпадкова. Невыпадкова. І, безумоўна, яна памяняе сытуацыю ў тым сэнсе, што спробы зьвесьці зьнікненьні людзей і ўсе гэтыя махінацыі, фінансы і так далей, – сьпісаць на нейкі крымінал. Тут можа быць якраз перамена думак у гармадзянаў Беларусі, якія пра гэта ня ведалі".

(Карэспандэнт: ) "Значыцца, гэта будзе не на карысьць уладаў?"

(Костка: ) "Не на карысьць уладаў. І, нават, інтэрвію, якое прагучала, яно ўжо не на карысьць уладаў".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Костка, Тамара Віньнікава, расказваючы пра свой арышт, гаворыць, што ёй удалося ўратавацца пад час моманту перадачы яе з пад рэгулярнай так сказаць варты ў нейкую групу, якая павінна была займацца зьнішчэньнем апазыцыі. У гэтай сувязі яна згадвае імёны і іншых апазыцыянэраў, у тым ліку Генадзя Карпенкі…"

(Костка: ) "Я ўпэўнены ў тым, што Карпенка памёр не сваёй сьмерцю, і якраз пасьля сьмерці Генадзя Карпенкі я крыху інакш стаў глядзець на ролю і лідэраў Беларусі, і неабходнасьць забесьпячэньня іх асабістай бясьпекі. Я ня думаю, што Віньнікава такі чалавек, які мог бы зьбегчы фізычна, зьбегчы ад гэтай аховы".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Костка, вяртаючыся да тэмы гэтай групы фізычнага зьнішчэньня лідэраў апазыцыі, пра якую яна згадвала. Падзеі гэтага, 1999 году, надзвычай небясьпечныя. Такога раней у Беларусі проста не было. На сёньня, нагадаю, няма Віктара Ганчара, няма Юрыя Захаранкі, няма Анатоля Красоўскага, няма Генадзя Карпенкі. Пэўны час назад у Інтэрнэце быў апублікаваны так званы плян фізычнага зьнішчэньня лідэраў апазыцыі. Як бы Вы маглі пракамэнтаваць ягоны зьмест?"

(Костка: ) "Усе гэтыя зьнікненьні і сьмерці, у тым ліку Генадзя Карпенкі, гэта, бузумоўна, на мой погляд былога апэратыўніка, гэта ланцужок адной нейкай зьявы. Я б не хацеў казаць, што няма Ганчара, няма Захаранкі і Красоўскага, таму што, магчыма, іх проста няма на волі, мы ня ведаем, дзе яны знаходзяцца, але вось факт сьмерці Карпенкі – гэта ўжо незваротная падзея, і гэта вельмі шкада.

Дарэчы, што датычыцца гэтага пляну. Я пасьпеў зь ім пазнаёміцца таксама. Хачу сказаць, што тут шмат недакладнасьцяў, але ёсьць і пэўная праўда. Сапраўды, існуе такі чалавек, як, скажам, Ткачэнка Ўладзімер Мікалавевіч, начальнік адзьдзела апэратыўнага рэагаваньня Дзяржаўнага сакратарыяту Савету Бясьпекі. Па рангу ён намесьнік кіраўніка. Магчыма, там у штаце яшчэ ёсьць… Але нам вядома, што ёсьць яшчэ структура спэцыяльная пры гэтым аддзеле, якая зараз, пасьля пэўных падзеяў у Беларусі, пераведзеная ў Шабаны, на былую базу МУС. Там іх значна больш, каля сотні чалавек. Гэта якраз тыя апэратыўнікі, якія займаюцца пытаньнямі апэратыўна-тэхнічнага забесьпячэньня гэтага аддзела.

Сапраўды, пры Савеце Бясьпекі створная, магчыма, самая моцная зараз спэцслужба, якая па некаторых тэхнічных сваім магчымасьцях перакрывае і структуры КДБ, МУС і памежных войскаў.

Акрамя таго, у падпарадкаваньне Савету Бясьпекі пераведзены Дзяржаўны цэнтар бясьпекі і інфармацыі, дзе вельмі шмат атрымліваюць інфармацыі з дапамогай тэхнічных сродкаў, пра якія людзі ня ведаюць, у тым ліку і кіраўнікі, якія сядзяць і ў вобласьці, раёне і так далей".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Костка, ва ўмовах адсутнасьці афіцыйнай інфармацыі ў справе зьнікненьня лідэраў апазыцыі, безумоўна, што ў грамадзтве цыркулююць розныя чуткі. Вось калі ўзяць два экстрэмальныя, так сказаць, бакі гэтых чутак. Першае, гэта тое, што гэтых людзей няма сярод жывых. Расказваюць падрабязнасьці, што, нібыта, целы іх зь верталётаў скінулі ў палескія балоты. І другі варыянт, што яны напэўна жывыя, бо такіх людзей, як Захаранка, як Ганчар з Красоўскім, ня можна было захапіць аднаму чалавеку, значыць іх было больш чым адзін чалавек, значыцца былі сьведкі, а калі былі сьведкі, дык такое і не магло здарыцца – самае горшае. Як бы вы пракамэнтавалі гэтыя погляды?"

(Костка: ) "У нас жа ў "Навінах" быў надрукаваны матэрыял – сакрэтны плян супраць апазыцыі, і, дарэчы, ён пераклікаецца з тым, што апублікаваны ў Інтэрнэце. Дык там увогуле ставілася задача па разлажэньні апазыцыі і па дыскрэдытацыі лідэраў гэтай апазыцыі. У тым ліку, гэта не прагучала ў друку, але зараз ужо можна аб гэтым казаць, там быў пункт і адносна лідэра Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка, дзе таксама ставілася задача працэсуальнымі ды іншымі сродкамі вярнуцца да крымінальнай справы па 71 артыкуле, і супраць Пазьняка таксама ладзіліся пэўныя пляны, але ён апынуўся за мяжой, і іх рукі проста не дацягнуліся да Пазьняка.

Гэты плян быў надрукаваны недзе ў красавіку, і, калі зараз прааналізаваць, дык там амаль усе пункты прыведзеныя ў выкананьне.

Улада вельмі баіцца, яна адчувае сваю адказнасьць за 5-гадовае праўленьне сваё, і што рана ці позна будзе праведзеная зьмена. Хто павінен прысьці? Якраз такія людзі, як лідэры – Карпенка, Пазьняк, Захаранка і так далей. Яны якраз і маглі б патрабаваць ад улады адказаць на ўсе пытаньні, адказаць за ўсе тыя злачынствы, якія ўлада тварыла за гэтыя 5 гадоў. Таму абезгалоўліваньне апазыцыі – гэта адзін са сродкаў абароны сваёй бясьпекі.

Вось зараз кажуць, што няма каго ставіць. Сапраўды, атрымліваецца так, што былі лідэры, былі нейкія спрэчкі паміж імі. А як гэтых лідэраў ня стала, дык няма і што сказаць. Вось хто сёньня зьяўляецца лідэрам у Беларусі? Фактычна адзін Зянон Пазьняк, і знаходзіцца ён за мяжой.

Яшчэ хачу сказаць Вам, што мы зь Віньнікавай недзе за месяц сустракаліся, у тым ліку Гары Паганяйла, я прысутнічаў на сустрэчы. Размову, дарэчы, задакумэнтавалі зь яе дазволу на стужку. Там яна шмат чаго казала і ведала, у тым ліку пра тое, якім чынам прыйшла да ўлады каманда Лукашэнкі, як фінансаваньне праводзілася, што такое "Беларусьбанк" і як гандаль зброяй ажыцьцяўляўся, чаму "Беларусьбанк" меў у нейкі момант у гэтым ролю.

Таму я думаю, што зьяўленьне Віньнікавай многа можа праліць сьвятла ў пэрспэктыве на тыя падзеі, на тую хлусьню, якая 5 гадоў лілася на грамадзянаў Рэспублікі Беларусь".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Костка, а гэты запіс, які ягоны лёс, дзе ён знаходзіцца?"

(Костка: ) "Як любая іншая інфармацыя, яна павінна знаходзіцца ў надзейным месцы".

(Карэспандэнт: ) "Ці можа разьлічваць, што нашыя слухачы маглі б пазнаёміцца зь ім?"

(Костка: ) "Я думаю, так. Толькі трэба паглядзець, калі гэта лепш зрабіць".

Гутарыў