Сёньня мы зьвярнуліся да жонкі зьніклага палітыка Зінаіды Ганчар з просьбай адказаць на нашыя пытаньні. Улады ўсё ж узбудзілі крымінальную справу па факце зьнікненьня Вашага мужа. Ці вядома спадарыні Ганчар што-небудзь у гэтай справе, ці супрацоўнічае зь ёй сьледзтва? (З. Ганчар: ) "Месяц таму я зьвярталася да сьледчага пракуратуры Новікава з тым, каб пазнаёміцца з матэрыяламі сьледзтва, паколькі я зьяўляюся як бы пацярпелым бокам, і мне гэта не забаронена. На гэта Новікаў мне адказаў, што паколькі справа яшчэ ў працы, не закрытая, я ня маю на гэта права. І больш нічога канкрэтнага мне не сказаў". Як вядома, былая старшыня Нацыянальнага Банку Беларусі Тамара Віньнікава ў адным са сваіх інтэрвію дала зразумець, што ўлады маюць беспасярэдняе значэньне да лёсу Генадзя Карпенкі, а таксама Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. Мы папрасілі Зінаіду Ганчар даць камэнтар на гэты конт. (З. Ганчар: ) "Я б не хацела камэнтаваць гэтае выказваньне, паколькі для камэнтароў у нас ёсьць палітыкі, палітолягі, журналісты, псыхолягі, таму хай гэтым займаюцца яны". Ці засталася надзея ў Зінаіды Ганчар калі-небудзь убачыць свайго мужа? На гэта яна адказала: (З. Ганчар: ) "Прынамсі, я вельмі спадзяюся на гэта. Я думаю, што павінна хапіць розуму у таго боку, які гэта зрабіў".