Навіны 13 сьнежня 1999 г.

Юрась Карманаў, Менск

Сёньня ў сьледчым ізалятары быў жорстка зьбіты дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Андрэй Клімаў – у яго траўмаваная рука, чэрапна-мазгавая траўма і шматлікія сьляды пабояў.

Выклікам "хуткай дапамогі" ў будынак суду Ленінскага раёну Менску завершылася сёньня спроба даставіць у суд дэпутата Вярхоўнага Савету Беларусі Андрэя Клімава. У сьледчым ізалятары зранку Клімаў быў жорстка зьбіты й дастаўлены ў суд.

Ехаць у суд са сьледчага ізалятару Андрэй Клімаў самастойна адмовіўся, матывуючы гэта тым, што 10 сьнежня судзьдзя Тупік выдаліла яго з залі суду да абвяшчэньня прысуду. Так судзьдзя Тупік адрэагавала на настойлівыя спробы Клімава заявіць чарговыя хадайніцтвы.

Аднак сёньня яна зноў пажадала ўбачыць Андрэя Клімава на працэсе. Адпаведнае паперы наконт прыводу Клімава ў суд судзьдзя Тупік ня склала, што й стала падставаю да адмовы Клімава ехаць туды.

Як паведаміла нашаму радыё маці Клімава Ала Пятроўна, пасьля непадпарадкаваньня загадам супрацоўнікаў СІЗА Клімава пачалі моцна зьбіваць нагамі.

Паводле словаў Алы Клімавай, Андрэй апрытомнеў толькі пасьля таго, як яго завалаклі ў машыну. У суд Клімава даставілі без абутку і ў падранай вопратцы. Сюды ж была выкліканая «хуткая дапамога».

Мэдработнікі пасьля першапачатковага агляду ўстанавілі ў Клімава траўму жывата й чэрапна-мазгавую траўму. Сказаць дакладна, ці зламаная ў Клімава левая рука, можна будзе толькі пасьля таго, як будзе зроблены рэнтгэнаўскі здымак.

Заўважу, што лекары «хуткай дапамогі» настойвалі на тым, каб Андрэй Клімаў быў дастаўлены ў 6-ы клінічны шпіталь. Аднак судзьдзя Тупік загадала адвезьці яго назад у сьледчы ізалятар.

Рухацца самастойна Клімаў быў ня здольны. У машыну яго заносілі. Ці аказаная Клімаву мэдычная дапамога ў сьледчым ізалятары, дагэтуль невядома.

34-гадовы бізнэсовец і дэпутат Андрэй Клімаў быў зьмешчаны ў сьледчы ізалятар па абвінавачваньню ў фінансавых махлярствах. 11 студзеня споўніцца два гады, як Клімаў утрымліваецца ў СІЗА.