Навіны 09 сьнежня 1999 г.

Міхал Стэльмак, Менск

На Менскім аўтамабільным заводзе сёньня адбыўся гвалтоўны захоп офісу Cвабоднага прафэсійнага зьвязу. Паводле атрыманых намі зьвестак, напад ажыцьцявіла службы аховы прадпрыемства ў адпаведнасьці з указаньнем кіраўніка МАЗу Валянціна Гурыновіча.

Была сканфіскаваная прафзьвязовая маёмасьць, дакумэнты прафзьвязовай арганізацыі.

Сьведкамі гэтага гвалту сталіся намесьнік старшыні Свабоднага прафэсійнага зьвязу МАЗу Зьміцер Пліс і бугальтарка Ганна Канаш. Паводле зьвестак апошняй, група захопу дамагалася ад працаўнікоў прафэсійнага зьвязу падпісаць акт канфіскацыі. Аднак абодва сьведкі адмовіліся гэта зрабіць.

А 15-й гадзіне спадарыню Канаш адпусьцілі дадому, а Зьміцер Пліс застаўся ў офісе. На момант перадачы гэтага паведамленьня ён усё яшчэ заставаўся там, але падрабязнасьці ад яго даведацца немагчыма, бо тыя, хто ўчыніў захоп, адключылі тэлефоны й выставілі ахову.

Мяркуецца, што адміністрацыя МАЗу скарыстала зручны момант. Старшыня Свабоднага прафэсійнага зьвязу Міхал Марыніч, які, нагадаем, зьяўляецца лідэрам рэспубліканскай арганізацыі прафэсійных зьвязаў мэталістаў, сёньня па прафзьвязовых справах знаходзіцца ў Салігорску.