Навіны 08 сьнежня 1999 г.

Сяргей Навумчык, Прага

Пасьля падпісаньня дамовы адбылася прэсавая канфэрэнцыя Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасьці, ён заявіў, што Беларусь не баіцца апынуцца разам з Расеяй у прыгнечаным стане адносна Захаду. "Нас і так ужо сёньня прыгнятаюць, што далей няма куды", – сказаў ён.

Адказваючы на пытаньне пра фінансавую дапамогу Захаду Беларускаму Народнаму Фронту, якому, нібыта, перадаюць штогод 5 мільёнаў даляраў, Лукашэнка сказаў, што на апазыцыю траціцца "невымерна больш".

Закранаючы вайсковую сфэру, Лукашэнка заявіў, што сумесная беларуска-расейская групоўка будзе абараняць Расею ад Рыгі да Адэсы і кантраляваць, фактычна, усю тэрыторыю за акіянам.

Таксама паведамляецца пра падтрымку беларуска-расейскага саюзу шэрагам расейскіх палітыкаў – сьпікерам Дзярждумы Селязнёвым, кіраўніком Рады Фэдэрацыі Строевым, мэрам Масквы Лужковым, а таксама старшынём Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандрам Ткачэнкам.

Амбасадар ЗША ў Беларусі Даніэл Спэкхард заявіў сёньня, што стварэньне саюзнай дзяржавы можа негатыўна паўплываць на эканоміку Беларусі. Амбасадар падкрэсьліў, што расейскія падаткі і тарыфы на экспарт-імпарт непрымальныя да Беларусі.

Назваўшы Аляксандра Лукашэнку "моцным палітыкам", які шчыра спачувае свайму народу, палітыку кіраўніцтва Беларусі да апазыцыі амэрыканскі дыплямат назваў жахлівай.