Навіны 06 сьнежня 1999 г.

Юры Дракахруст, Менск

Сёньня прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Якушкін паведаміў, што хаўрусная дамова будзе падпісаная 8 сьнежня, пад час афіцыйнага візыту Лукашэнкі ў Маскву.

Заява прэсавага сакратара Ельцына паклала канец інтрызе, зьвязанай зь пераносам цырымоніі падпісаньня новае хаўруснае дамовы. У мінулую пятніцу прэм'ер Расеі Пуцін, выступаючы на апошнім паседжаньні Дзяржаўнай думы гэтага скліканьня, заявіў, што Ельцын гатовы падпісаць дамову, і што тэрмін падпісаньня будзе залежыць ад графіка міжнародных сустрэчаў прэзыдэнта Расеі.

Пасьля падпісаньня, як паведаміў Пуцін, будзе склікана пазачарговае паседжаньне Думы дзеля ратыфікацыі дамовы. Пуцін таксама назваў прыблізны тэрмін цырымоніі – да 15 сьнежня.

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Ельцына Ігар Шабдурасулаў прывёў крыху іншыя рамкі – ад 7 да 17 сьнежня. У адрозьненьне ад старшыні ўраду, Шабдурасулаў заўважыў, што ратыфікацыя дамовы менавіта гэтым складам Думы не зьяўляецца абавязковай.

Мяркуючы па ўсім, гэтыя гульні вакол падпісаньня вельмі нэрвавалі кіраўніка Беларусі. У нядзелю Лукашэнка паўтарыў, што беларускі бок гатовы падпісаць інтэграцыйны дакумэнт у любы момант. Ён прыгадаў, што расейскі бок увесь час спасылаўся на хваробу Ельцына, і дадаў: "Калі пройдуць нейкія міжнародныя захады з удзелам прэзыдэнта Расеі і да гэтага часу мы не падпішам дамову, нам будуць абсалютна незразумелыя такія дзеяньні. Дакладней, будуць цалкам зразумелыя, і мы зробім адпаведныя высновы".

Цяжка сказаць, наколькі Крэмль напалохаўся пагрозы беларускага партнэра. У панядзелак Ельцын выпісаўся са шпіталю й правёў міжнародную сустрэчу, пра якую казаў Лукашэнка – у Крамлі адбыліся перамовы прэзыдэнта Расеі з нанава абраным прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам. І ў гэты ж дзень прэсавы сакратар Ельцына абвесьціў, што беларуска-расейская дамова будзе падпісаная 8 сьнежня.

Так што цяпер Лукашэнку, з аднаго боку – трэба рабіць абяцаныя высновы, а з другога – рабіць іх ня варта. Менск палічыў за лепшае не ўчыняць новага скандалу: прэсавая служба Лукашэнкі падцьвердзіла паведамленьне сп. Якушкіна й дадала, што тэкст дакумэнта цалкам ўзгоднены.

Як сьцьвярджаюць дасьведчаныя крыніцы, канчатковая дамоўленасьць была дасягнутая сёньня, пад час тэлефонае размовы кіраўнікоў адміністрацыяў прэзыдэнтаў Міхала Мясьніковіча й Аляксандра Валошына.

Такім чынам, калі не адбудзецца новых нечаканасьцяў, у гэтую сераду дамова будзе падпісаная і Дзяржаўная дума пасьпее яе ратыфікаваць.

Застаецца пытаньне наконт прычынаў пераносу тэрміну цырымоніі. Самы празаічны адказ: адзіная прычына – хвароба Ельцына. Ёсьць, зразумела, і больш вытанчаныя вэрсіі. Магчыма, што напярэдадні 26 лістапада – першага тэрміну падпісаньня дамовы – у крамлёўскім атачэньні перамаглі адны сілы, якія лічаць, што дамову ці падпісваць зараз ня варта, ці такую – ня варта, ці навогул – ня варта. На працягу 10 дзён пад прыкрыцьцём, так бы мовіць, "хваробы" Ельцына йшла "бойка пад коўдраю" паміж гэтай групоўкаю і яе апанэнтамі. Зараз перамогу атрымала іншая групоўка.

Мае права на йснаваньне й псыхалягічная вэрсія. Напрыканцы верасьня, напярэдадні абмеркаваньня дамовы, Лукашэнка раптам назваў гэты дакумэнт "сьмяхоцьцем" і заявіў, што ў Беларусі абмеркаваньне праводзіцца ня будзе. Гульня зь пераносам тэрміну падпісаньня, з сустрэчаю спачатку з Кучмам, а ўжо потым з Лукашэнкам магла быць проста маленькай помстаю беларускаму лідэру за ягоныя паводзіны напярэдадні абмеркаваньня.

Як паведамляе агэнцыя "Interfax", сёньня пайшоў у адстаўку фактычны аўтар новае хаўруснае дамовы зь беларускага боку – памочнік кіраўніка дзяржавы Міхал Сазонаў.

Напачатку гэтага году ён быў адмыслова прызначаны займацца падрыхтоўкаю інтэграцыйнага дакумэнта. Хаця, хутчэй за ўсё, прычынаю адстаўкі сталі не інтэграцыйныя справы, а кансультацыі з апазыцыяй, якія Сазонаў вёў ад імя ўлады. Лукашэнка, верагодна, палічыў, што ягоны памочнік пайшоў на празьмерныя саступкі апазыцыі.